20 Ліпень, пятніца

Вы тут

Для патрэб сельскай гаспадаркі будуць выкарыстоўвацца дроны


Вучоныя краіны спрабуюць перавесці камбайны на работу за кошт электрычнасці. Такая неабходнасць з'явілася ў сувязі з хуткім уводам у строй беларускай АЭС. Акрамя таго, для патрэб сельскай гаспадаркі плануецца выкарыстоўваць беспілотнікі і дроны. Не менш цікавыя дасягненні і планы ў нашых вучоных у сферы селекцыі і жывёлагадоўлі. Усе гэтыя крокі павінны ўмацаваць харчовую бяспеку краіны ў найбліжэйшай будучыні.


Камбайны на электрычнасці і дроны на полі

Як расказаў вучоны сакратар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі Юрый САЛАПУРА, сёння вядуцца работы па электрыфікацыі рабочых органаў сельскагаспадарчых машын. Для аграрыяў гэта можа стаць перспектыўнай тэхналогіяй у сувязі з тым, што ў 2019 годзе плануецца ўвядзенне першага энергаблока АЭС. Перад навукоўцамі стаіць задача распрацаваць прынцыпы, якія дазволяць адысці ад гідраўлікі.

Паводле слоў Юрыя Салапуры, ужо ёсць станоўчыя вынікі. Аднак пакуль у навукова-практычным цэнтры вядзецца работа па электрыфікацыі невялікіх сельскагаспадарчых машын у сферы агародніцтва. Так, распрацаваны самаходны агрэгат для збору пладовых і ягадных культур. Што да буйных камбайнаў, у гэтым напрамку актыўна працуе «Гомсельмаш». Работы па электрыфікацыі машын, каб максімальна выключыць чалавечы фактар і перайсці на поўную аўтаматызацыю тэхналагічных працэсаў, вядуцца над сельгастэхнікай па нарыхтоўцы кармоў і ўборцы ўраджаю.

Акрамя электрыфікацыі машын, для патрэб сельскай гаспадаркі плануецца выкарыстоўваць беспілотнікі і дроны. Развіваецца і кірунак рабатызацыі. Даільныя робаты выкарыстоўваюцца сёння на многіх фермах краіны. «Цяпер мы працуем па рабатызацыі ў раслінаводстве», — рэзюмаваў навуковец.

Насенная бульба вяртае рынкі

Намеснік гендырэктара па навуковай рабоце Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Вадзім МАХАНЬКО расказаў, што беларуская насенная бульба вяртаецца на рынкі, якія былі да 1991 года. Бульба беларускіх сартоў паспяхова расце на палях ад Брэста да Сахаліна. Пры гэтым насенная бульба застаецца важным артыкулам беларускага экспарту ў Расію, Казахстан, Узбекістан, Грузію.

У Беларусі айчынныя сарты на працягу 30 гадоў займаюць каля 70 % пасадачных плошчаў. Самыя распаўсюджаныя з іх «Брыз» і «Скарб», не менш папулярнымі становяцца новыя сарты «Рагнеда», «Маніфест», «Лель».

Па словах Вадзіма Маханько, нягледзячы на тое, што мінулы сезон для многіх гаспадарак быў няпросты, у краіне ўраджайнасць бульбы ўпершыню наблізілася да паказчыка 300 ц/га. Але гэта не мяжа. Акрамя таго, ідзе паступовы пераход ад сартавой селекцыі да селекцыі гібрыдаў першага пакалення, якія маюць значна большую ўраджайнасць і лепш захоўваюцца.

Вырашаць праблему пагалоўя

Селекцыйна-генетычныя цэнтры ў сферах малочнай, мясной жывёлагадоўлі і свінагадоўлі будуць створаны ў Беларусі і Расіі па праграме Саюзнай дзяржавы. Намеснік генеральнага дырэктара па навуцы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Аляксандр БУДЗЕВІЧ адзначыў, што колькасці племяннога пагалоўя ў нашай краіне не хапае, таму ідзе работа над праграмай у рамках Саюзнай дзяржавы.

Праграма прадугледжвае таксама стварэнне інфармацыйна-аналітычнай базы агульных папуляцый жывёл, павышэнне дакладнасці ацэнкі жывёл шляхам выкарыстання ДНК-тэхналогій і біятэхналогій.

Работа над праграмай пачалася практычна два гады таму. Заказчыкамі выступаюць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Міністэрства сельскай гаспадаркі Расіі. Распрацоўшчыкі — Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па жывёлагадоўлі і Усерасійскі навукова-даследчы інстытут племянной справы.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Аграрны прагрэс

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Сустрэча з каралевай, пад нумарам адзін і правіла ды выключэнне.

Грамадства

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Турызм — гэта перш за ўсё матывацыя, жаданне наведаць краіну, убачыць яе адметнасці, адпачыць у пэўным месцы.

Эканоміка

Знакаміты ўраджэнец Гродна натхніў землякоў на стварэнне сямейнага бізнесу

Знакаміты ўраджэнец Гродна натхніў землякоў на стварэнне сямейнага бізнесу

Бязвіз зрабіў значны ўнёсак у развіццё абласнога цэнтра.