Вы тут

Хто вінаваты ў канфлікце кандуктаркі і школьніцы ў Гомелі?


Час ад часу адчуваю сябе сабакам са зграі прафесара Паўлава. Сліна выдзяляецца, першая сігнальная сістэма патрабуе кідаць усё, калі ежы яшчэ няма, але нехта пра яе ўжо зычна гаворыць. І самой прыходзіцца зарабляць харчаванне тэрміновай рэакцыяй на штосьці, што праляцела са свістам і грукатам у паветры. Прабачце, у інтэрнэце.


Вось чарговая сенсацыя. Адзін гамяльчанін з-пад крыса ў гарадскім аўтобусе зняў сварку паміж школьніцай і кантралёрам. І, адчуўшы сябе неверагодна смелым барацьбітом за справядлівасць, выклаў гэта тэлефоннае відэа ў супольнасці «Гэта Гомель, дзетка!».

І панеслася. Шматлікія каментарыі пра жорсткасць паводзінаў кандуктаркі, пра справядлівасць і, канешне, абагульненні наконт жудасных адносін паміж людзьмі.

Звычайная сварка, дарэчы, без нецэнзурнай лексікі і зневажання прыпыніла звычайную работу многіх, хто адказвае за рух транспарту ў Гомельскай вобласці. Затое сенсацыйнае відэа за дзень сабрала «лайкі» ў такой колькасці, што ўвесь наступны месяц яго аўтар можа выхваляцца перад суседзямі і сваякамі. 134 тысячы праглядаў за адзін толькі вечар! Пакуль нехта з аналагічным супер-сюжэтам не пераб'е яго славу, заваяваную цяжкай працай.

Між тым, калі эмоцыі закінуць на гарышча і паглядзець тое самае відэа спакойна, можа здацца, што каментатары пішуць зусім не пра тое, што бачаць сваімі вачыма. Ці ўвогуле не бачаць, але пішуць, бо абавязкова ж быць у зграі.

Самае большае, на што можа прэтэндаваць аўтобусны канфлікт, дык на загаловак «як бабкі на базары». Дзяжурная лаянка паміж пасажырамі і жанчынай у форме кандуктара. Дарэчы, зафіксаванае цягнецца роўна паўтары хвіліны. Затым кандуктар ідзе далей выконваць сваю работу.

Падаецца ж усё вось так: «Кандуктар папрасіла ў школьніцы аплату праезду. Тая прад'явіла ёй даведку. У выніку кандуктар проста ў аўтобусе правяла экспертызу і заявіла, што даведка пратэрмінаваная, зыходзячы з таго, што на даведцы лічба 2018 вельмі падобная на 2016. А яшчэ ў дзяўчынкі на фота касічкі, а ў гэтай школьніцы валасы распушчаны. Дзяўчынка аплаціла праезд без якіх-небудзь пытанняў, пасля чаго кандуктар вырвала з рук дзяўчынкі даведку. Калі за дзяўчынку пачалі ўступацца ўсе пасажыры, кандуктар пачала крычаць на школьніцу. У выніку дзяўчынка ў слязах, кандуктар пад ціскам пасажыраў адарвала фатаграфію і аддала яе дзяўчынцы. Ці правамерныя ўсе гэтыя дзеянні на ваш погляд? На якой падставе кандуктар выкрала даведку, сапсавала яе і накрычала на дзіця?»

Старшы выкладчык кафедры філасофіі, гісторыі, паліталогіі БелДУТа, псіхолаг Таццяна Сасноўская адзначае, што цяпер у сеціве вельмі многа відэасюжэтаў, калі людзі здымаюць нейкія няправільныя з іх пункту гледжання паводзіны іншых:

— Між тым, калі чалавек здымае, ён ужо з'яўляецца ўдзельнікам гэтай падзеі. Сёння ж усе баязліва робяць здымкі здалёк і з-пад крыса, выкладаюць у сеціва і пацяшаюцца з канфлікту. Калі мы бачым, што нехта некага зневажае, лаецца ці нават б'е, мы не спрабуем самі змяніць сітуацыю дзеяннем — мы пачынаем яе здымаць. Падаём свой удзел быццам грамадзянскую пазіцыю, але насамрэч гэта пазіцыя — «мая хата з краю, я нічога не ведаю». Гэта танная папулярнасць, а не сапраўдная грамадзянская пазіцыя. Кандуктар выконвала свае абавязкі. Іншая справа, што зрабіла гэта не зусім у карэктнай форме. Людзі ў аўтобусе і каментатары хацелі б, каб да школьніцы аднесліся нефармальна, а не па законе. Але ж з самога кандуктара будуць пытаць фармальна. Калі б яна не праверыла даведку — яе б пакаралі. Патрабаванні ў нас адны, а жаданні — іншыя. Такая двайная мараль атрымліваецца: мы самі не хочам выконваць закон, але патрабуем, каб з намі паступалі па законе. Заўважце, кантралёр дзяўчынку не высаджвала з транспарту. Школьніца сама аддала 50 капеек за праезд і канфлікт мог быць вычарпаны на гэтым.

Між тым на прадпрыемстве ААТ «Гомельаблаўтатранс» да разбору палётаў па роліку ў інтэрнэце падышлі грунтоўна. Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і кадрах Алег Цылько гаворыць, што сітуацыю паглядзелі не толькі на скандальным відэа:

— Высветлілася, што даведка, якую прад'явіла ў аўтобусе школьніца, сапраўды была падробленая. У паперы 2016 год выпраўлены на 2017. Лічба «6» — на «7». Кандуктар, якая дагэтуль не мела ніякіх нараканняў па рабоце, нічога ў гэтым выпадку не парушыла. Яна выконвала свае службовыя абавязкі. Між тым у выпадку, калі супрацоўнік бачыць, што прад'яўлены дакумент выклікае сумненні, ён можа забраць гэты дакумент. Да таго ж, у адпаведнасці з адміністрацыйным кодэксам, за падробку дакумента дзяўчынку ці яе бацькоў маглі б прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці і даць штраф да 10 базавых велічынь. Кіраўніцтва аўтапарка звязалася са школай, з дзяўчынкай пагутарылі. Яна сказала: ведала, што даведка падробленая. Прэтэнзій у яе да кандуктара няма. І ўсё ж з кандуктарам мы правялі гутарку. Яна адзначыла, што эмоцыі ў той момант узялі верх і цяпер яна асэнсавала сітуацыю. Разглядаецца пытанне пра прыцягненне кандуктара да адказнасці за нетактоўныя паводзіны.

Дарэчы, калі зусім дакладна выконваць усе правілы, растлумачылі ў «Гомельаблаўтатрансе», у гэтай сітуацыі трэба было б выклікаць міліцыю. Згодна з інструкцыяй, кантралёр павінна была прасіць кіроўцу аўтобуса заблакаваць усе дзверы, калі транспарт пад'ехаў да прыпынку. Усе яго пасажыры заставаліся б у машыне, пакуль не прыехалі б праваахоўнікі для разбору з непаўналетняй школьніцай. Таму, калі наступным разам вы спозніцеся на работу з-за грамадзяніна з падробленай паперай, не здзіўляйцеся. Закон для ўсіх адзіны.

Увогуле ж, з любога дробнага канфлікту можна зрабіць сенсацыйную навіну. Калі ёсць пэўны намер. Але ж з пункту гледжання будаўніцтва стабільнага прававога грамадства такія выпадкі накіраваны выключна на яго разбурэнне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Як сабака ў зграі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.