Вы тут

Адбылася прэм'ера пастаноўкі «Чацвёртая планета»


Расійскі тэатральны і кінарэжысёр Дзмітрый Астрахан не ўпершыню супрацоўнічае з нашым Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Горкага — гэтым разам ён даў жыццё міжгалактычнай і надзвычай сентыментальнай пастаноўцы «Чацвёртая планета», якая паўтарае сюжэт аднаго з яго першых фільмаў 1995 года. На сцэне ўвасобіліся савецка-амерыканскае супрацоўніцтва, смелыя мары пра засваенне космасу і паўсюль актуальныя лірызм і драматызм. Праўда, маскоўскі дворык і «рускі», «рускі», «рускі» ў вуснах персанажаў правакуюць пытанне, чаму мы глядзім гэты спектакль у беларускім тэатры. Так ці інакш прэм'ера адбылася 11 і 12 красавіка — і гледачы абдаліся моцным патокам сантыментаў, наіўнасці і саладжавасці.


Два рускія і адзін амерыканец высаджваюцца на Марсе, але аказваюцца ў маскоўскім дворыку, дзе капітан касмічнага карабля Сяргей Бяляеў вырас. Тут усё як дваццаць гадоў таму, менавіта ў дзень, калі ў вечаровых прыцемках незнаёмы забіў нажом дзевятнаццацігадовую Таццяну, у якую галоўны герой быў без адказу закаханы. Тры касманаўты, якія быццам прыляцелі на Марс, аказаліся на Зямлі, змаглі дыхаць паветрам і размаўляць са сваімі знаёмымі. Да доктара прыехала маці, да амерыканца — тэлебачанне і сябар дзяцінства, таму ўсе трое разам з разгубленасцю аддаліся звычайным чалавечым пачуццям і шчасцю знаходжання ў соцыуме.

Задумка аказалася простай: касманаўты на Марсе трапілі ў мінулае, каб галоўны герой выправіў балючы для сябе эпізод і выратаваў Таццяну. Здаецца, з усіх дапушчэнняў, фантазій і мар, звязаных з вандраваннем у космасе, ідэя, у якой марсіяне аказваюць псіхалагічную дапамогу зямляніну і ствараюць для яго аднаго цэлае мінулае (а сумятня, якая часам адбываецца на сцэне, падаецца складанай для ўвасаблення, хоць у марсіян, напэўна, звышздольнасці), самая бесталковая.

Можна выдзеліць толькі адзін варты момант спектакля, звязаны з такім сюжэтам: у самым пачатку тры галоўныя героі ў скафандрах і поўнай экіпіроўцы, у цемнаце і клубах дыму ідуць па Марсе і робяць замеры на прыборах. У галаве ўзнікаюць гучныя словы — гістарычная падзея, чалавек у космасе, міжгалактычная вандроўка, далёкія планеты, нязведаныя формы жыцця. І тут нечакана да касманаўтаў падыходзіць тыповы алкаш у «класічным» зямным адзенні, з савецкай авоськай, і пытаецца: «Хто апошні па піва?» Уласна гэты момант з яго сумнай неадпаведнасцю мар не вельмі прывабным рэальным карцінам вычарпаў здольнасці спектакля якасна ўразіць.

Бо ў цэлым пастаноўка «Чацвёртая планета» абмяжоўваецца сваёй «цікавай» задумкай — Зямлі на Марсе, і аддае яе на пагібель сентыментальнай драме. Капітан карабля — ён тут па азначэнні і самы высокі (іграе Руслан Чарнецкі) — сустракае сваю каханую Таццяну, але гэтым разам адчувае яе ўзаемныя пачуцці. Нездарма, напэўна, галоўныя героі касманаўты, бо з імі, канешне, важнасць юнацкіх пачуццяў падкрэсліваецца больш тлустай лініяй. Праз чалавека, што аказаўся ў космасе, даляцеў да Марса, зрабіў важныя для чалавецтва адкрыцці, а ў выніку з болем успамінае, як у школе запрасіў дзяўчыну на танец, а потым быў збіты яе хлопцам.

Пасыл зразумелы: на Зямлі ты ці на Марсе, звычайны домакіраўнік альбо касманаўт, юнак альбо сталы чалавек, прыватнае для цябе ўсё роўна будзе даражэйшым за агульначалавечае. І кірунку самога пасылу ў выпадку з «Чацвёртай планетай» адпавядае сентыментальнасць спосабу яго перадачы. Пастаноўка літаральна складаецца з невыносна наіўных, нязграбных, штучных сцэн, звязаных з Сяргеем і Таццянай. Глядзець іх, пакуль ад няёмкасці сціскаецца сэрца, даволі складана.

Як і зразумець апраўданасць такога вялікага месца, адведзенага яшчэ аднаму персанажу — маскоўскаму дворыку з яго праявамі, героямі, дэталямі і асобнымі гісторыямі, што разварочваюцца на вачах гледача. У жыхароў дворыка ёсць свая тэорыя пра вяртанне касманаўтаў у мінулае з адсылкай да эйнштэйнаўскай формулы, таму яны лёгка дапускаюць ганаровых гасцей у сваё жыццё. Ці трэба казаць, што Сяргей Бяляеў сваім аўтарытэтам зможа паўплываць на вырашэнне жыццёвых калізій былых суседзяў і літаральна змяніць мінулае. Толькі дэталёвасць і разнастайнасць сюжэтаў з іх перыядычным гучным хаосам стамляюць і пакідаюць неразуменне, дзеля чаго гэта і навошта. Пэўны вобраз часу тут сапраўды ёсць — прадаўшчыца смятаны, якая разбаўляе свой тавар, алкагалізм, погляды і іншыя дробязі, якія ўвасабляюцца ў сціслых вобразах, але жыццё двара ў гэты час расцягваецца на лішнія і лішнія эпізоды.

Чаму і мэтазгоднасць перанясення сюжэта ў тыя часы ў спектаклі 2018 года аказваецца незразумелай — усё роўна тут адбываюцца ўніверсальныя гісторыі, рамантычныя канцоўкі і сентыментальныя сцэны. Тады дзеля чаго? Каб прытрымлівацца прапісанага сцэнарыя ці з-за настальгіі?

Акрамя гэтага сюжэт пастаноўкі стварае, напэўна, для аўтараў нечаканы ці непрадугледжаны зазор — калі разумееш, што ўнутры спектакля асяроддзе было створана марсіянамі, узнікае пытанне, наколькі яго праўдзівасці можна давяраць. Карэляцыі паміж аўтарскай фантазіяй і самой фантазіяй ствараюць дадатковыя сэнсы, таму як бы рэжысёр ні хацеў паказаць Зямлю на Марсе, яна ўсё роўна рассыпаецца з-за надзвычай ненадзейнай пад ёй асновы. А авоська, пры ўсёй яе арганічнасці для тых, хто хоча вярнуцца на сорак гадоў назад, застаецца толькі элементам антуражу. Ці Дзмітрый Астрахан, ці марсіяне на антуражы і спыніліся.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Жыццё на чацвёртай планеце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.