Вы тут

Выстава «Маладзік і поўня» працуе ў Акадэміі мастацтваў


Кажам «графіка», а маем на ўвазе афорт, манатыпію, ксілаграфію, гравюру на лінолеуме, літаграфію ці малюнак. З году ў год на студэнцкіх выстаўках маладых графікаў у нас ёсць магчымасць ацаніць узровень творцаў і зразумець патэнцыял айчыннай графікі. А сёлета канцэпцыя крыху змянілася: у выставачнай зале «Kodex» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на выстаўцы «Маладзік і поўня» прадстаўлены творы не толькі студэнтаў, але таксама выкладчыкаў і выпускнікоў кафедры графікі.


У выставачнай прасторы глядач адразу бачыць творы вядучых беларускіх графікаў Паўла Татарнікава і Уладзіміра Вішнеўскага. Экспазіцыя ўвогуле дазваляе пазнаёміцца з разнастайнасцю графічных тэхнік праз работы беларускіх мастакоў розных пакаленняў.

— Некалькі гадоў запар мы рабілі выстаўкі студэнтаў, а сёлета вырашылі прапанаваць паўдзельнічаць і выкладчыкам, каб можна было ўявіць, як адбываецца развіццё і захоўваецца творчая спадчына кафедры, — расказвае Юрый Хілько, загадчык кафедры графікі Беларускай акадэміі мастацтваў. — У нас працуюць выкладчыкі 1940-х, 1950-х, 1960-х, 1970-х і 1990-х гадоў нараджэння, таму ў студэнтаў ёсць магчымасць пераймаць майстэрства вядучых графікаў краіны розных пакаленняў.

Выстаўка «Маладзік і поўня» паказвае, як удала творы розных мастакоў могуць суіснаваць у адной прасторы, і падкрэслівае, што творцы падтрымліваюць адзін аднаго. Асаблівасцю айчыннай графікі можна назваць здольнасць хутка адгукацца на актуальныя падзеі. Аўтары эксперыментуюць з тэхнікамі, спрабуюць здзівіць новымі вынаходнікамі. З'яўляюцца новыя імёны, якія з поспехам пачынаюць прафесійны шлях, і яны ўсё часцей гучаць у рэспубліканскіх выставачных праектах.

— Гісторыя мастацтва паказвае, што насамрэч усе стылі, прыёмы, кірункі прыдуманыя даўно. Вядома, сёння шмат што трансфармуецца, але ж аснова застаецца тая ж. Мы не абмяжоўваем у стылістычных пошуках ні аднаго студэнта і заўсёды рады, калі яны шукаюць сябе. Калі бачым адметнасць, падтрымліваем яе, — адзначае Юрый Хілько. — Але ёсць праблема запатрабаванасці: маладым даводзіцца самім шукаць сабе месца работы, а гэта не так лёгка. Час для мастакоў цяпер няпросты. Але ж на тое мы і выкладчыкі, каб падказаць і падтрымаць. Многія нашы студэнты размяркоўваюцца ў мастацкія школы: дыплом дае такую магчымасць. Некаторыя прыходзяць працаваць у акадэмію, некаторыя — у выдавецтвы. Аднак цікавасць да нашай спецыяльнасці не губляецца. Сёлета на кансультацыю прыехалі пятнаццаць чалавек, якія збіраюцца паступаць, а мы прымаем усяго шэсць...

Самі ж маладыя творцы ўпэўнены, што нічога не атрымаецца без шчырасці. Кажуць, што графіка — гэта асаблівы стан душы, лад жыцця. Адзначаюць, што пастаянны пошук сябе і аб'ектыўнай ісціны змушае мастака рухаць сусветам.

— За кожным заданнем, якое я атрымліваў падчас навучання, было нейкае адкрыццё, — расказвае аспірант Беларускай акадэміі мастацтваў Фёдар Шурмялёў. — У кафедры графікі вельмі добра сфарміраваная праграма. Нас вучылі па-рознаму падыходзіць да рэалізацыі задач, вучылі ўдзяляць увагу дэталям. Графіку трэба сапраўды любіць, толькі тады работы будуць запатрабаваныя — абыякавае стаўленне недапушчальнае.

На адкрыцці выстаўкі мастакі-графікі, размаўляючы адзін з адным, падкрэслівалі, што кафедра графікі перажыла розныя перыяды, але атмасфера сяброўства і абмену досведам дапамагала не згубіць такую каштоўнасць, як адпаведнае стаўленне да справы.

Сёння кафедра супрацоўнічае з рознымі еўрапейскімі гарадамі. Выкладчыкі і студэнты выязджаюць за мяжу, прадстаўляюць свае творы, а разам з імі — і краіну. Едуць вучыцца графіцы і да нас, напрыклад з Польшчы. Выстаўка «Маладзік і поўня» паказала, што кафедра графікі Беларускай акадэміі мастацтваў — гэта добра зладжаны механізм, які трымаецца на адданай працы творцаў і павазе адзін да аднаго.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Дэталізацыя сэнсаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.