Вы тут

«Яраслаўская вобласць — важны гандлёвы партнёр Беларусі»


Рэгіёны Расіі — традыцыйныя гандлёвыя партнёры Беларусі. Толькі з Яраслаўскай вобласцю тавараабарот нашай краіны склаў летась 356,3 мільёна долараў, павялічыўшыся больш чым у два разы з 2015-га. Але і на гэтым не трэба спыняцца. Такая думка была выказана падчас учарашняй сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і губернатара гэтага суб'екта Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Міронава.


З Яраслаўскай вобласцю Беларусь родніць агульная гісторыя. У часы, калі беларусы ратаваліся ад бедстваў Першай сусветнай вайны і пераязджалі на іншыя зямлі, адным з такіх куткоў стаў Яраслаўль. Менавіта там выдатны беларускі паэт Максім Багдановіч аказаўся разам са сваёй сям'ёй і большую частку творчага жыцця правёў у гэтым расійскім горадзе. А ў пасёлку Някрасаўскім сёлета адкрылі спартыўны комплекс у памяць аб загінулых гульцах і персанале хакейнага клуба «Лакаматыў». Сярод іх былі і беларусы, у тым ліку вядомы хакеіст Руслан Салей.

«Ваш рэгіён шмат у чым падобны з Беларуссю па структуры эканомікі. Ён заўжды быў важным гандлёвым партнёрам. Беларускія прадпрыемствы машынабудавання развіваюць дзелавыя кантакты з вытворцамі яраслаўскіх рухавікоў. У нас створаны тэхналагічныя ланцужкі ў станкабудаванні, нафтахіміі і іншых галінах», — кажа Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што нашы эканомікі не столькі канкурыруюць паміж сабой, колькі гарманічна дапаўняюць адна адну. Таму вытворчая кааперацыя прадпрыемстваў выгадная абодвум бакам.

У хуткім часе ў Яраслаўскай вобласці плануецца перавесці пасажырскі аўтапарк на выкарыстанне газаматорнага паліва. Беларусь можа не толькі падзяліцца такім вопытам, але і стварэннем канкрэтных вытворчасцяў у гэтай галіне. Летась мадэрнізаваныя беларускім бокам машыны паступілі ў Маскву і Самару, заказы працягваюць паступаць і зараз. Да іх можа далучыцца і яраслаўскі бок, прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь гатова арганізоўваць пастаўкі грузавой, дарожнай, пасажырскай, камунальнай, будаўнічай тэхнікі, ствараць сумесныя вытворчасці ў гэтых сферах, удзельнічаць у інфраструктурных праектах і дзяржаўных праграмах. І таксама гатова супрацоўнічаць у сферы сельскай гаспадаркі: расійскаму боку могуць быць цікавыя распрацоўкі ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, перапрацоўцы. У Яраслаўскай вобласці збіраюцца стварыць сырны кластар. І тут вопыт Беларусі можа быць да месца.

У сваю чаргу губернатар згадаў, што шмат у савецкі час яраслаўцаў удзельнічала ў будаўніцтве Мінскага аўтамабільнага завода. Зараз актыўна двухбаковыя кантакты развіваюцца і ў вышэйшай адукацыі, культуры. Па словах Дзмітрыя Міронава, беларуска-яраслаўскі тавараабарот летась вырас амаль у паўтара раза. Але гэтага мала, лічыць кіраўнік суб'екта Расійскай Федэрацыі, нашы сувязі ва ўсіх сферах могуць быць больш цеснымі. «Эканамічны патэнцыял Яраслаўскай вобласці пастаянна расце. Яраслаўскія прадпрыемствы гатовы ўдзельнічаць у мадэрнізацыі энергетычных сістэм Рэспублікі Беларусь, таксама супрацоўнічаць у вобласці машына-, дызелебудавання, пастаўляць дызельнае, энергетычнае абсталяванне», — прапанаваў ён.

Вераніка ПУСТАВІТ

* * *

У той жа дзень з Дзмітрыем Міронавым сустрэўся прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Кіраўнік беларускага ўрада заявіў, што Беларусь зацікаўленая ў пашырэнні прамысловай кааперацыі з расійскім рэгіёнам.

«Кааперацыйнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Яраслаўскай вобласцю можа быць значна больш глыбокім і шырэйшым», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Сёння 70 % рухавікоў у тэхніцы Мінскага аўтамабільнага завода — яраслаўскай вытворчасці. Запатрабаваныя яны і на «Гомсельмашы».

Прэм'ер-міністр прапанаваў пашырыць гэты кірунак і выказаў пажаданне зрабіць яраслаўскія рухавікі больш канкурэнтаздольнымі. Яшчэ адной сферай для пашырэння супрацоўніцтва было названа станкабудаванне. Беларусь гатова прапанаваць Яраслаўскай вобласці шырокі спектр гарадской пасажырскай тэхнікі: аўтобусы, тралейбусы, трамваі, электробусы.

Паводле Белта

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Зацікаўленасць — узаемная

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.