24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Выбіраем насенне


Насенне не ўзышло? У вас вырасла не тая культура, якую хацелі? А можа, вы не атрымалі таго ўраджаю, на які разлічвалі? Даволі часта з усімі гэтымі праблемамі мы сутыкаемся зусім не таму, што агароднікі з нас дрэнныя — нас проста падвяло насенне.


І адна з першых парад, якую чытачам «Звязды» далі ў Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін — не набываць насенне «з рук», на стыхійных кірмашах, у прадаўцоў, што стаяць каля абочын дарог. Мала таго, што тут вы рызыкуеце набыць штосьці няякаснае, разам з такім матэрыялам можна занесці хваробы і шкоднікаў.

Не варта набываць насенне праз інтэрнэт, па пошце. Наўрад ці ў віртуальнага прадаўца вы зможаце азнаёміцца з дакументамі на пакупку. І дзе гарантыя, што вам дашлюць менавіта тую культуру, прывабны малюнак якой так вас зацікавіў на экране камп'ютара ці ў яскравым буклеце? Наогул, у фоташопе сёння можна стварыць любую выяву, напрыклад прыдаць кветкам такі колер, якога не існуе. Калі ж вы атрымаеце дрэнны тавар, часам выказаць прэтэнзіі немагчыма, бо віртуальныя прадаўцы часта не ўказваюць свой юрыдычны адрас, а пазначаюць толькі абаненцкую скрыню.

Каб збыць свой тавар, гандляры часам ідуць на розныя хітрыкі. Напрыклад, пішуць на этыкетках назвы запатрабаваных сартоў. Часам яны атрымліваюць сортасумесь, а пасля расфасоўваюць тавар па больш дробных упакоўках і пазначаюць пэўныя назвы сартоў. Асабліва часта такую хітрасць выкарыстоўваюць гандляры кветкамі. Калі ў вас выраслі, напрыклад, цюльпаны не таго колеру, на які вы разлічвалі, даказаць, што вас падманулі ў пэўнай краме, не атрымаецца. Хоць некаторыя вытворцы запэўніваюць: калі нешта не так з пасадачным матэрыялам, яны гатовы замяніць яго. Але хутчэй за ўсё так робяць толькі буйныя «гульцы», якія даражаць рэпутацыяй. А дробныя прадаўцы ці «перакупы» наўрад ці пойдуць вам насустрач... Але выявіць такія парушэнні можна, калі запатрабаваць у прадаўцоў дакументы перад пакупкай тавару.

Зразумела, сутыкнуцца з падобнымі праблемамі можна ў любой гандлёвай кропцы, але, майце на ўвазе, у буйных цэнтрах, якія прапануюць насенне, пастаянна праводзіцца маніторынг.

— Мы займаемся пытаннямі кантролю якасці насення, якое вырабляецца ў нашай краіне і паступае сюды з-за мяжы; удзельнічаем у распрацоўцы нарматыўна-прававых дакументаў, якія рэгулююць пытанні насенняводства, — расказвае Валяр'ян Сарсанія, начальнік дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве. — У кожнай вобласці, раёне ёсць падведамасныя арганізацыі, якія займаюцца вызначэннем пасяўных і сартавых якасцяў. Яны аснашчаны лабараторным абсталяваннем і па выніках даследаванняў выдаюць дакументы, што пацвярджаюць якасць насення.

— Пакупнікі павінны быць больш уважлівымі, яны маюць права папрасіць дакументы на такі тавар! Калі ж прадавец пачынае выкручвацца, гаварыць, што забыў паперы, не можа іх знайсці, ці шукае нейкія адгаворкі, гэта падстава ўсумніцца ў тым, што насенне якаснае. Між іншым, з праблемамі, звязанымі з якасцю насення, адсутнасцю дакументаў на яго, можна звяртацца ў тэрытарыяльныя інспекцыі (пажадана запыт рабіць у пісьмовай форме). Таксама парушэннем з'яўляецца рэалізацыя нераянаваных сартоў. Так, апошнім часам усё больш скаргаў паступае ад садаводаў, якія набываюць малдаўскія саджанцы. Паўднёвыя сарты пладовых больш цеплалюбныя, пад нашы кліматычныя ўмовы яны могуць не падысці і вымерзнуць. Акрамя таго, разам з саджанцамі ёсць вялікая рызыка занесці хваробы, у тым ліку каранцінныя. Не трэба маўчаць, калі вы бачыце, што рэалізуецца «праблемны» тавар. Можна ўзяць частку хворай расліны, злавіць шкоднікаў і звярнуцца ў дзяржаўную раённую інспекцыю па насенняводстве, каранціне і абароне раслін. Магчыма, такім чынам вы папярэдзіце сур'ёзныя праблемы не толькі на сваім участку.

Руплівым гаспадарам трэба ведаць, што перш, чым набываць насенне, варта паглядзець, ці ёсць пэўная культура ў дзяржрэестры. Часам прадавец, каб завабіць спажыўца, можа напісаць на пакеціку экзатычную назву. Альбо пад рознымі назвамі прадаваць насенне аднаго і таго ж сорту.

Акрамя таго, у дзяржрэестры пазначана, у якіх рэгіёнах найлепш вырошчваць пэўныя сарты.

— Калі сарты ўключаны ў рэестр, гэта азначае, што яны прайшлі дзяржаўнае выпрабоўванне і паказалі сябе на ўзроўні стандарту альбо яго перавысілі, — заўважае начальнік аддзела па інспектаванні насенняводства Андрэй Пячкоўскі. — Інфармацыю пра сарты, якія ёсць у дзяржрэестры, можна атрымаць на сайце Дзяржінспекцыі па выпрабоўванні і ахове сартоў раслін sоrttеst.bу. Таксама тут можна паглядзець, да якой групы адносіцца пэўны сорт — рання- (сярэдня-, позна-) спелай. Наогул гаспадарам найперш трэба азнаёміцца з пэўнай літаратурай, паглядзець, што ёсць у продажы, вызначыцца з тым, што яны хочуць атрымаць, і толькі пасля набываць насенне. Важна ўлічваць і тое, што розныя сарты патрабуюць пэўных умоў, тэхналогій.

— Нават у тым, што насенне не ўзышло, таксама можа быць вінаваты сам агароднік?

— Сапраўды, розныя фактары могуць уплываць на ўсходжасць насення (напрыклад, прыродна-кліматычныя). Шмат залежыць ад агратэхнікі. Важна і тое, як захоўвалася насенне.

— Атрымліваецца, лепш не набываць насенне ў запас?

— Калі насенне апрацавана хімічнымі прэпаратамі, праз пэўны час такія прэпараты могуць уплываць на яго, усходжасць зменшыцца.

Часам вытворцы хітраць, указваюць, напрыклад, што тэрмін прыдатнасці насення да 2020 года. Але па законе дакумент, які гарантуе якасць насення, не можа выдавацца на 3-4 гады. Так, на агародныя культуры тэрмін дзеяння пасведчання 8 месяцаў! На пладовыя культуры ўсталяваны два тэрміны (таму што людзі набываюць саджанцы вясной і восенню), дакумент выдаецца на паўгода. Гэта зроблена, каб засцерагчы ад небяспекі пакупніка, раптам прадавец выкапаў саджанцы, у пэўны сезон не прадаў іх, а пакуль ён стаяў на кірмашы, карані раслін маглі пашкодзіцца, падсохнуць. Таму прадавец павінен прайсці паўторныя праверкі, каб выставіць тавар на продаж.

— На якую інфармацыю на пакеціку насення трэба яшчэ звярнуць увагу?

— Ёсць пэўныя патрабаванні, якія прад'яўляюцца да маркіроўкі насення. Так, павінны быць указаны культура, сорт, найменне прадаўца. На сумесі насення распісваецца, з чаго яна складаецца ў працэнтных суадносінах. Асабліва гэта датычыцца газонных траў. Таксама павінен быць указаны дакумент, які пацвярджае якасць. Часам на пакеціках пішуць, што насенне праверана Галоўнай інспекцыяй, але насамрэч такая спасылка — маркетынгавы ход, бо такія аналізы праводзяць толькі абласныя і раённыя інспекцыі. Калі насенне пратраўленае, на ім трэба пазначыць, які хімічны прэпарат пры гэтым выкарыстоўваўся. А вось жорсткіх патрабаванняў, што на пакеціках павінна змяшчацца інфармацыя пра тое, ці раянаваны сорт, няма. Але часам самі вытворцы наносяць такі надпіс.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Што пасееш, тое і пажнеш?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.