24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Як было, так і будзе?

Гэтую гісторыю любіў расказваць мой свёкар. У шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя па камсамольскай пуцёўцы ён ездзіў падымаць цаліну. Ездзіў, вядома ж, не адзін — разам з землякамі, а той раз — нават з блізкім сябрам. У Кузьмы быў білет у суседні плацкартны вагон. Зайшоў ён туды, свае рэчы пакінуў, а сам — у тамбур, бо дужа пакурыць хацелася...

Адвёў душу, потым словам-другім перакінуўся з правадніцай. А калі вярнуўся, то ўбачыў, што чамадана яго на месцы няма — укралі. «Што ж рабіць?» — задумаўся хлопец і вырашыў пайсці... пашукаць.

— Э-э, людзі, — галёкаў у кожным вагоне, — дабром вас прашу: аддайце чамадан, а то будзе, як тады...

З гэткай вось нечаканай пагрозай Кузьма ўвесь цягнік абышоў, бо разумеў, што прыпынкаў яшчэ не было, ніхто не выходзіў, значыць, злодзей ці зладзеі недзе тут і словы ягоныя чуюць...

Так яно і выйшла — чулі.

А перад тым яшчэ і паглядзелі, што нічога каштоўнага ў чамадане няма (так, пара адзежак, шмат сала ды кіло агуркоў). Не шкада і аддаць.

Карацей, прынеслі яму чамадан.

Кузьма нават не раззлаваўся (падлеткі, які ў іх розум?), пальцам пагразіў ды перасцярог, каб дурнога больш не рабілі, бо грэх.

Хлопцы, як здавалася, з ім згадзіліся, але сыходзіць не спяшаліся: пераступалі з нагі на нагу — быццам хацелі нешта спытаць. І меншы такі асмеліўся:

— Дзядзька, а што раней з чамаданам было? — пацікавіўся ён. — Ну, тады...

— Тады? — перапытаў Кузьма цяжанька ўздыхнуўшы. — Тады, брат, укралі і не аддалі.

Таццяна Халопіца, в. Затур'я, Нясвіжскі раён


«Няўдалае» паляванне

Некалі мы з сябрамі Раманам ды Міхасём былі заўзятымі паляўнічымі. На каго толькі не хадзілі!.. Але ж найперш — на птушку: з нецярпеннем чакалі адкрыцця сезона. Ды што там — нават святкавалі гэту падзею, бо да нас тады ўся краіна з'язджалася: паляўнічыя з Мінска, Гомеля, Салігорска...

І мы, вядома ж, не адставалі: загадзя чысцілі зброю, рыхтавалі «боепрыпасы» і ўсё патрэбнае, каб не прамарудзіць тады, прыехаць першымі.

Дык вось: адкрываецца паляванне на качак — і якраз у суботу.

Мы надумалі, што паедзем у пятніцу, напярэдадні: прызначылі час і месца збору, выйшлі з кватэры. Стаім з Міхасём (яго жонка праводзіць), чакаем Рамана.

— І дзе яго ліха носіць? — пытаю ў сябра. А потым падміргваю і ціха (каб чуў толькі ён ды, мо, жонка яго) дадаю:

— Сёння ж нам трэба раней. Дзеўкі з Салігорска ўжо там, відаць. І чакаюць...

Прычакалі і мы: з'явіўся Раман. Міхась адвітаўся з жонкай — паехалі.

Далей усё па плане было: вогнішча, вечар, вячэра, шчырыя размовы, гадзіна-другая на сон. І вось ён — доўгачаканы ранішні золак!

...Паляванне, трэба сказаць, было досыць удалае: бліжэй да абеду з багатымі трафеямі мы вярталіся дамоў.

А там жа свае традыцыі: трэба адразу наварыць шулюму (наварыстай юшкі з качак), сабраць за сталом сямейнікаў ды суседзяў, расказаць пра ўражанні.

— Многа сёлета качак, — хваліўся тады Раман, старанна «махаючы» лыжкай. — Ды і паляўнічых таксама... Шкада толькі, што з дзеўкамі асечка выйшла: не было іх — ні з Гомеля, ні з Салігорска.

Ды і не чакалася: пажартаваў я. Але ж — як расказала потым мая жонка — Міхасёва — месца сабе не знаходзіла! Увесь вечар, бедная, перажывала — падбівала з'ездзіць да паляўнічых (тут жа недалёка, маўляў...), хоць вочкам адным ды глянуць, як яны — няўжо і сапраўды з дзеўкамі?

...Падобна, што ёй лягчэй было б матнуцца ды праверыць, чым з такімі думкамі ўсю ноч не спаць.

Васіль Пяшэвіч, в. Юркевічы, Жыткавіцкі раён


Хто пытае, той не блудзіць

...Гэта вёсачка, абязлюдзеўшы, зарасла б хмызняком, страціла б сваё аблічча, але ж ліпіць пакуль жменька жыхароў. У тым ліку — бабка Гануся. З ранняй вясны яна корпаецца ў сваім гародчыку, нешта вырошчвае, астатняе купляе ў аўталаўцы. Прыходзіць яна раз на тыдзень аж да самай хаты: прывозіць правіянт і для людзей, і для ката, і для курак. Апошніх, праўда, пасля налётаў каршуна ў вёсцы мала засталося...

Любіць драпежнік і Ганусіну сядзібу. Хоць яго візіты яшчэ палова бяды. Магла б «адбыцца» і цэлая, калі б...

Неяк праз гэтую вёску праязджалі работнікі міліцыі. І мусіць, плана ў іх не было: запыніліся, сталі самагонныя апараты шукаць. Ды дзе — на сядзібах бабуль!

— Кіньце, людцы мае! — прасіла Гануся. — Самагонку гнаць, то не хлеб кусаць — работа, вельмі нялёгкая... За яе і ў маладосці не ўсякі браўся, а ўжо цяпер, у старасці...

Яна гаворыць так, а прыезджыя, што называецца, вухам не вядуць: зазіраюць у гумны, у хлявы і раптам...

Гануся аж вачам не паверыла: адзін з тых хлопцаў нейкія трубкі з адрыны нясе (можа, бацька-нябожчык — гадоў 50 як памёр — іх на вышкі закінуў?), а другі дык цэбар коціць. У яго ўжо бабуля сама сечку для рагулі сыпала. Даўно збыла карміліцу, цэбар валяўся, бо нікому не патрэбны быў. А цяпер — глядзі ты — прыдаўся... Знайшлі «самагоншчыцу».

Галоўны з гэтых прыезджых сеў пратакол пісаць. Памочнікі яго паклікалі панятых — Ганусіных суседак.

Пры іх гаспадыня і пасмялела ўжо. Той галоўны кажа «сведкам», што знойдзены апарат, што ім Гануся осуществляла противоправную деятельность — то-бок гарэлку гнала. А яна ў адказ:

— Тады, браток, і на сябе пратакол складай — на тую «праціўную дзейнасць».

— Гэта ж на якую? — з'едліва ўсміхаецца той.

— Ды пішы, што згвалціў дзяўчыну...

— З чаго вы ўзялі?!

— А з таго, што апарат жа таксама маеш. І, відаць, рабочы, а не тое, што мой, — цэбар ледзь трымаецца, трубкі ржавыя...

Міліцыянер хацеў быў запярэчыць Ганусі, але ўбачыў твары сваіх калег ды прысутных бабуль і прамаўчаў: моўчкі згроб паперы, падняўся з-за стала, першым пайшоў да дзвярэй.

За ім, не хаваючы ўсмешак, патупалі іншыя. Але ж пачулі яшчэ, як за спінамі грымнуў рогат. Аднавяскоўкі наперабой хвалілі Ганусю за кемлівасць.

І сапраўды ж малайчына, адвяла бяду (яшчэ і ад іх), бо хто шукае, той, як правіла, знаходзіць. Нават тое, чаго няма.

Анатоль Кашэвіч, Лельчыцкі раён


Дзе няможна сілаю...

Першая польская дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі прыняла баявое хрышчэнне каля мястэчка Леніна, што ў Горацкім раёне. Падобна, страшэнны адбыўся бой: загінула толькі з нашага боку каля дзвюх тысяч воінаў. Пахаваны ўсе на брацкіх могілках. А паблізу ад іх працуе музей савецка-польскай баявой садружнасці. Адкрыццё яго планавалася на кастрычнік 1968-га — да 25-годдзя таго першага бою. На ўрачыстасці запрашалі гасцей з Польшчы, Масквы, Мінска, чакаўся прыезд і ўраджэнца раёна, двойчы Героя Савецкага Саюза маршала Якубоўскага...

Да гэтага Горкі рыхтаваліся загадзя: прыводзілі ў парадак дарогі, па якіх маглі ехаць госці, узбочыны, прыпынкі — рабілі, карацей, усё магчымае... і немагчымае.

Справа ў тым, што пры ўездзе ў горад амаль да самага павароту на Леніна, стаялі тады прыватныя дамы: недзе лепшыя, недзе горшыя, а недзе і зусім...

Для таго каб «прыхаваць» іх, мясцовыя ўлады вырашылі паставіць новыя драўляныя платы. І ўсе дахі перакрыць на адзін капыл, а то недзе яны з гонты, недзе з шыферу, з бляхі — месцамі «прагнілай»...

А вось дэфіцыт тады быў, прычым на ўсё. Падлічылі, у што выльюцца новыя дахі (нават калі перакрываць іх будуць самі гаспадары), і, як той казаў, праслязіліся: не хапала будматэрыялаў — ну хоць ты мры! А час, між тым, прыспешваў.

Выйсце прапанаваў нехта са службоўцаў: «А давайце, — сказаў, — выдзелім шыфер толькі на адзін бок дахаў — той, што «глядзіць» на дарогу. Другія — няхай пачакаюць. Адбудзем свята, праводзім гасцей...»

Ідэю гэтую падтрымалі ўсе: і з начальства, і з домаўладальнікаў (ну яшчэ б, калі шыфер не проста выдзяляецца, а яшчэ і па льготных цэнах! Ты толькі ў справу пусці)...

Яна за людзьмі не стала.

І вось, як спяваецца ў песні, «апошні парад наступае»: па вуліцы едзе камісія. Бачыць, што платы гатовыя — роўненькія, новыя, свежапафарбаваныя. Дамы перакрытыя, але...

— Што гэта?! — раптам закрычаў старшыня, спыняючы «Волгу».

На адным з дахаў замест новага шыферу ляжала ранейшая, аж чорная ад часу гонта.

— Чаму не замянілі? — паляцела другое пытанне ў бок падначаленых.

— Што ад нас залежала, мы ўсё зрабілі, — сталі бараніцца тыя. — Шыфер выдалі...

Прыйшлося тэрмінова шукаць гаспадара, у яго спытаць, чаму не памяняў гонту.

— А не было на што: шыферу не хапіла, — адказаў той.

— Дык мы ж дамаўляліся, што перакрываем толькі адзін бок, — нагадалі яму правяральшчыкі.

— Я так і зрабіў: перакрыў. Ад гароду. Ён там зусім быў дзіравы...

— А трэба ж было спачатку ад вуліцы!

— Вы б так і сказалі, — састроіў мужчына дурня...

Што было рабіць? Прыйшлося мала таго, што адшукаць патрэбную колькасць шыферу, дык яшчэ і страхароў прыслаць.

У выніку дах на доме хітруна перакрылі цалкам — з абодвух бакоў. А вось іншыя гаспадары, наколькі ведаю, абівалі потым парогі — «выбівалі» шыфер... І — на вялікі жаль — не па льготнай цане.

Значыць, праўду кажуць: дзе няможна сілаю, там бяры здогадам?

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.