Вы тут

Музеі жывыя і мёртвыя


Музеі бываюць розныя. З багатымі калекцыямі, якія збіралі калектывы прафесіяналаў. З невялічкімі экспазіцыямі, сабранымі рупліўцамі-энтузіястамі. Музеі, у якія не хочацца вяртацца, бо яны халодныя з-за адсутнасці ўвагі да іх. Ёсць і такія, куды ўкладзена нечая душа, — зазвычай на гэта адгукаецца і душа таго, хто пабываў там хоць аднойчы.


Па­кой­чык  у му­зеі  вяс­ко­вай шко­лы  ў Міль­каў­шчы­не.

Нядаўна давялося мне наведаць музей у адным досыць буйным па мерках Беларусі раённым цэнтры. Не буду казаць назву ўстановы і пералічваць адказных асоб, бо тое, з чым я сутыкнулася там, — магчыма, не адзінкавы выпадак. Сама экспазіцыя музея стваралася ў пачатку 1980-х гадоў — і была падабрана для свайго часу досыць добра. Аднак даўно пажаўцелі намаляваныя калісьці інфармацыйныя шыльдачкі... Было адчуванне, што жыццё спынілася ў гэтай установе яшчэ ў мінулым тысячагоддзі.

Тое, што зазвычай прынята называць экскурсіяй, для мяне праводзіў чалавек, які працуе ў кабінеце з надпісам «захаванне фондаў». Вельмі дзіўна, што, калі мы пакрочылі з ім у экспазіцыйныя памяшканні, ён не здолеў мне расказаць пра іх ні-чо-га. І ні на адно са звычайных журналісцкіх пытанняў, нават ні на адно з удакладняльных пытанняў (якія я задавала на падставе таго, што бачыла ці чытала навокал) адказаў атрымаць не ўдалося. Што рабіць? Пачала на дыктафон проста зачытваць тое, што напісана на шыльдах, — напружанне супрацоўніка, які хадзіў са мной, крыху спала. Мяркуеце, супакоіўся чалавек пасля сустрэчы са сталічным журналістам, перавёў дух і думкі прыйшлі да ладу?.. Не. Напрыканцы проста параіў мне паглядзець і сфатаграфаваць кнігу, зробленую пра ўстановы іх ведамства (гэта спецыялізаваны музей, які, хутчэй за ўсё, не падпарадкоўваецца агульнай музейнай сетцы). Я дакранулася да навюткіх старонак, яшчэ амаль склееных у многіх месцах, — падалося, што ніхто ніколі не гартаў гэта выданне. Дзеля справядлівасці адзначу, што іх экскурсавод у гэты час быў на бальнічным. Але няўжо не павінен валодаць хоць бы базавай інфармацыяй захавальнік фондаў?..

На вялікім кантрасце з тым, што адбылося тыдзень таму, згадваецца вандроўка, у якой я была больш чым паўтара года назад, пазамінулым летам. У той час гродзенскі літаратуразнавец Аляксей Пяткевіч і гісторык, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Загідулін зладзілі для мяне шыкоўную аднадзённую экскурсію па Гродзеншчыне. Памятаю, што за 40 кіламетраў ад абласнога цэнтра мы дакладна ад'язджалі. Па выніках такой літаратурнай вандроўкі выйшаў матэрыял пра месцы жыцця і творчасці Элізы Ажэшкі ў гэтым рэгіёне. Заехалі ў мясцовы музей вясковай школы. І ён запаў мне ў сэрца...

Раней у вёсцы Мількаўшчына Гродзенскага раёна была школа імя Элізы Ажэшкі. Колішняя настаўніца Таццяна Савянкова стварыла ў ёй па-свойму ўнікальную экспазіцыю музея вясковай школы. Кожны кабінет — гэта асаблівы свет, трапляючы ў які акунаешся ў адпаведную эпоху. У адным — сабраны шматлікія прылады для навучання савецкага часу, якія ў сучаснай школе ўжо не выкарыстоўваюцца, — тыя ж лічыльнікі і многае іншае. У другім разам знаходзяцца самыя розныя цацкі ранейшых часоў, якія не могуць не выклікаць цікавасці. Ёсць шляхецкі пакойчык, а ёсць і адмысловае памяшканне, прысвечанае Элізе Ажэшцы. Маецца месца, дзе ў прыгожай атмасферы можна папіць гарбату — на стале карункавы абрус, адмыслова ўпрыгожаны сцены, посуд — таксама па-свойму ўнікальны. Паколькі памяшканне музея — самая сапраўдная вясковая школа, — тут ёсць і печка. Дарэчы, нягледзячы на тое, што будынак (мяркуючы па наяўнасці печкі) не самы новы, у ім усё надзвычай дагледжанае — ідэальна пафарбаваная падлога, бялюткія дзверы. Такую чысціню не шмат дзе сустрэнеш.

Усё гэта хараство стваралася і збіралася рукамі руплівай Таццяны Савянковай. А пазней установу адукацыі закрылі, нягледзячы на музейны пакой і імя Элізы Ажэшкі. Думаецца, яшчэ адно памятнае месца тут, у Мількаўшчыне, удалечыні ад Гродна, не зашкодзіла б. Тым больш што менавіта ў Мількаўшчыне Ажэшка нарадзілася, тут стаяла іх сямейная шляхецкая сядзіба. А па кляновай алеі, што расце яшчэ з часоў пісьменніцы, можна прагуляцца і сёння...

З часам былой школе ўсё-такі надалі статус філіяла літаратурна-краязнаўчага музея. А цяпер гэта музей, што падпарадкоўваецца Гродзенскаму раённаму цэнтру творчасці дзяцей і моладзі. Памятаю, што на школьны музейны падворак завітаў і муж Савянковай. Расказаў, што ўсю душу яна ўклала ў гэта месца. Ён бы і хацеў часцей бачыць жонку дома, а не ў музеі, але разумее, што для яе гэта справа жыцця.

Прыгадваецца, як на развітанне Таццяна падарыла мне пучок мяты і пучок мелісы, якія выраслі тут, пры вясковай школе. А яшчэ саламяны абручык з прымацаваным званочкам, зроблены рукамі мясцовых дзетак, — прыгожы вельмі, я неяк надзела яго на свята.

Шкадую, што не напісала тады паўнавартасны артыкул пра музей, — абмежавалася згадкай у тэксце пра Ажэшку. А цяпер хацела адшукаць шматлікія фотаздымкі, зробленыя там, але не знайшла... Захавалася толькі тое, што трапіла ў папку з назвай «Эліза Ажэшка». А музей той адзін з найлепшых, якія мне даводзілася бачыць у Беларусі. Нароўні з ім прыгадваецца хіба што ўтульны дом-музей мастака Сеўрука ў Нясвіжы. Але і яго зазвычай прамінаюць, кіруючыся палюбавацца хараством палаца Радзівілаў.

Таццяна Савянкова заўсёды вельмі-вельмі рада гасцям, але яны тут здараюцца даволі рэдка. Таму тэлефануйце (8 029 783-12-56), хоць захавальніца жыве непадалёк, і смела прыязджайце!

Хочацца паразважаць пра тое, што нам рабіць з культурным багаццем, ва ўсіх яго сэнсах, сабраным таленавітымі людзьмі? Што рабіць, калі захавальнікам унікальнага патрэбна дапамога? Што рабіць, каб не страціць? Асабіста я дакладных адказаў не маю. Можа быць, яны ёсць у вас?

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.