26 Верасень, серада

Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Па ўважлівай прычыне

Гэту гісторыю я пачула ад сваёй новай прыяцелькі Ніны, з якой летась пазнаёмілася ў санаторыі. Апынуўшыся за адным сталом, мы неўпрыкмет разгаварыліся і чаго толькі не прыгадалі...

Гадоў колькі таму Ніна як малады спецыяліст прыйшла на працу ў адну сталічную арганізацыю. Цікавая работа, цудоўны калектыў, адэкватны кіраўнік — усё найлепшым чынам! Адзінае, праз нейкі час пайшла пагалоска: установа, дзе іх арганізацыя арандуе плошчу пад офіс, збіраецца ўвесці прапускны рэжым. Гэта значыць, што кожны з супрацоўнікаў атрымае электронную картку-пропуск, якая будзе дакладна паведамляць начальству, хто на колькі хвілін спазніўся, хто раней дадому пайшоў. Карацей — аніякай вольніцы, усё пад пільным кантролем, яшчэ і падвоеным, бо час ад часу стан працоўнай дысцыпліны правярала начальства зверху.

І трэба ж — якраз у такі вось дзень адна з Нініных каляжанак умудрылася спазніцца аж... на дзве гадзіны.

— Пішы тлумачальную! — загадаў ёй звычайна стрыманы шэф.

Часу на гэта дзяўчыне спатрэбілася зусім няшмат, і хутка ён, не верачы вачам, чытаў: «Я спазнілася на працу, таму што бачыла вельмі цікавы сон і мне трэба было дагледзець яго да канца».

З гэтай тлумачальнай рагатаў увесь калектыў. Можа, рагоча і зараз, бо аматарка паспаць па-ранейшаму час ад часу спазняецца. Напэўна, якраз пад раніцу ёй сняцца самыя прыгожыя сны?

Ірына Матусевіч, Дзяржынскі раён


Забіць не забіла, але ж шуму нарабіла

Гадоў 50 таму па нашым Дняпры (вёска Лучын на беразе стаіць) праплывалі цэлыя караваны плытоў, кожны — даўжынёй з кіламетр, а то і болей. На іх спецыяльныя «буданы» стаялі, печкі для гатавання ежы, бо шляху ж некалькі дзён: калі да Лоева, а калі і да Кіева...

Ад веку нашы лучынцы зараблялі на сплаве. Праца гэта цяжкая, небяспечная, аднак за яе і плацілі. Загнаў, дапусцім, караван у Лоеў — атрымай 700 савецкіх рублёў, што, вядома ж, не раўня цяперашнім... Ды і «левыя» заробкі ў плытагонаў былі, бо лес жа ўсім патрэбны. А дзе яго ўзяць па боскай цане? Ну вядома — у плытагонаў. «Да Лоева ўсё пабудавана з крадзенага лесу, — казаў стары «сплаўны» дзед Лёнік. — А наш Лучын дык і наогул — да апошняй дошчачкі!»

Значыць, і сапраўды зараблялі плытагоны добра. Гулялі, трэба сказаць, таксама: займалі амаль усю сталоўку і «гудзелі» да позняй ночы. Моды браць з сабой жонак ці «запрашаць дзяўчатак» тады не было. Без іх абыходзіліся: розныя размовы вялі, песні спявалі. Найбольш — пра тое, як ехалі казакі, як «ревела буря, гром гремел»...

Работніцы сталовай супраць гэтых «песень» нічога не мелі, бо гэта ж, сучаснай мовай кажучы, віп-кліенты былі: за некалькі сваіх гулянак месячны план «рабілі».

А вось жонкі «сплаўных» абураліся (яшчэ мякка кажучы): тым найперш, што мужчыны меры не ведалі, напіваліся, на сваіх дваіх з банкету амаль ніхто не выходзіў. Жонкі іх, як бярвенні, расцягвалі: «падрульвалі» хто з каляскай, хто з тачкай — чакалі, «грузілі»...

Дык вось — чарговая палучка, чарговая гулянка.

Першай і загадзя па свайго Пятра пацягнулася Маня. Адчувала, што ранавата яшчэ, таму па дарозе заехала да мясцовага ўмельца — забрала з рамонту рэдуктар ад швейнай машынкі, у торбу паклала. І пасядзела б у людзей, каб ім не спаць...

Прыйшлося да сталоўкі ехаць, стаяць пад вокнамі: банкет быў у поўным разгары.

Але ж чуе Маня, што дзверы адчыняюцца, што нейкі мужык (якраз як яе?), відаць, да ветру ідзе, бо на хаду расшпіляецца, да плота кіруе. І — галоўнае — якраз туды, дзе звычайна жонкі сядзяць, дзе іх тачкі стаяць. А ён што — мазгі адпіўшы, тут паскудства будзе чыніць? Дык жа не!

Маня наперарэз... І з крыкам «Гад... А вось жа табе!» як жахне сваёй торбай з рэдуктарам...

«Гад» з капытоў, як той казаў.

І не яе гэта муж — Маня носам чуе... І ці жывы, не ведае...

З таго страху рванула наўцёкі, гародамі. Толькі ў хату ўляцела — гаспадар яе заяўляецца. Не п'яны. Кажа, усе там працверазелі, бо нейкая вар'ятка ледзь Яўгінчыка не забіла. Па галаве агрэла, ён нічога не помніць...

«Што ж за баба была? — варажылі затым плытагоны. — Можа, нейкай лес задорага прадалі? Можа, нечым пакрыўдзілі?»

А Маня тым часам ужо павесялела, бо жывы чалавек — не забіла! І муж яе паспакайнеў: больш не бунтаваў, калі даводзіла, што з іхнімі гулянкамі трэба завязваць, што яны нічым добрым не скончацца...

Але ж потым не стрымалася, расказала некаму, што «шышкі» ў Яўгінчыка — ад яе... Разам пасмяяліся.

І Яўгінчык гонар не страціў: з бабай разбірацца не стаў...

Вось такі быў каларыт жыцця. Цяпер — на ўспамін аб ім — хіба дзве назвы: і тую прыстань, і кантору людзі па-ранейшаму завуць сплаўнымі.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён


Якая яна, беларуская вёска?

Аб тым, што ў майго мужа ёсць стрыечныя браты на Пскоўшчыне, я чула даўно: яшчэ ў першыя гады замужжа пра гэта расказвала свякроў, паказвала фатаграфіі, падбівала некалі з'ездзіць — разам. І мы, вядома, згаджаліся, а як да справы, то вечна не выпадала: то ў нас дзеці малыя, то грошай няма, то нейкія клопаты зваляцца... У выніку мы з той блізкай раднёй і сапраўды жылі на адлегласці: абменьваліся паштоўкамі ды тэлефоннымі званкамі з нязменным абяцаннем прыехаць — то мы да іх, то яны.

Але ж...

Гадоў дзесяць назад перад Калядамі адзін з братоў паведаміў, што ён з сям'ёй (калі мы, вядома ж, не супраць) прыедзе на тыдзень, каб не проста пазнаёміцца, але і «ўбачыць краіну»: з'ездзіць у Мір ды Нясвіж, схадзіць у музеі, у тэатры...

Усё гэта было зразумела, мы адразу ж купілі білеты, даведаліся, як наладзіць экскурсіі...

Невырашальным заставалася толькі адно: нашы госці хацелі ўбачыць, што такое беларуская вёска. А як ім яе паказаць, калі мы — гараджане?

Гэты свой клопат я «агучыла» ў кампаніі супрацоўнікаў і ў адказ пачула, што сям'я адной з каляжанак у свой загарадны дом зімою не ездзіць, але ў суседа ёсць ключ. Яны могуць пазваніць яму. Той натопіць печкі (і нават лазню)... Калі госці захочуць, можа звадзіць іх да жонкі на ферму і ў школьны музей, пакатаць па лесе на сваім кані...

Адмаўляцца ад гэтай прапановы нам не выпадала. І вось пасля працы ў пятніцу
мы загрузіліся ў машыну і пакіравалі ў бок Валожына, у незнаёмую (яшчэ і нам) беларускую вёску.

Дарога туды была б добрая, калі б не... мяцеліца, што ва ўсю гуляла за гора-
дам. Але ж ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць: мы смела ехалі далей — спачатку па шашы, потым — па асфальце і нават па прасёлку. Да мэты заставалася нейкіх пяць ці сем кіламетраў, калі мы... селі.

— Дзякуй богу, што ў вёсцы, — сказаў мой муж. — Тут хоць лапаты можна пазычыць.

— І што — дадуць? — не паверыў чамусьці яго брат з Пскоўшчыны.

— Думаю, так.

Мужчыны пакіравалі ў бок бліжняй хаты, мы (дзве кабеты і дзесяцігадовае дзяўчо) засталіся чакаць у машыне — думаць, што ж далей, і ніякага выйсця не бачыць...

Тым часам да нас кіравалі ўжо трое мужчын.

— Не дрэйфі, браткі, адкапаемся, — казаў незнаёмы. — А вось дзяўчат трэба ў хату завесці. Чаго ім тут мерзнуць?

Я дрэнна ўяўляла сябе ў чужой незнаёмай хаце. А гасцям дык наогул мову заняло: па глыбокім снезе і след у след мы моўчкі пайшлі за дзядзькам.

— Вось тут вада, вось чайнік, заварка, хлеб, — камандаваў гаспадар у сваёй цёплай кухні. — Так што не сядзіце тут склаўшы рукі — арганізуйце чайку. Хлопцы ў ахвотку вып'юць, снегу пакідаўшы.

Дзядзька ўсё казаў правільна. Але ж як было слухацца?..

Нашу нерашучасць гаспадар зразумеў па-свойму. Насцярожана спытаў:

— Вы што — грэбуеце? Дык так і скажыце...

— Не, ну што вы, — запярэчыла я і... стала гаспадарыць — ставіць на пліту чайнік, а на стол кубкі. Дзіця наша разоў колькі «збегала» да машыны, каб да чаю прынесці нечага свайго.

У выніку хвілін праз трыццаць-сорак мы сядзелі за сталом, пілі гарбату, гаварылі пра дарогу, мяцеліцу, раку Вялікую, што цячэ ў Пскове, пра вёскі — у якой заселі і ў якую ехалі... Развітваліся з новым знаёмым амаль як родныя.

Потым быў іншы дом, іншы вясковец, сапраўдная лазня, вячэра з гарэлкай.
І чым больш нашы госці сядзелі за сталом, тым болей дапытвалі: «А ці выпадкова мы «селі» каля той хаты, ці не «падстаўным» быў яе гаспадар: то-бок ці не дамовіліся мы аб належным «прыёме», бо, маўляў, быць не можа, каб нехта чужы мала таго, што даў інструменту, дык яшчэ і сам стаў раскідваць снег, запрашаць у хату, частаваць...»

Шчыра кажучы, усё гэта здзіўляла і нас, але ж ні аб чым і ні з кім мы не дамаўляліся...

Пасля ад'езду госці нам прыслалі вялікі ліст з падзякай і цэлы пакет фатаграфій: мы на плошчы Перамогі, у Траецкім прадмесці, у Заслаўі, каля Чырвонага касцёла, у тэатры, у лесе на кані...

У той вёсцы, дзе заселі, чамусьці не да здымкаў было, але ж менавіта яна засталася ў памяці — і нашай, і нашых гасцей.

Н. С., г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.