Вы тут

Чалавек з Кемерава


На днях мне прысніўся страшны сон. Быццам бы здымаю інтэрв'ю з дыктафона. Раптам чую гук пажарнай сігналізацыі. Спачатку падумала: проста, як звычайна, правяраюць, ці працуе сістэма. Але, калі пранізлівы гук не знік і праз 10 хвілін, у роспачы выбегла на калідор. Кінулася да аднаго аварыйнага выхаду — заблакаваны, да другога — таксама. Нечакана гукі пажарнай сігналізацыі змяніліся на голас Барыса Грабеншчыкова: «Я позвонил своей маме, / И мама была права — / Она сказала: «Немедля звони / Человеку из Кемерова».


Фота Reuters

Гэтая песня гучыць у маёй галаве з 25 сакавіка. З таго самага дня, калі ў Кемераўскім гандлёвым цэнтры здарылася трагедыя. Самае жахлівае ў ёй — гэта дзіцячыя званкі...

У той дзень Аляксандр Лілевяль прывёў у «Зімнюю вішню» трох сваіх дачушак (малодшай было пяць гадоў, старэйшым па 11) на мультфільм «Шэрлак Гномс». Набыў ім папкорн і праводзіў у глядзельную залу. А сам спусціўся з 4-га паверха на першы — чакаць канца сеанса. Трывожны званок ад дачкі атрымаў праз паўтары гадзіны... Дзяўчынка сказала тату, што дзверы кіназалы зачыненыя, няма чым дыхаць, шмат дыму. Мужчына, не раздумваючы, кінуўся на дапамогу. Але, надыхаўшыся чадным газам, ледзь не страціў прытомнасць. А дачка ўсё тэлефанавала тату... Гэта гісторыя толькі адной сям'і. Пажар у Кемераве закрануў больш за паўсотні.

Амаль адразу пасля трагедыі ў сацыяльных сетках з'явіліся парады для бацькоў: «Пажар у Кемераве! Навучыце сваіх дзяцей!» «Паспрабавала расказаць Улі пра тэхніку бяспекі падчас пажару, — дзеліцца знаёмая, — у прыватнасці, пра неабходнасць пасікаць на шалік ці іншы прадмет адзення. А яна кажа: «Фу, уяві, мы сабраліся на дзень нараджэння, я надзела прыгожую сукенку, прыйшла ў забаўляльны цэнтр, а там пажар. Як я пасікаю на сукенку, а потым пайду на дзень нараджэння?» Малеча яшчэ не можа зразумець, што дзень нараджэння можа і не настаць...»

Сапраўды, у пяцігадовым узросце дзіця не ўсё можа зразумець. Але тым не менш расказваць пра бяспеку трэба. Прычым, і ў тры годзікі, і ў пяць, і ў 25. Першае правіла выхаду з задымленага памяшкання — што трэба дыхаць праз мокрую тканіну — павінен ведаць кожны чалавек. Але ж вады з сабой можа не аказацца... Можна таксама пагуляць з дзецьмі ў «Знайдзі выхад». Прыходзячы ў любы будынак, першай справай глядзіце, куды б вы пабеглі ў выпадку пажару.

...Хоць, дай божа, каб гэтыя веды ніколі не спатрэбіліся.

А вось гэта ўжо залежыць выключна ад нас, дарослых. Пасля трагедыі ў Кемераве кожны павінен зазірнуць у сябе. І задаць сабе пытанне: што асабіста я магу зрабіць, каб падобнае не паўтарылася?

Калі вы вырашылі адкрыць гандлёвы цэнтр, у першую чаргу думайце не пра прыбытак, а пра бяспеку людзей, якія давяраюць вам сваё жыццё. Калі вы інжынер па тэхніцы бяспекі, то праводзьце рэальныя інструктажы, курсы эвакуацыі разам з МНС. А не проста, як у нас гэта часта бывае, прыносьце журнал на подпіс. І прадмет АБЖ у школах павінен быць не дзеля галачкі. І калі кожны будзе адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, то верагоднасць трагедыі, хочацца верыць, знізіцца да мінімуму.

«Як жа можна было выключыць пажарную сігналізацыю? Як можна было замкнуць дзверы кіназалы? (І куды падзеўся дарослы чалавек з ключом?)» І такіх ЯК чую вельмі шмат апошнімі днямі ад самых розных людзей. Але самае галоўнае пытанне, якое зараз стаіць перад грамадствам: як «разблакаваць» дзверы адказнасці, перастаць спадзявацца на «ўдачу» і «пранясе»?

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.