20 красавіка, пятніца

Вы тут

Месца гістарычных рашэнняў


Год таму «Звязда» пісала пра сітуацыю, якая склалася вакол Крэўскага замка. У той час у сеціва трапілі шматлікія фотаздымкі валуноў, што ляжалі па ўсёй тэрыторыі старажытнага мура. Як высветлілася пазней, там вялася падрыхтоўка да археалагічных работ, з дапамогай бульдозера... Розныя спецыялісты выказаліся, наколькі слушным было выкарыстанне такіх метадаў. Адметна, што за той год, які прайшоў пасля публікацыі, сітуацыя не тое што не пагоршылася. Яна істотна выраўнялася ў лепшы бок.


Фота зроблена кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Алегам Дзярновічам.

За гэты час на замкавых руінах зроблена часовая кансервацыя. Так званы драўляны павільён усталявалі над рэшткамі вежы. Варта адзначыць, што з дапамогай такога спосабу руіны кансервуюць і ў многіх іншых краінах — гэта досыць недарагая, але эфектыўная тэхніка. Самы лепшы падыход, які часам выкарыстоўваецца за мяжой, — усталяванне шкляных канструкцый — яны дазваляюць бачыць першасны выгляд помніка. Аднак у нашых рэаліях складана ўявіць, што было б, калі б у адчыненым будынку, які знаходзіцца без аховы, усталявалі шкло. Наўрад ці яно доўга б там пратрымалася...

Такія кансервацыі на замку рабіліся ўжо неаднойчы. У 1990-х гадах спецыялістамі «Белрэстаўрацыі» была зроблена падобная. У 2004 годзе такую ж справу распачыналі студэнты-валанцёры. Трэба дадаць, што як папярэднія кансервацыі, так і гэта з'яўляюцца часовымі — паступова канструкцыі пачнуць разбурацца. Таму ў далейшым можа быць два шляхі — аднаўляць вежу ці праз колькі часу рабіць больш грунтоўную кансервацыю. У будучыні запланавана рэканструкцыя Княжацкай вежы і кансервацыя замкавых сцен — апошняе плануецца распачаць ужо сёлета.

Натуральна, сітуацыя не засталася па-за ўвагай каментатараў сацыяльных сетак. Аднак выказваюцца па ёй і спецыялісты, якія дзеляцца ўласным бачаннем далейшага лёсу старажытнага мура. «Праблема ў тым, што да дахаў на гэтых вежах ніхто не прывык, а іх форма нідзе не зафіксавана: ці была вежа цалкам накрытая, ці была адкрытая баявая галерэя? Я думаю, было б вельмі добра зрабіць на іх адкрытыя аглядныя пляцоўкі, а абрыс аформіць у выглядзе руіны», — адзначае гісторык Мікола Волкаў. «Унутры вежы магла б быць размешчана канструкцыя, падобная да рыштаванняў. Яна будзе выконваць функцыю дадатковай падтрымкі сцяны. Таксама з яе дапамогай можна будзе падняцца наверх, у тым ліку часткова ў тоўшчы сцяны, паглядзець на краявіды з вокнаў», — мяркуе архітэктар-рэстаўратар Зміцер Савельеў.

Карэспандэнт «Звязды» звярнулася і непасрэдна да навуковага кіраўніка аднаўлення Крэўскага замка, намесніка дырэктара па рэстаўрацыі праектнага філіяла «Белрэстаўрацыі» Уладзіміра Сіняўскага, вось што ён адзначыў:

— У гэтым годзе плануем аднаўляць паўночна-заходнюю сцяну. Будзем рэстаўраваць цагляную і бутавую кладкі, запаўняць швы, аднаўляць разбураныя ўчасткі. А пасля ўсталёўваць кансервацыйны дах. Поўнай рэстаўрацыі замка не плануецца. Мы збіраемся рэстаўраваць толькі ніжнія часткі сцен. Пазней мяркуем аднавіць кавалак галерэі каля вежы. Там рэканструюецца і лесвіца — на яе трэцім ярусе запланавана стварыць уваход у вежу. З часам будзе рэканструявана і сама вежа. Калі дазволяць сродкі, хочам аднавіць і ўязную браму, і нават пад'ёмны мост.

Спецыяліст адзначае, што рада Міністэрства культуры ў свой час рэкамендавала ім спачатку аднавіць усе сцены, а пасля брацца за вежу, — таму такой схемы і плануюць прытрымлівацца. Калі ўдасца кожны год аднаўляць па сцяне, гэта будзе вельмі добра, лічыць Сіняўскі.

Дарэчы, навуковы кіраўнік не згодны з меркаваннем, што на замку магло быць дзве вежы. Ён упэўнены, што вежа з даўніх часоў тут была толькі адна. Па-першае, даследаванні паказалі, што сцены «не перавязаныя» паміж сабой. Яны прымыкаюць адна да адной і стаяць цалкам самастойна. Па-другое, нідзе ў гістарычных матэрыялах не сустракаецца выгляд другой вежы. На малюнку Напалеона Орды, напрыклад, адлюстраваны сцены, якія толькі пачалі разбурацца, часткова ацалелыя галерэі. А на другую вежу няма нават намёкаў. Яна не магла разваліцца так хутка і роўна, каб ад яе не засталося і знаку, перакананы даследчык. Гэта малюнак, зроблены ў XІХ стагоддзі.

Варта нагадаць, што Крэўскі замак — знакавае для беларусаў месца. З ім звязаны многія ключавыя асобы нашай гісторыі: тут бываў князь Вітаўт, у сутарэннях вежы быў задушаны яго бацька Кейстут, тут знаходзілася рэзідэнцыя Ягайлы, а ў пазнейшыя часы замак заняў Свідрыгайла. Але перш за ўсё замак вядомы тым, што менавіта ў ім у свой час была заключана Крэўская унія, якая дакладна істотна паўплывала на далейшы лёс нашай Радзімы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

86-гадовы доктар тэхнічных навук: Усімі поспехамі я абавязаны жонцы

86-гадовы доктар тэхнічных навук: Усімі поспехамі я абавязаны жонцы

Прафесар у галіне машынабудавання на пенсію яшчэ не збіраецца...

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра нечаканую сустрэчу і  няньку і лялькі.

Грамадства

Як знайсці работу сваёй мары?

Як знайсці работу сваёй мары?

І не праваліць першую гутарку са спецыялістам па падборы кадраў.