Вы тут

«БелЛіт: мабільны гід»: пра беларускую літаратуру — нясумна!*


Бясстрашная авантурная лекарка і вандроўніца Саламея Пільштынова. Уладная і разумная Бабароза, матрыярх адной мінскай сям'і. Студэнтка шведскай школы Алена. Хуліганка, захопніца замкаў, жорсткая, але справядлівая Босая. Што аб'ядноўвае ўсіх гэтых літаратурных гераінь?


Юлія ЦІМАФЕЕВА: «Ха­це­ла­ся б, каб жан­чы­ны пі­са­лі больш пра ся­бе і не тое,  што ад іх ча­ка­юць, а тое, што яны са­мі ад­чу­ва­юць».

Юлія ЦІМАФЕЕВА, літаратарка і перакладчыца, упэўнена, што ніводная з іх проста не можа пакінуць чытача абыякавым. Яны адважныя, шчырыя, адкрытыя, непрадказальныя і супярэчлівыя, ты можаш з імі не пагаджацца, спрачацца, але аповед пра іх усё роўна цябе захоплівае. «Я быў старэйшы за яе амаль на тры гады, а яна была разумнейшая за мяне на тры тысячы прачытаных кніг, на трыста пабачаных фільмаў, на трыццаць незнаёмых мне слоў...», — так апісвае галоўны герой рамана Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын» сваю сустрэчу ў далёкім юнацтве з жанчынай па мянушцы «Босая». Хто яны, жанчыны, што кінулі выклік Краіне замкаў і патрыярхальнаму грамадству, і ці можа быць хоць нейкі хэпі-энд у гэтай гісторыі, Юлія Цімафеева прапаноўвае даведацца нам самім. У перадсвяточныя дні ў рамках праекта «БелЛіт: мабільны гід» адбылася першая публічная лекцыя, прысвечаная прыгожай палове чалавецтва.

— Мне цікавая жанчына ў літаратуры, я сама паэтка, і ў нейкай ступені займаюся прасоўваннем бачнасці жанчын у літаратуры, — прызналася Юлія. — Хацелася б, каб жанчыны пісалі больш пра сябе і не тое, што ад іх чакаюць, а тое, што яны самі адчуваюць.

Праект «БелЛіт»: мабільны гід» ладзіцца пры падтрымцы Мабільнай бібліятэкі МТС.

— Для нас гэта выдатная нагода згуртаваць людзей, неабыякавых да беларускай літаратуры і роднага слова, — падкрэслівае кіраўнік групы па сувязях з грамадскасцю кампаніі МТС Вольга ТКАЧЭНКА. — «БелЛіт» — менавіта так мы называлі прадмет «беларуская літаратура» ў школе. Як мы яе ўспрымалі? З якімі эмоцыямі? У кожнага, безумоўна, будзе свой адказ на гэтае пытанне. Для кагосьці беларуская літаратура «скончылася» разам са школьнай праграмай. А нам бы хацелася абудзіць жаданне працягнуць гэтае знаёмства, адкрыць для сябе сучасную беларускую літаратуру, новых аўтараў і новыя творы. Таму мы будзем рады бачыць на лекцыях як маладых людзей, так і сталых чытачоў, якія жадаюць заставацца ў трэндзе. Падчас літаратурных сустрэч можна будзе не толькі паслухаць прафесіяналаў, задаць ім пытанні, але і падзяліцца ўласнымі думкамі наконт любімых твораў, аўтараў і прыемна правесці час у сяброўскай атмасферы аднадумцаў.

Усяго запланавана шэсць лекцый. Пагружэнне ў свет беларускай літаратуры будзе адбывацца пры ўдзеле пісьменнікаў, выкладчыкаў і медыйных асоб. І першае пагружэнне прайшло надзвычай паспяхова — пры поўнай зале. Арганізатары нават хваляваліся, ці зможа яна змясціць усіх ахвотных. У сваёй лекцыі Юлія Цімафеева распавяла пра мемуары Саламеі Пільштыновай «Авантуры майго жыцця», творы Паўла Касцюкевіча «План Бабарозы», Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын», Анкі Упалы «На заснежаны востраў» і вершы паэткі Вальжыны Морт.

— Хто такая Саламея Пільштынова і чым яна мусіць нас здзівіць? — інтрыгавала Юлія. — Гэта было фенаменальнае жыццё для жанчыны ў ХVІІІ стагоддзі. Наша гераіня нарадзілася на Навагрудчыне ў сям'і збяднелага шляхціча. У 14 гадоў бацькі аддалі яе замуж за нямецкага лекара, і маладая сям'я з'ехала ў Стамбул, дзе ў мужа была лячэбная практыка. Саламея прыглядалася да таго, што ён рабіў, і ў 15—16 гадоў яна ўжо пачала сама лячыць, а ў 17 гадоў займела ўласную практыку. Праўда, не заўсёды лячэнне завяршалася паспяхова, таму лекарцы даводзілася хавацца. «Але сэрца Бог даў мне мужнае, а не палахлівае», — казала яна сама пра сябе.

Саламея наведала шматлікія гарады і краіны, яе прымалі пры двары турэцкага султана Махмуда І, расійскай імператрыцы Ганны Іаанаўны, аўстрыйскага імператара Карла VІ, князёў Радзівілаў і Патоцкіх. Усё яе жыццё было поўнае нечаканасцяў і авантур, але прыродны розум, смеласць і знаходлівасць заўсёды дапамагалі ёй выходзіць з самых неверагодных і небяспечных сітуацый.

— Я лічу сябе падрыхтаваным чытачом, паколькі навучалася ў ліцэі на філалагічным профілі, і, напрыклад, верш Вальжыны Морт «Беларуская мова», пра які сёння ішла гаворка, ведаю на памяць. Добра «знаёмая» я і з Саламеяй Пільштыновай. Але ўпэўнена, што сюды можа прыйсці любы ахвотны, бо форма падачы літаратурнага матэрыялу — вельмі сучасная, — падзялілася сваімі ўражаннямі пасля лекцыі студэнтка першага курса філалагічнага факультэта БДУ Міхаліна БУРВІНА.

Наступная лекцыя «Беларуская літаратура: «вялікая» ці «малая»?» адбудзецца 21 сакавіка. Паразважаць на тэму, якое месца займае беларуская літаратура ў сусветнай, як яе бачаць за мяжой і ці карэктна наогул падзяляць літаратуру на «малую» і «вялікую», запрашае пісьменнік Альгерд БАХАРЭВІЧ. Зарэгістравацца на лекцыі і падпісацца на е-mаіl-рассылку можна на сайце праекта. Усе заняткі для наведвальнікаў бясплатныя. Месца правядзення — бізнес-клуб Іmаguru (вул. Фабрыцыуса, 4), пачатак у 19.00.

Кожны слухач лекцый атрымае залікоўку, дзе будуць адзначацца заняткі, якія ён наведае, і тэматычныя тэсты, якія пройдзе на сайце СіtуDоg. Лепшыя студэнты ў дадатак да новых ведаў і яркіх эмоцый атрымаюць і «чырвоныя» дыпломы.


Расклад наступных лекцый:

4 красавіка

  • «Біблія Скарыны: паспяховы стартап ХVІ стагоддзя»
  • Алесь СУША, культуролаг, скарыназнаўца, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці.

18 красавіка

  • «Невядомая беларуская літаратура: пра што вам не казалі ў школе»
  • Ганна СЕВЯРЫНЕЦ, настаўніца гімназіі, пісьменніца, даследчыца беларускай літаратуры.

4 мая

  • «Воркшоп: як правільна чытаць і разумець паэзію»
  • Вальжына МОРТ, паэтка, выкладчыца крэатыўнага пісьма ў Карнэльскім універсітэце (ЗША).

23 мая

  • Дыскусія «Зала славы беларускай літаратуры: хто нашы геніі?»
  • Ганна БУТЫРЧЫК, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчыца кафедры замежнай літаратуры БДУ.
  • Марына КАЗЛОЎСКАЯ, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук, загадчыца кафедры беларускай мовы і літаратуры Ліцэя БДУ.

Надзея НІКАЛАЕВА

УНП 800013732

*На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.