19 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Навукоўцы раяць, як вырошчваць расаду ў хатніх умовах


На Захадзе вытворцы перцаў, баклажанаў і таматаў набываюць гатовую расаду ў спецыяльных комплексах, што займаюцца яе вырошчваннем. Не так проста стварыць для яе спрыяльныя ўмовы. Трэба прытрымлівацца пэўнай тэмпературы, забяспечваць святлом і да таго ж улічыць тэрміны так, каб яна «выспела» да моманту высадкі ў цяпліцы ці адкрыты грунт. Важна не перарасціць расаду. Але і «недагон» адаб'ецца на ўраджаі, мы нават можам яго і не дачакацца: пакуль расліны разаўюцца, ужо будзе канец лета.

Дык што трэба ўлічыць аматару, які хоча вырасціць добрую расаду ў хатніх умовах? Па парады выпраўляемся ў Інстытут агародніцтва НАН Беларусі.


Ку­лон.

Зразумела, у першую чаргу трэба правільна падабраць насенне, бо, напрыклад, тыя ж сарты перцаў, што паспяхова вырошчваюцца на поўдні, у Беларусі з яе кароткім і не заўсёды цёплым летам могуць і не выспець.

— Селекцыя ў любой краіне вядзецца па занальных прынцыпах. Калі браць, напрыклад, таматы ці агуркі, у нашых умовах больш-менш прыстасаванымі будуць сарты польскія, цэнтральных рэгіёнаў Расіі. Сарты айчыннай селекцыі адрозніваюцца прыстасаваннем да ўмоў вырошчвання — у плёначных цяпліцах ці ў адкрытым грунце, — заўважае загадчык лабараторыі паслёнавых культур кандыдат біялагічных навук Леанід Мішын. — Важна ўлічваць і тып глебы ў сваіх гаспадарках, узровень агратэхнікі (як часта гаспадары будуць падсілкоўваць расліны, якія элементы выкарыстоўваць). Напрыклад, я глядзеў артыкул, створаны для нямецкіх агароднікаў. Там выкарыстоўваюцца іншыя ўгнаенні, прэпараты, якіх у нас наогул можа не быць. І іх сарты ў нашых умовах сябе будуць дрэнна адчуваць. У Амерыцы вельмі развітая вытворчасць таматаў, аматары ганяюцца за разнастайнасцю пладоў па колеры і форме. Але амерыканскія таматы ў нас у адзін год могуць даць добры ўраджай, а пасля на працягу трох-чатырох гадоў — правальны. Беларускія сарты, як кажуць, «зорак з неба не хапаюць», але стабільна па гадах даюць нядрэнны ўраджай.

Варта спыняцца на айчынных сартах і таму, што яны ўстойлівыя менавіта да нашых хвароб. Напрыклад, у Беларусі існуе другая раса кладаспарыёзу, якая практычна не сустракаецца ў Расіі і ў Польшчы. Толькі вырошчваючы наш сорт, можна атрымаць культуру, устойлівую да гэтага вельмі грознага захворвання, якое ў цяпліцы можа знішчыць таматы за тры-чатыры дні, а прэпаратаў па абароне ад яго яшчэ даволі мала.

Вялікая памылка — адразу садзіць шмат навінак. Так можна занесці многа хвароб, ад якіх пазбавіцца цяжка ці наогул немагчыма. Напрыклад, бактэрыяльны рак, які завозіцца з паўднёвых рэгіёнаў Еўропы, можа існаваць у глебе да 10 гадоў.

— Часам агароднікі раюць адзін аднаму выкарыстоўваць больш старое насенне, маўляў, інфекцыя гіне пры працяглым захоўванні.

— Гэта міф. Бактэрыя дае споры, якія могуць захоўвацца дзесяцігоддзямі. За той час, пакуль яна загіне, насенне страціць усходжасць. Так, цыбулю, салату можна захоўваць не болей за 2-3 гады, перцы, баклажаны, таматы — не больш як 3-5 гадоў, агуркі — 5-6 гадоў, а пастарнак наогул можа за год страціць пасяўныя якасці. Многае залежыць і ад умоў захоўвання насення, важна, каб не было рэзкіх хістанняў тэмператур і каб паветра заставалася сухім. Нават насякомыя заводзяцца ў ім толькі ў тым выпадку, калі яно мае нейкую ступень вільготнасці.

Не трэба забывацца і пра тое, што сарты тры-чатыры гады захоўваюць свае якасці, а гібрыды трэба набываць штогод. Існуе меркаванне, што, калі з апошніх сабраць насенне, з яго нічога не атрымаецца. Насамрэч гэта не так. Адзін з дзесяці гібрыдаў будзе на другі год даваць добры, цалкам прыстойны ўраджай. Але калі аўтары пры стварэнні сорту выкарысталі стэрыльную форму, то ў другім пакаленні на кожныя тры звычайныя расліны будзе выпадаць адна стэрыльная — бясплодная. Зразумела, можна рызыкаваць, эксперыментаваць, збіраючы сваё насенне, але мэтазгодней усё ж гібрыды набываць штогод, каб мець добры ўраджай.

Кін­жал.

— Ці можна параіць для вырошчвання нявопытным агароднікам індэтэрмінантныя памідоры?

— Для вырошчвання высакарослых таматаў трэба прытрымлівацца некалькіх умоў. Першае, што важна, — якасная расада павінна быць у стадыі бутанізацыі да моманту высадкі. Па-другое, на такіх раслінах трэба выдаляць усе пасынкі. Калі яны вырастаюць больш за сем сантыметраў, страчваецца ўраджайнасць. Калі наогул не займацца пасынкаваннем, замест нармальных памідораў вырасце гарох. Важны элемент — падкормкі асноўнымі элементамі (іх трэба зрабіць 3-4 за лета) і ўнясенне мікраэлементаў (раз на тыдзень апырскваннем па лістах у вячэрні час). Высакарослыя таматы даюць 10—15 кілаграмаў з метра квадратнага. Акрамя таго, яны больш працяглы час пладаносяць, а ў нізкарослых патэнцыял меншы, расліны раней пачынаюць пашкоджвацца.

Дэтэрмінантныя, ці нізкарослыя, памідоры патрабуюць меншага догляду і сілкавання, у любым выпадку нейкі ўраджай вы будзе мець. А калі не забудзецеся на падкормкі, ён будзе даволі вялікі.

— Што трэба ўлічваць пры выбары грунтоў для пасадкі расады?

— У мінулым годзе было шмат скаргаў на розныя грунты. Вытворцы не заўсёды захоўваюць якасць на належным узроўні. Можна было б парэкамендаваць торфагрунт «Дзвіна», у яго дадаюцца вапна, азот, фосфар, калій і нават мікраэлементы. І на першы час пры вырошчванні сеянцаў і расады сілкавання там хапае. Некаторыя дачнікі хочуць сэканоміць і дадаюць да торфу глебу з агародаў. Такая зямля можа змяшчаць вельмі многа інфекцый і расліны (насенне) могуць з-за гэтага загінуць. Таму калі і браць зямлю, то лепш з месца, дзе не раслі ні агародныя культуры, ні бульба. Гэта могуць быць лесапасадкі, лясныя масівы.

Май­стар.

— Калі насенне можа не ўзысці?

— Прычын можа быць некалькі. Напрыклад, адсутнасць дэзынфекцыі. Калі насенне не афарбаванае і на ўпакоўцы не пазначана, што яго апрацавалі, на ім могуць быць інфекцыі, часам нават не асабліва агрэсіўныя. Але ў пакаёвых умовах, за трайным шклом (а зараз ва ўсіх стаяць шклопакеты) расліны аслабленыя, таму такая інфекцыя можа стаць небяспечнай. Найбольш распаўсюджаны спосаб дэзынфекцыі — у аднапрацэнтным растворы марганцоўкі (30 хвілін).
Не разлічвайце на вока — часам людзі глядзяць, каб раствор быў слаба ружовага ці інтэнсіўнага колеру. Стандартны пакет 4 грамы трэба развесці на 0,4 літра вады. Далей насенне прамываюць і замочваюць у вадзе.

Прытрымлівайцеся тэмпературы — да з'яўлення масавых усходаў яна павінна быць 25 градусаў (для перцаў да 27). Калі яна вышэйшая ці ніжэйшая, гэта адаб'ецца на ўсходжасці насення. Можна побач пакласці звычайны бытавы тэрмометр.

— Якая павінна быць кіслотнасць глебы, каб насенне ў ёй не загінула?

— Для таматаў, перцаў і баклажанаў найбольш падыходзіць рН 6. Часта на пакетах грунтоў пазначаюць кіслотнасць ад 3 да 8, ад 4 да 7, гэта дазваляе прадаць любы грунт, і вы не зможаце выказаць ніякіх прэтэнзій. Звярніце ўвагу на тое, што змяшчаюць грунты. Пажадана, каб элементы харчавання — азот, фосфар, калій — былі прыкладна ў роўных суадносінах.

Бум.

— Якія асноўныя памылкі пры вырошчванні расады?

— Важна ўлічваць розніцу дзённай і начной тэмператур. Аптымальныя ўмовы, калі днём 22—23 градусы, а ўначы 17—18. Можна рабіць дасвечванне (вечарам на 2-3 гадзіны), каб атрымаць добрую расаду. Зараз з'явілася многа лямпаў для акварыумаў, якія маюць спецыяльны спектр для раслін. Такія лямпы мы выкарысталі ў інстытуце, быў добры вынік. Важна прытрымлівацца стэрыльных умоў, не вырошчвайце расаду на кухні, дзе захоўваецца бульба, дзе паветрам можна занесці розныя інфекцыі. Вельмі добрыя вынікі, невытлумачальныя навукай, дае паліў расады і раслін у цяпліцы дажджавой, талай вадой. Яна валодае стымулюючымі здольнасцямі, расліны добра на яе рэагуюць.

— Расада перарастае, а надвор'е, як, напрыклад, працяглая халодная вясна ў мінулым годзе, не дазваляе перасяліць расліны ў парнік. Што зрабіць, каб запаволіць рост расады?

— Трэба рэзка паменшыць тэмпературы. Ні ў якім разе яе нельга зацяняць, эфект будзе толькі горшым. З біялагічных прэпаратаў, якія дазваляюць расадзе пасля высадкі ў адкрыты грунт ці цяпліцу лепш прыжыцца, карысным будзе эпін, апырсквайце расліны ў вячэрні (ці вельмі ранні) час, каб на іх не было апёкаў. Калі таматы перараслі, гэта не бяда. Яны садзяцца пад нахілам на любую глыбіню, даюць бакавыя карані. Калі расада недастаткова вырасла ці пажаўцела з-за паніжэння тэмператур, мы рэкамендуем прымяняць 0,2-працэнтны раствор мачавіны (карбамід). Гэты прыём вясной будзе добра стымуляваць рост і таматаў, і перцаў, і баклажанаў. Праз тыдзень пасля пасадкі трэба зрабіць падкормку комплексным угнаеннем. Не трэба баяцца ўгнаенняў.

Расліна — не чалавек, усё без разбору не есць, выбірае толькі тое, што ёй трэба, астатняе застаецца ў глебе. Вось чаму рэкамендуецца праз 4-5 гадоў выкарыстання мяняць размяшчэнне цяпліц.

Кам­форт.

— Якія самыя распаўсюджа-ныя захворванні раслін?

— Перш за ўсё — фітафтора. Змагацца з ёй у цяпліцы дастаткова проста. Можна выкарыстоўваць правераныя прэпараты, якія не пранікаюць унутр раслін, — гэта біялагічны прэпарат фітаспарын, бардоская сумесь і азафос палепшаны. Наносіць іх трэба зверху і знізу ліста. У апошнія гады ў сувязі з ранейшай актывізацыяй фітафтарозу (што звязана з вырошчваннем ранняй бульбы) у цяпліцах і адкрытым грунце мы рэкамендуем першыя апрацоўкі рабіць, калі плады таматаў дасягнуць аднаго сантыметра ў дыяметры. Што датычыцца кладаспарыёзу, фузарыёзу, тут трэба набываць устойлівыя сарты. Нашы высакарослыя сарты якраз вызначаюцца ўстойлівасцю да гэтых захворванняў.

— На якія сарты агароднікам трэба звярнуць увагу, калі яны пойдуць па насенне?

— З новых я парэкамендаваў бы гібрыд перца Майстар, які спалучае ранняспеласць, прадукцыйнасць, мае дастаткова тоўстую сценку — 5-6 міліметраў; у гібрыда Кінжал буйныя конусападобныя плады ярка-жоўтага колеру. У нас раянаваны два сарты баклажанаў Пацеха і Кулон (апошні мае гронкавы спосаб цвіцення, калі ў пазусе знаходзіцца не адна кветка, а некалькі), калі іх няма ў продажы, лепш выбіраць гібрыды. Многія сарты баклажанаў, якія сёння прадаюцца, паходзяць з паўднёвых рэгіёнаў і ў нашых умовах будуць пакутаваць з-за недахопу цяпла. З высакарослых таматаў вартыя ўвагі Вежа і гібрыд Камфорт, з сярэднярослых — гібрыд Бум. З нізкарослых скараспелых рэкамендуем Пажар, Агат, Ізумруд, яны адрозніваюцца добрым насычаным смакам, знаёмым нам з дзяцінства. У новых сартах гэтага можа і не быць. З ультраранніх таматаў назавём Ліпень з пладамі 50—60 грамаў, што добра для цэльнаплоднага кансервавання, і Кроху з пладамі па 2 сантыметры, іх зручна фасаваць у дробную тару. У крытычных умовах мінулага года пры нізкіх начных тэмпературах Кроха сябе добра адчуваў нават у адкрытым грунце. Сорт не патрабуе пасынкавання. Кусты яго невялікія, і гэта адзін з самых ранніх таматаў, што створаны ў нас і нашых суседзяў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Леаніда МІШЫНА

Загаловак у газеце: Калі агарод пачынаецца з падаконня...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.