19 Чэрвень, аўторак

Вы тут

У серыі «Беларусь і Эдвард Вайніловіч» выйшла новая кніга


Пабачылі свет матэрыялы леташняй навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай знакамітаму беларускаму дзеячу, — «Беларусь, Слуцкі край і Эдвард Вайніловіч».


Праект «раскруткі» гэтага націкавейшага персанажа беларускай гісторыі другой паловы XІX — пачатку XX стагоддзя ўжо набывае ўсё болей шырокія абсягі. І гэта проста выдатна. Рэфарматар, патрыёт сваёй Айчыны, ён і зараз можа служыць прыкладам асобы, якая мела ўяўленні пра дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі.

Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі дасведчаны гісторык Аляксандр Каваленя, адкрываючы згаданую канферэнцыю ў Слуцку ў верасні мінулага года, зазначыў: «Упершыню апынуўшыся ў старажытным Слуцку ва ўзросце 14 гадоў, Эдвард Вайніловіч да канца жыцця захаваў вялікую любоў да гэтага горада. Ён напісаў шматлікія гістарычныя экскурсы пра Алелькавічаў, Радзівілаў, «персіярню», пратэстанцкія цэрквы і іншыя славутасці горада на Случы». І далей: «Пра любоў Эдварда Вайніловіча да Случчыны сведчыць таксама і тое, што ён, атрымаўшы грунтоўную адукацыю ў Расіі, Германіі і Бельгіі прыехаў працаваць у свой родны Слуцкі павет. З'яўляючыся старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, Эдвард Вайніловіч ператварыў Случчыну ў адзін з самых паспяховых сельскагападарчых рэгіёнаў Усходняй Еўропы. У эксперыментальныя гаспадаркі Слуцкага краю прыязджалі пераймаць вопыт аграномы і землеўласнікі з Прыбалтыкі, Польшчы, Украіны і Расіі. Безумоўна, Эдвард Вайніловіч зрабіў вялікі ўклад у справу сацыяльна-эканамічнага, духоўна-культурнага і грамадска-палітычнага развіцця Беларусі. Ён спалучаў у сабе глыбокі патрыятызм, шчырую хрысціянскую веру і руплівую працу на карысць роднага краю. Такі прыклад актуальны і сёння».

На канферэнцыі ў Слуцку выступілі з грунтоўнымі дакладамі, паведамленнямі гісторыкі Вадзім Аніпяркоў, Наталля Анофранка, Мікалай Волкаў, Аляксандр Ерашэвіч і шмат хто яшчэ. Акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Міхаіл Касцюк разгледзеў тэму эвалюцыі грамадскіх поглядаў і дзеянняў Эдварда Вайніловіча. У 1917 годзе, адзначае М. Касцюк, Эдвард Вайніловіч працаваў у земскіх арганізацыях разам з дзеячамі беларускага руху — А. Смолічам, Р. Скірмунтам і інш., ім былі падтрыманы захады па ўтварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён удзельнічаў у пасяджэннях яе Рады.

Кніга матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Слуцку пабачыла свет у выдавецтве «Медысонт» у серыі «Беларусь і Эдвард Вайніловіч».

Мікола БЕРЛЕЖ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.