25 Верасень, аўторак

Вы тут

Топ яркіх прыгажунь беларускага тэлебачання


Тэлевядучыя для многіх становяцца ўзорамі для пераймання ў стылі, манеры апранацца, паводзінах і ацэнцы тых ці іншых падзей. Каляндарная вясна і Міжнароднае жаночае свята — самы час успомніць яркіх і чароўных прадстаўніц беларускіх тэлеканалаў. Яны разумныя і адукаваныя, нягледзячы на маладосць, ужо знакамітыя і... дагэтуль свабодныя. Яны выклікаюць захапленне прывабнай знешнасцю, да таго ж кожная з іх з'яўляецца асобай яркай і неардынарнай. Інакш паспяховай кар'еры на тэлебачанні не зрабіць! Ну, а мы ў сваю чаргу не маглі не пацікавіцца, якім павінен быць мужчына, каб спадабацца такім прыгажуням.


Анастасія Багамолава, вядучая «Навін», праграмы «Твой горад» і «Навіны. Цэнтральны рэгіён» на тэлеканале «Беларусь 1»

Анастасія скончыла Інстытут журналістыкі БДУ. На тэлебачанні пачала працаваць з першага курса: спачатку ў праграме «Добрай раніцы, Беларусь» на «Беларусь 1», пасля — у перадачы «Наша раніца» на АНТ. Пасля курсаў для тэлевядучых у Белтэлерадыёкампаніі трапіла ў Агенцтва тэлевізійных навін, працавала ў праграме «Навіны рэгіёна». Акрамя работы ў якасці тэлевядучай актыўна здымала рэпартажы і запісвала інтэрв'ю. Усё гэта Анастасія сумяшчала з навучаннем ва ўніверсітэце.

Сёння яна большасць часу прысвячае працы. У вольны час абавязкова наведвае трэнажорную залу, дзе аддае перавагу кардыёнагрузкам. Акрамя гэтага, вельмі любіць падарожжы. Пасля катання на снаўбордзе ў Швейцарыі ўлюбілася ў горы.

Тэлевядучая лічыць, што найлепшыя яе дасягненні яшчэ наперадзе.

— У жыцці няма нічога выпадковага. Мая прафесія была асэнсаваным выбарам, і спадзяюся, што камусьці такім чынам я прыношу карысць, — усміхаецца Анастасія.

Каб спадабацца нашай гераіні, мужчына павінен спалучаць мужнасць і інтэлект, а таксама шчодрасць.


Крысціна Вінярская, вядучая прагнозу надвор'я на тэлеканале АНТ

Нягледзячы на тое, што на тэлеканале АНТ яна з'явілася зусім нядаўна, у яе немалы вопыт працы на тэлебачанні і тэлевізійная адукацыя. Пасля Інстытута сучасных ведаў, дзе атрымала прафесію перакладчыка, Крысціна пераехала ў Маскву і скончыла Інстытут тэлебачання і радыёвяшчання. Тонкасці тэлевізійнай кухні спасцігала на тэлеканале «Хатні». А потым зноў вярнулася ў Мінск. І працавала ў Агенцтве тэлевізійных навін на тэлеканале «Беларусь 1». А ў пачатку мінулага года ўвогуле засяродзілася на стварэнні дакументальнага кіно. Улетку, падчас святкавання 15-годдзя тэлеканала АНТ, калі праходзілі кастынгі па пошуку новых твараў, Крысціна вырашыла паўдзельнічаць.

— Мяне папрасіў аб гэтым мой дзядуля, ён вельмі верыць у мяне. І вось прайшло два з паловай месяцы, і, калі я ўжо і не чакала, што мяне возьмуць, мне патэлефанавалі. Я моцна здзівілася, але была вельмі гордая сабой! — з усмешкай дзеліцца тэлевядучая.

Прайшоўшы навучанне на тэлеканале, са снежня Крысціна Вінярская расказвае пра надвор'е.

— Маё захапленне журналістыкай, дзякуючы якому я і скончыла Інстытут тэлебачання ў Маскве, перарасло ў прафесію. І я гэтым цалкам задаволеная, — кажа Крысціна.

Вядучая ўпэўнена, што мужчына павінен быць моцны і гатовы браць на сябе адказнасць за сям'ю і дзяцей, а галоўнае — любіць сваю жанчыну.


Марыя Лемешава, вядучая «Навін спорту» і інфармацыйна-аналітычнай праграмы «Спортклуб» на тэлеканале АНТ

Тэлевядучая нарадзілася ў Смалявічах. Пасля школы скончыла машынабудаўнічы каледж, затым — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. І трапіла на кастынг АНТ. У ім, між іншым, удзельнічала каля пяці тысяч прэтэндэнтаў. Але ўдача ўсміхнулася Марыі, якая яшчэ з дзяцінства выдатна чытала тэксты, за што настаўнікі прадказвалі ёй кар'еру на тэлеэкране. На АНТ дзяўчыну ўзялі як вядучую прагнозу надвор'я, але на той момант праект так і не выйшаў у эфір. А Марыя часова трапіла... у спартыўную рэдакцыю. Дагэтуль яна не мела ніякага дачынення да прафесійнага спорту. Але як вядома, няма нічога больш пастаяннага, чым часовае — вось ужо 12 гадоў прыгажуня расказвае пра навіны спорту. За гэты час разабралася не толькі ў тонкасцях футбола і тэніса, барацьбы і лёгкай атлетыкі, але і навучылася хутка і без памылак вымаўляць самыя складаныя спартыўныя назвы. Напрыклад ісландскага клуба «Хафнарф'юордур». А трымаць сябе ў выдатнай форме тэлевядучай дапамагаюць заняткі плаваннем і фітнесам.

Марыя рассталася з мужам і сёння выхоўвае трохгадовага сына Яна, якому прысвячае ўвесь вольны час.

— Пасля яго нараджэння вымушаная была на паўтара года сысці з эфіру, бо лічу, што маленькае дзіця павінны выхоўваць не блізкія ці нянька, а толькі мама, — кажа яна.

Зараз у паспяховай вядучай ёсць усё: уласная кватэра, аўтамабіль і любімая работа.

— Каб спадабацца, мужчына павінен быць такім жа мужным, як футбаліст Дэвід Бэкхэм, стыльным, як бізнесмен Уладзіслаў Даронін, і абаяльным, як акцёр Джордж Клуні, — усміхаецца Марыя.


Вольга Бачкова, вядучая праграмы «Тэлераніца» на тэлеканале «Беларусь 2»

Вольга нарадзілася ў Кыргызстане, у горадзе Фрунзэ (цяпер Бішкек). Скончыла там гуманітарны факультэт Кыргызска-Расійскага славянскага ўніверсітэта, атрымаўшы адукацыю псіхолага. Але пяць гадоў таму вырашыла пераехаць у Беларусь. І па яе прызнанні, улюбілася ў нашу краіну.

— Мяне вельмі ўразілі людзі: беларусы умеюць цаніць сяброўства, узаемаразуменне, падтрымку. Я не сустракаю спажывецкіх адносін, усё настолькі шчыра і ад душы, — прызнаецца вядучая. — Дружалюбнасць і адкрытасць беларусаў вельмі мяне кранаюць.

З дзяцінства Вольга захаплялася журналістыкай. Яшчэ ў падлеткавым узросце ў Фрунзэ займалася ёй у дзіцячым цэнтры, а яе кароткаметражны фільм пра СНІД нават заняў прызавое месца ў конкурсе, пасля выпускала сценгазету. Затым працавала на «Аўтарадыё», а першы вопыт на тэлебачанні атрымала на адным з кыргызскіх тэлеканалаў.

На Беларускае тэлебачанне пайсці парэкамендавалі сябры. Сваю работу на «Беларусь 1» пачынала ў Агенцтве тэлевізійных навін. Цяпер вядзе праграму «Тэлераніца» і ўпэўнена, што сакрэт добрага настрою — у мэце. Калі яна ў вас ёсць і вы да яе рухаецеся — добрай будуць і раніца, і дзень, і вечар.

Мэтанакіраванасць самой Вольгі здзіўляе: штодзень, нягледзячы на надвор'е, вядучая выходзіць на прабежку. 30 хвілін — і яна ў выдатнай форме і настроі. Настрой стварае і маленькая дачка Яраслаўна, якую выхоўвае Вольга пасля расставання з мужам. А ў мужчынах, акрамя мэтанакіраванасці і ўмення браць на сябе адказнасць, тэлевядучая цэніць шанаванне сямейных традыцый і павагу да старэйшых членаў сям'і.


Дзіяна Равякова, вядучая праграмы «Навіны эканомікі» і рубрыкі «НЕ:ВЫНІКІ» на тэлеканале «Беларусь 1»

Дзіяна нарадзілася ў Жлобіне. Скончыла Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, атрымаўшы дыплом інжынера па сертыфікацыі. І пэўны час працавала па спецыяльнасці, але задавальнення аднастайная работа з дакументамі не прыносіла.

— Я зразумела, што зрабіла не зусім правільны выбар, — кажа Дзіяна. — І аднойчы адважылася змяніць асяроддзе — проста звольнілася з нелюбімай работы. Першыя крокі на новым жыццёвым этапе пачала з удасканалення англійскай мовы ў лінгвістычным універсітэце і навучання на тэлевізійных курсах.

І калі ў Агенцтве тэлевізійных навін на тэлеканале «Беларусь 1» шукалі новыя твары, выбар спынілі на ёй. Дзіяна стала вядучай эканамічнай рубрыкі «У курсе» і праекта аб закадравым жыцці Агенцтва тэлевізійных навін «НЕ:ВЫНІКІ». У пазаэкранным жыцці тэлезоркі адно з захапленняў — псіхалогія. Вядучая нават атрымала дадатковую адукацыю і дыплом БДУ. Цяпер працягвае ўдасканальваць свае веды ў Маскоўскім гештальт інстытуце. І з'яўляецца, між іншым, практыкуючым псіхолагам.

— Журналістыка мяне захапляе і натхняе, у адрозненне ад першай, адказнай і даволі сумнай для мяне, прафесіі. Зараз займаюся таксама сур'ёзнай справай, але адначасова вельмі цікавай! Больш часу прысвячаю праграме «Навіны эканомікі». Таксама з'яўляюся аўтарам шэрагу рэпартажаў.

У планах энергічнай дзяўчыны — прайсці курсы экстрэмальнага кіравання аўтамабілем. І звязана гэта з асабістай гісторыяй.

— Блізкі мне чалавек трапіў у аўтамабільную катастрофу, і пасля я доўга не магла сесці за руль. Веды па псіхалогіі дапамаглі пераадолець гэты бар'ер, і цяпер я хачу дапамагаць іншым у такіх сітуацыях, — дзеліцца Дзіяна.

Будучы абраннік, па прызнанні тэлевядучай, павінен быць добрым сябрам і валодаць пачуццём гумару. Выдатна, калі разам з гэтым у яго будзе выдатнае адчуванне стылю — напрыклад, як у галівудскага акцёра Мэцью Макконахі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Прывабныя і неардынарныя, знакамітыя і свабодныя

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.