19 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра падрыхтоўку беларускіх тэнісістак да турніру ў ЗША, выступленне айчынных гандбольных клубаў у еўрапейскіх турнірах і іншых спартыўных падзеях выхадных.


1. Вікторыя Азаранка паведаміла, што паедзе на турнір WTA ў Індыян-Уэлсе (ЗША).

Раней беларуская спартсменка атрымала ўайлд-кард на турнір катэгорыі «Прэм'ер». Пасля гэтага яна размясціла ў сацсетках відэазварот, у якім падзякавала арганізатарам спаборніцтваў, адзначыўшы, што гэта адзін з яе самых любімых турніраў, там добрая публіка і выдатная арганізацыя.

Турнір BNP Parіbas Open пройдзе з 5 па 18 сакавіка. Нагадаем, у 2012-м і 2016 годзе Азаранка станавілася яго пераможцай. Вікторыя выйдзе на корт пасля доўгага перапынку. Тэнісістка прапусціла палову мінулага і пачатак гэтага сезон з-за судовых разглядаў з нагоды апекі над сынам. Адзначым, у Індыян-Уэлсе Вікторыя Азаранка і яшчэ адна беларуска Арына Сабаленка ўжо правялі сумесную трэніроўку — такую інфармацыю размясціла ў сацсетках экс-першая ракетка свету.


2. Лёгкаатлеткі Аліна Талай і Эльвіра Герман не выйшлі ў фінал дыстанцыі 60 м з бар'ерамі на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях, які праходзіць у Бірмінгеме.

У паўфінальным забегу Эльвіра Герман паказала час 8,06 сек і ў выніковым пратаколе апярэдзіла вопытную Аліну Талай, час якой склаў 8,07 сек.

Гэтыя вынікі не дазволілі беларускам выйсці ў фінал. Адзначым, што ўсе фіналісткі прабеглі ў паўфінале хутчэй за восем секундаў.


3. Гандбалісты мінскага СКА атрымалі першую перамогу ў групавым этапе розыгрышу Кубка ЕГФ.

У стартавым матчы другога круга армейцы абгулялі дацкі «Б'ерынгбро» 27:26. Нагадаем, 24 лютага сапернікі сустракаліся паміж сабой у Сількеборге, тады датчане былі мацнейшыя — 32:30.

Таксама ў першым матчы групавой стадыі Кубка ЕГФ падапечныя Ігара Папругі прайгралі на сваёй арэне нямецкаму «Магдэбургу» — 31:33, а затым згулялі ўнічыю ў Прэшаве са славацкім «Татранам» — 25:25. Свой наступны матч мінчане правядуць 25 сакавіка ў Магдэбургу.

Тым часам Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ў заключным туры Лігі чэмпіёнаў прайграў на выездзе польскаму «Віве» 28:33. Аднак вынік гэтага матча не меў турнірнага значэння для беларускай дружыны, таму што яна ўжо забяспечыла сабе выхад у 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Цяперашнім сапернікам БГК па накаўт-раўндзе стаў французскі «Нант».


4. Хакейная каманда Прэзідэнта атрымала пятую перамогу ў XІ Рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі сярод аматараў, выйграўшы ў хакеістаў Магілёўскай вобласці з лікам 10:5.

Па чатыры бамбардзірскія балы ў складзе пераможцаў зарабілі тры гульцы: Алег Антоненка і Генадзь Савілаў закінулі па дзве шайбы і столькі ж асісціравалі партнёрам пры ўзяцці варот, а Павел Белы вызначыўся адзін раз і тройчы аддаваў галявыя перадачы.

Зараз турнірную табліцу ўзначальвае лядовая дружына Прэзідэнта, у якой 10 ачкоў з 10 магчымых. Па шэсць балаў у хакеістаў Гомельскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей, чатыры ачкі ў камандаў Гродзенскай вобласці, хакеісты Віцебскай і Магілёўскай абласцей ачкоў пакуль не набралі.

Нагадаем, у адзінаццатым сезоне спаборніцтвы арганізаваныя ў два этапы. Сем каманд (шэсць лядовых дружын з абласцей і хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі) правядуць аднакругавы турнір, які завершыцца ў канцы сакавіка. Затым з 31 сакавіка па 15 красавіка чатыры найлепшыя каманды згуляюць у паўфіналах, пераможцы якіх паспрачаюцца за галоўны прыз, а тыя, хто прайграў — за бронзавыя медалі турнірy.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Ці адбудзецца вяртанне Вікторыі...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.