Вы тут

У лютага - позірк з хітрынкай


Фота Андрэя Феакцістава

На старонках нашага часопіса вы знаходзіце адказы на шматлікія пытанні, цікавыя факты, карысныя парады. Лютаўскі нумар – не выключэнне.

Асноўнай злабадзённай тэмай выпуску стала вада. Сапраўды, праблема невычэрпная, бо мы, беларусы, пяшчотна называем сваю краіну Сінявокай, ганарымся рэкамі, азёрамі, якія ў незлічонай колькасці пакінуў нам на пачатку гісторыі шчодры ледавік. У той жа час вялікая колькасць сцёкавых вод накіроўваецца ў рэкі, а ў XXI стагоддзі забруджвальнікі сталі больш складанымі і небяспечнымі, прамысловасць і сельская гаспадарка разрасліся, колькасць шкодных выкідаў павялічылася. Усё гэта прывяло да парушэння біялагічнай раўнавагі ў вадаёмах, праблемы біягеннага забруджвання. Якая ж рэальная сітуацыя сёння? Якое выйсце прапануюць беларускія навукоўцы для выратавання водных аб’ектаў? Аб гэтым чытайце ў матэрыяле “Формула вады” (Вольга Пралюк).

Населеныя пункты нясуць вялікую экалагічную нагрузку і адказнасць за выкіды, таму важна звяртаць увагу на праблемы і метады іх вырашэння ў гарадах і вёсках. У мінулым годзе ў вёсцы Аксакаўшчына, што пад Мінскам, з'явілася добраўпарадкаваная спартыўная пляцоўка для дзяцей і дарослых. Яе будаўніцтва ініцыявала Марыя Арлоўская. Усё атрымалася дзякуючы яе энтузіязму і магчымасці атрымаць грант на добраўпарадкаванне двара (“Грошы на добрую справу” Ксенія Вярбіцкая). А аўтамабілі пад вокнамі шматпавярховак, у дварах на газонах і нават на дзіцячых пляцоўках? На жаль, гэта ўжо звыклая карціна ў мегаполісе. Тлумачыць правіла паркоўкі Маргарыта Драздова (”Двары жылых дамоў: для людзей або машын?”).

Яшчэ адна экалагічная праблема – спажывецтва. Так, чалавек заўсёды меў патрэбу ў розных рэчах і прадуктах, але толькі ў мінулым стагоддзі гэта стала вельмі адчувальна для прыроды.

Тавары сёння не толькі разнастайныя, але і даступныя. Гэта тычыцца і цэн, і дастаўкі: патрэбную рэч прывязуць на дом у любы зручны час. Наогул, у людзей XXI стагоддзя занадта шмат цацак, адзення, тэхнікі і нават мэблі. Рэчы хутка становяцца непрыдатнымі, псуюцца, выходзяць з моды і… трапляюць на звалкі. Індустрыя танных тавараў пастаўляе часам настолькі няякасную прадукцыю, што, можна сказаць, яны адразу вырабляюць смецце.

Ці трэба гаварыць што звалкі ўжо перапоўненыя, а месцаў для новых палігонаў няма? Каб змяніць сітуацыю, трэба пачаць з сябе. У гэтым перакананыя многія грамадскія дзеячы і простыя грамадзяне. Неабходна не толькі правільна ўтылізаваць адходы, якія ўтварыліся, але і менш купляць. Але што ж рабіць са старымі рэчамі? (“Рамонтнае Кафэ” Вольга Пралюк).

Але не толькі чалавек з’яўляецца прычынай экалагічных праблем. На тэрыторыі Беларусі ўжо існуе цэлы шэраг інвазіўных відаў. Адзін з іх — ліпавая моль-стракатка, занесеная ў "Чорную кнігу інвазіўных відаў жывёл Беларусі". Аб гэтым распавядае Алег Сінчук, загадчык студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі (СНДЛ) "Структура і дынаміка біяразнастайнасці", асістэнт кафедры заалогіі, малодшы навуковы супрацоўнік НДЛ прыкладных праблем біялогіі біялагічнага факультэта БДУ.

Нядаўна ў нашай краіне быў афіцыйна зарэгістраваны новы для беларускай фаўны від — залацісты шакал. Чаму гэта адбываецца, чытайце ў інтэрв’ю генеральнага дырэктара "НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах" кандыдата біялагічных навук Алега Барадзіна Аксане Яноўскай. (“Новае — гэта невывучанае старое”).

На фотапаляванне за новымі здымкамі і цікавай інфармацыяй адправіліся нашыя самыя актыўныя супрацоўнікі Вераніка Коласава і Анатоль Кляшчук. Здабычу выбралі буйную – зуброў, ды і месца маляўнічае... не, не Белавежскую пушчу, а ўсяго ў 80 км ад беларускай сталіцы, на мяжы Гродзенскай і Мінскай абласцей. Велізарны лес, які прыняў пад свае шаты гэтых велічных жывёл, мае назву Налібоцкая пушча (“Зубрынымі сцежкамі”).

Доўжыць сваю дзейнасць і “Зялёная школа”. Мы шчыра верым у тое, што прапаганда экалагічнага ладу жыцця павінна пачынацца з дзяцінства. Новае пакаленне розумам і сэрцам павінна разумець неабходнасць берагчы прыроду. “Прызнайцеся, – пытае Кацярына Цітова, – хто-небудзь з вас чысціць зубы з уключанай вадой, кожны дзень прымае гарачую ванну або стаіць пад душам па гадзіне?” Так, здаецца, вада ніколі не скончыцца, бо у нас столькі рэк і азёр. Аднак гэта не так. Многія забываюць, што ёсць краіны, дзе простая шклянка чыстай пітной вады — сапраўдная раскоша. Таму так важна беражліва ставіцца да каштоўнага рэсурсу. У матэрыяле “Водны патруль” мы прапануем і экаслоўнік, які патлумачыць розныя экалагічныя тэрміны.

Не памылюся, калі скажу, што рубрыка “Вакол свету” – улюбёная для многіх нашых чытачоў. Таня Гендэль заўсёды здзіўляе і заахвочвае. На гэты раз яна пабывала ў Цэнтральнай Анатоліі (Турцыя) на старажытных скалах рэгіёну Кападокія — адным з самых дзіўных месцаў у свеце! Ёй пашчасціла пражыць у гэтым цудоўным кутку планеты паўтара месяца, але абысці ўсю горную даліну поўнасцю немагчыма нават за цэлае жыццё, бо яна раскінулася на 5000 квадратных кіламетраў. Яе звілістыя сцежкі і мудрагелістыя скалы прапануюць дзіўныя прыгоды для падарожнікаў... (“Там, дзе феі запальваюць каміны”)

На нашых старонках вы ўбачыце і коміксы ад Аляксандра Каршакевіча, і “Экапарады ад Машы Зялёнай”, і “Урокі ў запаведніку”, і “Школу юнага Рабінзона” і шмат цікавага.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.