19 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Любань стане другой сталіцай шахцёраў


І павялічыцца на шэсць тысяч чалавек.

За мінулы год Любанскі раён паказаў добрыя вынікі ў развіцці: прамысловасці, будаўніцтве, аграпрамысловым комплексе, гандлі, выканаў усе паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. А гэта значыць, зроблены выдатны зачын для далейшага росту эканамічнага патэнцыялу раёна, дабрабыту людзей. Чаго ўдалося дасягнуць і што плануецца зрабіць сёлета, на што перш за ўсё трэба звярнуць увагу, расказаў «Звяздзе» старшыня Любанскага райвыканкама Сяргей Казецкі:


— Станоўчая дынаміка назіраецца практычна ва ўсіх сферах. Летась 13 суб'ектаў гаспадарання раёна разнастайных формаў уласнасці экспартавалі тавараў на 6,9 млн долараў ЗША ў чатырнаццаць краін свету, найбольш з іх — замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Уніфораст» і замежнае прыватнае таварыства «Любанская фабрыка адзення». На іх долю прыпадае 82 % ад агульнага аб'ёму. На 8,4 % павялічыўся экспарт паслуг і дасягнуў 457 тысяч долараў ЗША. Экспартуюць іх 9 прадпрыемстваў. Найбольшы аб'ём паслуг — 76 % — аказвае філіял «Санаторый «Рассвет-Любань» ААТ «Белаграздраўніца». У эканоміку раёна прыцягнута больш як 42 млн долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Асноўная сума іх прыходзіцца на замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Слаўкалій» за кошт рэалізацыі праекта па будаўніцтве Нежынскага горна-абагачальнага камбіната.

Летась па валавой вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі раён выйшаў на 101 % да ўзроўню 2016-га. Падкрэслю, даводзілася нялёгка менавіта таму, што ў папярэднім годзе па гэтым паказчыку прыбавілі на 18 %.  У сельскай гаспадарцы будзем выкарыстоўваць напрацоўкі мінулага года. У 2017-м пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылі на 5 тысяч, і статак налічвае 55 тысяч галоў. Цяпер будзем займацца больш актыўна селекцыйнай работай, уладкаваннем фермаў для камфортнага ўтрымання грамадскага статка. Ужо вядзецца будаўніцтва новых памяшканняў для жывёлы, сёлета запланаваны ўвод у дзеянне малочна-даільнай залы і двух жывёлагадоўчых памяшканняў на 600 месцаў у ААТ «Урэцкі». Актыўна ідуць работы таксама ў ААТ «ПалессеАгра», «Юрковічы», «Асавец-Агра». Асноўную стаўку будзем рабіць на далейшае развіццё жывёлаводчай галіны. Раслінаводства ў нас больш-менш стабільнае, нягледзячы на тое, што давозіцца працаваць у даволі няпростых умовах, на выпрацаваных мінералізаваных тарфяніках. Сёлета плануем атрымаць валавы збор збожжавых каля 80 тысяч тон і 10 тысяч тон зерня кукурузы. Раён цалкам забяспечаны травяністымі кармамі. З улікам росту пагалоўя будзем прапарцыянальна павялічваць і нарыхтоўку кармоў.

Летась актыўна займаліся будаўніцтвам, добраўпарадкаваннем. Работы вяліся на 92 аб'ектах інфраструктуры горада і раёна. Гэта ўладкаванне мастоў, дарожнага пакрыцця, паркаў і сквераў. Практычна няма ніводнага месца ў горадзе і раёне, якое б не закранулі перамены.

— Відаць, такая ўвага да інфраструктуры, сацыяльнай сферы звязаная з будаўніцтвам Нежынскага горна-абагачальнага камбіната?

— З уводам камбіната ў дзеянне да 2020 года тут спатрэбіцца каля дзвюх тысяч спецыялістаў, адпаведна павялічыцца і колькасць насельніцтва ў горадзе, па самых сціплых ацэнках — на шэсць тысяч чалавек. Зразумела, для таго каб прыняць столькі людзей, неабходна падрыхтаваць інфраструктуру, стварыць годныя ўмовы жыцця. Сёлета запланаваны рамонт дзвюх школ, двух жылых дамоў. Плануем узвесці дом для маладых спецыялістаў-медыкаў, якія прыедуць у раён, — дагаворы ўжо заключаны. Такім чынам мы зможам цалкам укамплектаваць штат цэнтральнай раённай бальніцы, пазбавіцца ад чэргаў. Закупляем таксама сучаснае медыцынскае абсталяванне.

Паводле плана шматпавярховай забудовы горад будзе кампактна пашырацца ў заходнім напрамку. Прадугледжана ўвесці дамы для будаўнікоў «Слаўкалію». У канцы кастрычніка мінулага года быў здадзены арэндны дом, куды засяліліся ў першую чаргу тыя, хто стаяў на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў у райвыканкаме. Гэта ўрачы, работнікі культуры, настаўнікі, медыкі, шматдзетныя сем'і.

— Сяргей Іванавіч, на вашу думку, ці паспрыяюць такія грандыёзныя перамены развіццю прыватнай ініцыятывы?

— У раёне прадпрымальніцкую дзейнасць ажыццяўляюць 584 суб'екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, з іх 129 малых прадпрыемстваў і 437 індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны займаюцца рознымі відамі дзейнасці: выраб мэблі, рамонт, будаўніцтва, гандаль, аўтатранспартныя паслугі. Прыватную ініцыятыву ніхто ў раёне не абмяжоўваў і да гэтага. Цяпер жа яна набывае дадатковы штуршок, паколькі колькасць насельніцтва павялічваецца. Адпаведна, патрабуецца і большы аб'ём паслуг, пашырэнне іх відаў. Тут, лічу, павінны працаваць паралельна і дзяржаўныя, і прыватныя структуры.

Мы гатовы падтрымліваць прыватнікаў. Бо разумеем: гэта новыя рабочыя месцы. Напрыклад, вядзецца газаправод, узводзіцца электрастанцыя, якая будзе бесперабойна забяспечваць «Слаўкалій» энергіяй. Тут патрэбны спецыялісты, электрыкі. Будуецца чыгуначная лінія ад Урэчча да Любані. Неабходныя машыністы цягнікоў, абслуговы персанал. З'явяцца гандлёвыя аб'екты — зноў жа патрэбны кадры. Хочаце — прыходзьце, працуйце, але толькі сумленна, адкрыта і празрыста.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.