19 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Жыхары Зялёнага Лугу адстаялі зялёную зону


Гэты канфлікт паміж забудоўшчыкамі і гараджанамі далёка не першы. Але рэдкі тым, што жыхары змаглі адстаяць свой раён. Ініцыятыўная група сабрала каля шасці тысяч подпісаў супраць забудовы зялёнай зоны ўздоўж сталічнай вуліцы Каліноўскага, дзе цяпер праходзяць лініі электраперадачы. І гарадскія ўлады прыслухаліся.


Фота nemiga.info.

Мінулым летам на грамадскае абмеркаванне быў вынесены дэталёвы план мікрараёна Зялёны Луг, а менавіта тэрыторыі ў межах Лагойскага тракту — вуліцы Сядых — вуліцы Кедышкі — вуліцы Славінскага — паўночнай мяжы ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны 320 ЛР. Згодна з ім, у старых дварах на месцы дзіцячых пляцовак збіраліся зрабіць падземныя паркоўкі. А ўздоўж вуліцы Каліноўскага, дзе знаходзіцца зялёная зона, кабліраваць лініі электраперадачы, і на тэрыторыі, якая вызваліцца, узвесці тры жылыя кварталы з крамамі.

— Раён сфарміраваўся ў канцы 1960-х — пачатку 1970-х гадоў, — расказвае прадстаўнік ініцыятыўнай групы Людміла Бяляева-Гундорына. — У свой час ён атрымаў прэмію архітэктурнай супольнасці як раён, ідэальна сфарміраваны для жыцця. Такі горад у горадзе, дзе ўсё прадугледжана, каб людзі тут працавалі, жылі, адпачывалі. Раён будаваўся з навуковым абгрунтаваннем, усё было разлічана.

Мясцовых жыхароў турбавала тое, што яны застануцца без зялёнай зоны, дзе прывыклі прагульвацца. Да таго ж яна з'яўляецца «паветраным калідорам», які хоць неяк ратуе ад выкідаў завода «Тэрмапласт». «У нас з-за гэтага шмат дзяцей-алергікаў, — заўважае Людміла. — Калі вырасце сцяна 19-павярховых панэлек, мы проста задыхнёмся». Падчас грамадскага абмеркавання на пытанне «Чаму тут вырашылі будаваць дамы?» архітэктары адказвалі, што ў гэтай тэрыторыі высокі горадабудаўнічы патэнцыял і яго трэба выкарыстоўваць па прызначэнні — толькі пад жыллё. Але згодна з Генеральным планам Мінска на ёй можна размяшчаць і аб'екты азелянення — сады, скверы, бульвары.

У прэзентаваным праекце былі таксама істотныя разыходжанні ў лічбах. У адным месцы пісалася, што жыхароў у мікрараёне, з улікам узведзеных кварталаў, стане на тры тысячы больш, у іншым — на пяць. Пры гэтым новых сацыяльных аб'ектаў не прадугледжвалася. А значыць, паліклінікі і дзіцячыя садкі пасля ўшчыльнення былі б перагружаныя.

— Забудоўшчык збіраўся ўрэзацца ў цепласеткі, нагрузіць сістэму яшчэ больш, — дзеліцца Людміла. — Астатнія кварталы тады застануцца без цяпла. І так у адных кватэрах холадна, а ў іншых, наадварот, загорача, бо адкрыты ўсе вентылі, каб данесці цяпло да дальніх дамоў.

У выніку праект адправілі на дапрацоўку. Ініцыятыўная група сабрала заўваг на 30 лістоў. Не проста скаргаў накшталт «новы квартал будзе псаваць від з акна», а абгрунтаваных прэтэнзій, з адсылкамі да нормаў. За тры тыдні пад імі сабралі амаль шэсць тысяч подпісаў. На тэрыторыі ўздоўж вуліцы Каліноўскага гараджане прасілі зрабіць сквер.

— Раёну таксама не хапае спартыўных пляцовак. Дзецям няма дзе займацца, выйсці ў футбол пагуляць. Гэта пытанне здароўя наступнага пакалення, — упэўнена Людміла.

Зварот разгледзелі ў Мінгарвыканкаме. Нядаўна жыхары атрымалі адказ: скверу быць. «З улікам прапаноў удзельнікаў грамадскага абмеркавання дэталёвага плана ў рашэнні ўнесены змены, якімі запланавана выканаць на другі этап рэалізацыі дэталёвага плана (пасля 2022 года) рэканструкцыю і кабліраванне паветраных высакавольтных ліній электраперадачы ўздоўж вуліцы Каліноўскага на ўчастку ад Лагойскага тракту да вуліцы Сядых для наступнага змяшчэння аб'ектаў азелянення», — сказана ў адказе старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Паўла Лучыновіча.

Яшчэ раней у падтрымку дрэў і сквераў выказваўся Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. «Замест таго каб парк дзесьці закласці ці ў парадак прывесці, вы пачынаеце штампаваць жыллё. Месца няма, дзе яго будаваць?» — адзначаў ён на нарадзе ў кастрычніку.

У гэтым плане цікавы прыклад Масквы, дзе рэалізуецца праграма рэнавацыі. Старыя кварталы зносяцца, а на іх месцы ўзводзяцца новыя жылыя комплексы. У чым плюс? Замест пяці- будуюцца дваццаціпавярховікі: усе свабодныя кватэры забудоўшчык распрадае і атрымлівае прыбытак.

Нашы забудоўшчыкі таксама будуць вымушаны шукаць новыя шляхі. Калі зялёныя зоны, якія можна «засадзіць» дамамі, скончацца, у іх проста не будзе іншага выйсця.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Тут будзе сквер!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.