Вы тут

Адкрылася выстаўка дагестанскага мастака і пісьменніка Марата Гаджыева


У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адкрылася выстаўка «Зунзул чані» дагестанскага мастака і пісьменніка Марата Гаджыева, арганізаваная напярэдадні ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.


Назву гэтай серыі графічных работ можна перавесці як «Світанак». Яны выкананы на тутавай і рысавай паперы, прычым, калі процілеглыя бакі кожнай з карцін прыкласці адзін да аднаго, атрымаецца цыклічны вобраз. Аўтар прызнаўся, што для яго час узыходу сонца — вельмі важная частка жыцця.

Рэспубліка Дагестан з'яўляецца адной з самых незвычайных і шматнацыянальных у Расійскай Федэрацыі. Нягледзячы на значную адлегласць паміж ёй і Беларуссю, краіны падтрымліваюць даволі моцныя сувязі. Так, многія дагестанцы знайшлі ў Сінявокай сваю другую радзіму.

Праграма «Праз літаратуру і мастацтва да міру і стварэння» дазваляе беларусам знаёміцца з творчасцю замежных майстроў. Гэта выстаўка не стала выключэннем, яна была арганізавана сумесна з Выдавецкім домам «Звязда» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры.

Аўтар мастацкіх работ Марат Гаджыеў з'яўляецца актыўным дзеячам на культурнай ніве. У сябе на радзіме ён стаў заснавальнікам і галоўным рэдактарам каўказскай літаратурна-мастацкай газеты «Горцы», дырэктарам грамадскай арганізацыі «Каўказскі дом перакладаў», галоўным бібліятэкарам Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Дагестан імя Расула Гамзатава. Разам з калегамі-журналістамі Саідам Ніналалавым і Жэмілат Ібрагімавай Марат Гаджыеў прэзентаваў у Мінску кнігі, што былі выдадзены апошнімі гадамі ў Махачкале.

— Чаканне ўзыходу сонца было доўгім і трывожным — мы ляцелі сюды і гадалі, якім чынам беларускі глядач успрыме тое, што нам бы хацелася яму паказаць, — прызнаўся майстар з Дагестана. — На шчасце, цяпер я бачу, што хваляванне было беспадстаўным. Пяць гадоў назад выстаўка, якую вы бачыце, была прадстаўлена ў Махачкале, потым яна трапіла ў Маскву, Краснадар...

Акрамя графічных работ наведвальнікі маглі пагартаць кнігі прысутных аўтараў і літаратурна-мастацкі альманах «Каўказскі экспрэс», адзначаны Гран-пры на Дагестанскім кніжным кірмашы «Таркі-Тау». 120 аўтараў, як маладых, так і прызнаных, сталі пасажырамі своеасаблівага «цягніка», які аб'ядноўвае самыя розныя творы самых розных жанраў. Выданне ілюстравана малюнкамі і фотаздымкамі.

Асобнікі кніг госці перадалі ў падарунак Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі і бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

— Для мяне было ў нейкім сэнсе складана працаваць над кнігай «Соль», — успамінае Марат Гаджыеў. — Яна ўяўляе сабой журналісцкія замалёўкі, якія я збіраў на працягу 15 гадоў. Там ёсць тое, што з часам губляецца ў новым свеце, — асаблівая культура маленькіх вёсачак. Справа ў тым, што да пэўнага часу нашы пасёлкі ў гарах былі адарваныя ад цывілізацыі. Атрымалася, людзі жылі традыцыямі продкаў фактычна да 50-х гадоў мінулага стагоддзя, аднак паступова такі ўклад стаў разбурацца. У кнізе я паспрабаваў апісаць элементы таго старога свету, што судакрануўся з новым. Назіраючы за зменамі, быццам адкрываеш Дагестан нанова. Мне б хацелася аднойчы ўбачыць такім новым позіркам і Беларусь, бліжэй пазнаёміцца з яе асаблівасцямі і людзьмі, што тут жывуць.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: «Світанак» над Каўказам

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.