Вы тут

«Нашы» і «нянашы» ў айчынным кіно


Выказванні міністра культуры Юрыя Бондара на калегіі міністэрства, якая адбылася ў аўторак, у кінапрасторы прагучалі як гром сярод ужо даўно не яснага неба. Міністр праз лічбы агучыў дасягненні нацыянальнай кінастудыі, але сказаў, што вакол беларускага кіно «створаны нездаровы інфармацыйны фон», у якім адбываецца нахабнае, адкрытае прыніжэнне «Беларусьфільма», а наш кінематограф прадстаўляецца «чарнухай, знятай за тры капейкі на лічбавую камеру». Нацыянальнай кінастудыі ад міністра таксама дасталося: яна, па словах Юрыя Бондара, не забяспечыла павышэнне мастацкай якасці прадукцыі, а, напрыклад, на студыі дакументальнага кіно «Летапіс» «слаба распрацоўваюцца вострыя сацыяльныя праблемы». Закрануў міністр і кінафестываль «Лістапад», прапанаваўшы радыкальна змяніць падыходы да фарміравання яго праграм...

Выказванні міністра хутка распаўсюдзіліся сярод прадстаўнікоў сферы кіно, а мы сабралі рэакцыі і змяшчаем іх на гэтай старонцы. Ад імя ж СМІ ў адказ на прэтэнзіі да інфармацыйнага поля вакол беларускага кіно можам сказаць: якое кіно — такое вакол яго і поле.


Канстанцін Варабей, прадзюсар, кіраўнік некамерцыйнай арганізацыі «Майстэрня сацыяльнага кіно»:

— Словы міністра культуры, на жаль, яшчэ больш пазбаўляюць аптымізму незалежных кінематаграфістаў. Маладыя аўтары, што прадстаўляюць беларускі кінематограф не толькі ў краіне, але і на міжнародных фестывалях, так і не дачакаліся слоў падтрымкі і падзякі. Тое ж самае з дырэкцыяй «Лістапада», якая шмат зрабіла для таго, каб фестываль стаў важнай падзеяй для нашых кінематаграфістаў. Міністэрства працягвае падзяляць кінасупольнасць, прыніжаючы адзін з бакоў, і не бачыць іншых суб'ектаў для стымулявання і падтрымкі, акрамя «Беларусьфільма». На мой погляд, гэта паспрыяе працягненню працэсу эміграцыі беларускіх маладых рэжысёраў, сцэнарыстаў і прадзюсараў за мяжу. Спадзяюся, міністэрства пачуе другі бок, не чакаючы пагаршэння сітуацыі.


Антаніна Карпілава, кіназнаўца, кінакрытык, загадчыца аддзела экранных мастацтваў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі:

— Міністр, як і шмат хто, справядліва незадаволены становішчам «Беларусьфільма»: кінастудыя не выпускае дастатковую колькасць ігравых і дакументальных карцін належнага мастацкага ўзроўню. І ўсё ж справа не ў інфармацыйным полі, якое негатыўна ставіцца да беларускага кіно, а ў самім беларускім кіно, якое не дае нагод казаць пра яго пазітыўна... Да таго ж інфармацыйнае поле складаецца з розных элементаў: міністр згадвае сацыяльныя сеткі (насамрэч гэта таксама СМІ), але як чалавек з Акадэміі навук хачу падкрэсліць, што ёсць і навуковыя даследаванні акадэмічнага кіназнаўства. Хай яны выходзяць маленькім тыражом і не заўсёды даступныя чытачу, але існуюць, дарэчы, у інтэрнэце таксама. Напрыклад, нашу кнігу пра Вялікую Айчынную вайну ў кінамастацтве Беларусі проста парасхоплівалі на цытаты.

Што датычыцца прэсы, якую, напэўна, кіраўнік нашай культурнай сферы вінаваціць у стварэнні нездаровага інфармацыйнага поля ў большай ступені, варта заўважыць работу часопісаў «На экранах» і «Мастацтва», газет «Звязда» (у якой ёсць цікавыя палемічныя матэрыялы, што стымулююць пазітыўную дзейнасць), «Літаратура і мастацтва», «СБ. Беларусь сегодня» і некаторых іншых. Іх публікацыі не нясуць нездаровай атмасферы, а дастаткова аб'ектыўна выяўляюць сітуацыю ў беларускім кіно і застаюцца найбольш важнай платформай для выказванняў па гэтай тэме. Так што акцэнтаваць увагу на ролі сацыяльных сетак, па-мойму, не зусім дарэчна.

Не магло мяне не закрануць і выказванне пра «Лістапад». Неаднаразова я з'яўлялася членам адборачных камісій, уваходзіла ў розныя журы — гледзячы і знутры, і звонку, лічу, што на фестывалі на роўных суіснуюць сусветнае і айчыннае кіно, элітарнае і мэйнстрым, ігравое і дакументальнае. Нацыянальны конкурс у мінулым годзе сапраўды абвастрыў, скажам так, праблему: прызы атрымала так званае незалежнае кіно, бо паказала жыццё, як яно ёсць. Я кажу «так званае», таму што трэба ўжо казаць аб агульным полі кінакультуры, хопіць дзяліць на чырвоных і белых. Трэба прызвычаіцца да думкі, што ў кінакультуры няма «нашых» і «нянашых». Паўтару вядомую ідэю: справа не ў тэхніцы і рэканструкцыі, а ў мазгах і таленце тых, хто робіць кіно. Хацелася б, каб кінематаграфістам дапамагалі незалежна ад таго, дзе яны працуюць.


Максім Карпіцкі, кінакрытык, член FІРRЕSСІ:

— Хтосьці, відаць, праз ружовыя акуляры ўяўляе неабыякавых гледачоў, якія зацята абмяркоўваюць беларускае кіно ў сацыяльных сетках, кавярнях, начных клубах і за фрэзерным станком. На самай справе калі ў шырокай публікі і прачынаецца інтарэс да «свайго» кіно, дык перад усім дзякуючы незалежным кінематаграфістам. Пакуль што адзіным відавочным плёнам завершанага рамонту «Беларусьфільма» сталі вялікія неонавыя літары на будынку студыі, а тры буйныя іміджавыя праекты (поўнаметражныя стужкі «Сляды на вадзе», «Тум-пабі-дум» і альманах «Мы») наўрад ці акупіліся, прынамсі дакладна не атрымаліся. Пэўныя змены ўсё ж адбываюцца, але каб мянушка «партызанфільм» стала анахранічнай, мусіць быць зроблена куды больш. І хіба не самай галоўнай перашкодай для развіцця як нацыянальнай кінастудыі, так і незалежнага кінематографа становяцца дзеянні Міністэрства культуры, якое аддае вялікабюджэтныя праекты сумнеўным, затое замежным пастаноўшчыкам, і не можа арганізаваць празрысты рэспубліканскі конкурс кінапраектаў, але ўсё яшчэ марыць пра «нацыянальны» блокбастар па кошце гамбургера з колай. Цяпер вось міністр адкрыта заяўляе, што збіраецца паўплываць на фарміраванне праграм «Лістапада», нягледзячы на тое, што яны ствараюцца не сіламі міністэрства, а фестываль не цалкам фінансуецца з бюджэтных сродкаў. Чамусьці чыноўнікі ад культуры не здольныя ўбачыць, што Нацыянальны конкурс фестывалю становіцца цікавым толькі дзякуючы «знятым за тры капейкі» фільмам маладых рэжысёраў. У прадстаўнікоў незалежнай кінасупольнасці атрымалася высунуць уласныя прапановы па новым законапраекце «Аб мерах па стымуляванні развіцця кінематографа», але цяпер здаецца, што самая лепшая дапамога, на якую здольныя афіцыйныя структуры, — па магчымасці даваць грошы і не перашкаджаць...


Дар'я Амяльковіч, кінааглядальнік, кінакрытык, член FІРRЕSСІ:

— Юрый Бондар зрабіў шмат заўваг нацыянальнай кінастудыі — пра не лепшую якасць яе фільмаў, пра адсутнасць дакладнай стратэгіі творчага развіцця, пра няўключанасць бізнесу ў кінавытворчасць... Разумеючы гэта, кіраўнік ведамства, між тым, звярнуў увагу на «нездаровы інфармацыйны фон вакол беларускага кіно». Аднак другое акурат вынікае з першага. Калі кінастудыя прапануе няхай і малабюджэтныя, але моцныя ў мастацкім плане ігравыя карціны, зменіцца і стаўленне да яе. У гэтым кантэксце незаслужана наносіцца ўдар па незалежным кінематографе, які апошнім часам якраз спрабуе выйсці з тупіка і прапанаваць гледачу кінатворы, якія рэзануюць з сучасным днём. Калі яны «чарнушныя» — тады можна назваць такімі і большасць стужак сусветнага, еўрапейскага і расійскага кіно. У якасці прыкладу можна згадаць безумоўны расійскі «хіт» мінулага года — пераможцу «Кінатаўра» «Арытмію». Яе рэжысёра Барыса Хлебнікава гэтаксама неаднаразова папракалі ў «беспрасветнасці», тым не менш Міністэрства культуры Расіі палічыла важным і вартым прафінансаваць яго праект пра цяжкія, часам невыносныя будні дактароў хуткай дапамогі.

І асабліва крыўдна чуць крытыку ў бок кінафестывалю «Лістапад», якому за апошнія гады ўдалося стварыць уласнае аблічча і заслужыць добрую рэпутацыю не толькі на постсавецкай прасторы, але і ва ўсёй Еўропе, што з кожным годам толькі прыбаўляе ў сімвалічнай вазе. Падобны вынік дасягнуты менавіта праз стварэнне выдатных кінапраграм, адпаведнага творчага асяроддзя і падтрымкі тых нацыянальных кінаспроб, ініцыятыў, праектаў, якія, нягледзячы на свой — самы розны — статус, адпавядаюць сучаснаму кінакантэксту. Кампліменты ў адрас мінскага кінафестывалю з кожным годам чую ўсё часцей і, прызнацца, толькі з жахам магу ўспрымаць жаданне змяніць падыходы да фарміравання яго праграм.


Аксана Эйхарт, дырэктар студыі «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм»:

— Фільмы «Летапіса» сапраўды мала даследуюць сацыяльныя праблемы, у мінулым годзе толькі «Агмень» прэтэндаваў на нешта падобнае. Але фінансаванне мы атрымліваем праз конкурс кінапраектаў міністэрства культуры, што аб'яўляецца ўжо з тэмамі, якія часта не змяшчаюць у сабе ніякіх праблем. Так што гэта пытанне не столькі да нас, колькі да самога міністэрства. Напрыклад, у мінулым годзе мы займаліся васьмю карцінамі пра намінантаў на дзяржпрэмію — зразумела, мы расказвалі пра выдатных людзей, а не даследавалі праблемы. Трэба ўключаць сацыяльныя пытанні ў тэмы конкурсу — глядзіш, яны з'явяцца і ў кіно. Да таго ж нашы тэрміны вытворчасці не такія вялікія, каб рэжысёр мог доўга назіраць за героем, а на экране нешта адбывалася.

Міністр таксама сказаў, што «Беларусьфільм» павінен зарабляць грошы. Аб'ёмы продажаў у нас сапраўды павялічыліся, але ў прынцыпе прызвана павінна фарміраваць нацыянальную самасвядомасць, што не заўсёды можна змераць грашыма. Наша асноўная задача — каб беларусы адчулі сябе нацыяй, таму шмат праектаў носяць заведама некамерцыйны характар, дзяржава павінна гэта падтрымліваць. Што датычыцца моладзі, яна ў нас з'яўляецца: у штат мы ўзялі Ігара Чышчэню, цікавы праект робіць Саша Маркава, над сумесным з Францыяй фільмам працуе Дар'я Юркевіч.

Міністр казаў пра нездаровы інфармацыйны фон вакол беларускага кіно, я крыху з гэтым згодна. Апошнім часам, асабліва гэтай восенню, вельмі наперад высунулі незалежных кінематаграфістаў. Я ўвогуле супраць таго, каб дзяліць рэжысёраў на залежных і незалежных, бо тыя не цалкам незалежныя, а мы не цалкам залежныя. Да якасці і мастацкай каштоўнасці таго, што паказвалі на нацыянальным конкурсе мінулага «Лістапада», шмат пытанняў, пры гэтым фільмы падаюцца як вельмі добрыя. Акцэнтуецца ўвага на карцінах, знятых бясплатна, але так можна зрабіць адну-дзве работы, а ў нас працуюць прафесіяналы, якія хочуць зарабляць. Рана ці позна гэтыя хлопчыкі і дзяўчаткі павінны будуць звярнуцца да індустрыі з прафесійнымі супрацоўнікамі і тэхнікай. Здараюцца асобныя поспехі асобных рэжысёраў — я толькі за. Але ў «Летапіса» — хоць у нас і быў правальны 2016 год, калі мы нічога не здымалі, — шмат перамог. Калі я чытаю ў «Фэйсбуку» «беларускі фільм упершыню ў Амстэрдаме...» — ды не ўпершыню ён у Амстэрдаме, там ужо была наша Галіна Адамовіч. Увага крыху перацягнулася на іншы бок, і аб'ектыўнага стаўлення да беларускага кіно няма.


Ігар Поршнеў, генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм»:

— Падтрымліваю словы Юрыя Бондара адносна нездаровага інфармацыйнага шуму вакол кінастудыі ў сацыяльных сетках. Вядома, кожны чалавек мае права выказваць сваё меркаванне. Але ў гэтым выпадку гаворка ідзе не аб звычайных карыстальніках і нават не аб тых, хто «не глядзеў, але асуджае», — такія заўсёды былі і будуць. Гаворка ідзе пра людзей, якія за кошт укіду неправеранай ці нават загадзя лжывай інфармацыі задавольваюць свае асабістыя амбіцыі, піярацца такім няхітрым, але, як аказалася, дзейсным спосабам. Калі гаварыць на мове інтэрнэт-супольнасці, ідзе хайп дзеля хайпу. Пры гэтым зусім неабавязкова гаварыць праўду: проста крыкні гучней, прыдумай задзёрыстую гісторыю — і табе павераць.

Са свайго боку мы ўлічым усе выказаныя міністрам заўвагі і прымем меры для ліквідацыі недапрацовак. Сярод найбліжэйшых мэт — стварэнне выразнай стратэгіі творчага развіцця айчыннага кінематографа і як вынік — павышэнне мастацкай якасці кінапрадукцыі, актывізацыя работы па рэалізацыі айчыннага кіно і анімацыі на знешнія рынкі. Плануем больш актыўна супрацоўнічаць з прыватнымі кінавытворцамі, збіраць рэдакцыйны партфель з улікам актуальнасці тэм і запатрабаванасці іх у кінапракаце.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. 

Культура

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат.

Грамадства

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

Мы з Аленай Варановіч пазнаёміліся выпадкова, на вуліцы. Адразу разгаварыліся і знайшлі агульную мову. Тады за кубкам кавы яна сказала мне важныя словы: «Ніколі не губляй мару дзяцінства».

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.