Вы тут

Вершы Сербіі


ВЕРШЫ СЕРБІІ

Гардана ВЛАІЧ

Паэтка, празаік, аўтар трох паэтычных зборнікаў, пяці кніг для дзяцей, рамана, а таксама двух зборнікаў апавяданняў. Лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій. Член Саюза пісьменнікаў Сербіі і аб'яднання пісьменнікаў у Ваяводзіне. Жыве ў Панчаве.

***

Карычнева-белая каза

і зрэзаны дуб

 

Чалавек, якога яна кахала,

доіць зычлівую

карычнева-белую казу

І на французскай,

якой ён не ведае,

не чытае бельгійскія навіны

у люксембурскім цягніку.

 

Яе сын не прачынаецца

з позіркам, апушчаным

на сербскія дзявочыя сцёгны.

Ён бегае па хмарачосах,

марыць перарасці Статую Свабоды

і стаць вышэйшым

за чырвоны кедр.

 

Толькі яе бацька

мірна спіць,

накрыты паблёклымі

кірылічнымі стужкамі,

што ўтрымліваюць пластыкавыя вянкі

пад кронай неіснуючага дуба

і зрэзанай зніклай цені.

***

Чаканне нечаканасці

Свет мінаецца ў чаканні.

У чаканні — да світання,

У чаканні — да прыпынку,

У чаканні — слоў, учынкаў,

 У чаканні — да расстання,

У чаканні.

 

Свет мінаецца ў чаканні.

У чаканні чэрг у бары,

У чаканні паштара,

Лекара, ветэрынара,

У чаканні ганарараў.

У чаканні.

 

Свет мінаецца ў чаканні.

У чаканні нечакання.

 

Аляксандра Радаковіч

Нарадзілася ў 1993 годзе ў горадзе Кралева. Паэтка, удзельніца шэрагу паэтычных калектыўных зборнікаў і анталогій. Па прафесіі юрыст, працуе сакратаром у арганізацыі «Матица исельеника» ў Сербіі. Жыве ў Бялградзе.

***

Летуценны верш

Той неацэнены, ненапісаны, летуценны верш —

Спадарожнік ненароджанага плёну.

Пачуццё кахання абудзіла яго,

І настаў час зміратворанасці.

Бездань думак спарадзіла цьмянае,

ледзь адчувальнае пачуццё

Існавання і Знікнення,

Кароткі ўздых якога

Доўжыўся амаль бясконца.

І адкрыліся душы бязмежнае хараство

І старажытная мудрасць.

Запоўнілі летуценнем горла, душу, цела, рукі.

Аж да таго часу, пакуль ён не знік,

Пакінуўшы пасля сябе пустэчу.

***

Апошні верш для вас

Мы аберагаем душы быццам ад скразняку,

Саромячыся гэтых чалавечых пачуццяў,

Найчысцейшых з пачуццяў, якія можна адчуваць.

А яны пераследуюць нас, стомленыя грахом і сорамам.

Гэта апошні верш для Вас, эпітафія майго натхнення…

Надмагільныя камяні сняць нас… 

Вантробы ў канвульсіях, курчацца ў гэтых сутыкненнях эмоцый,

Якія калечаць магчымасці, што перапаўняюць грудзі.

Нектар маладосці, вулкан выспявання,

Сутаргі ночы, пакуты ранку…

Не такімі былі Вашы планы, ды няхай:

Найлепшыя імгненні адбываюцца незапланавана.

Там, паміж дрэннымі і добрымі справамі,

На гэтай ніве мы і сустрэнемся з Вамі.

Калі сціхне розум і інстынкт

             і ўсмешка затанчыць на вуснах…

 

Міядраг Якшыч

Нарадзіўся ў 1969 годзе ў Бялградзе, дзяцінства правёў у Старой Пазові. Аўтар дваццаці паэтычных і празаічных кніг (перакладзеных на два дзясяткі моў свету), за якія атрымаў шматлікія літаратурныя ўзнагароды ў Сербіі і іншых краінах. Як архітэктар падрыхтаваў звыш двух соцень праектаў, як выдавец — сто дзевяноста кніг і анталогій. Кіраўнік мастацкай групы і выдавецкага дома «АРТЕ». Старшыня арганізацыі «Матица исельеника» ў Сербіі, член праўлення Саюза пісьменнікаў Сербіі, арганізатар і галоўны рэдактар Мастацкай суполкі ў Крчэдзіне, дырэктар Бялградскага фестывалю выканаўцаў «КАНТФЕСТ», а таксама Міжнароднага літаратурнага фестывалю ў горадзе Інджыя «ПРО ПОЕТ». Жыве і працуе ў Бялградзе.

***

Зноў пачынаецца вясна

Ты зменіш парфюм і выправішся ў Лісабон альбо ў Стамбул,

У чаканні, што на цябе спадзе залаты дождж.

Новыя надзеі прынясуць табе новыя пачуцці,

І ты распачнеш наноўку верыць у вершы Бадлера

І ў яго каханне да крэолкі Жанны Дзюваль.

Адмовішся ад кавы,

Абмяжуеш сябе ад барацьбы са сваімі заганамі,

Адновіш сваё членства ў Настаўніка Ёгі

І з поўнай упэўненасцю, што адзенне перашкаджае сустрэчы з сабой,

З апантанасцю, цалкам голай, распачнеш заняткі Ёгай.

Без лішняй мітусні будзеш скарыстоўваць яго, скарыстоўваць…

Трэба табе партнёр альбо не…

Раз-пораз задумаешся аб пірсінгу на геніталіях,

Па згодзе пераспіш з вялікай колькасцю маладых людзей

І зразумееш, чаго жадаеш, да чаго імкнешся.

Між тым, заслону таямнічых сувязей так і не захочаш прыадчыніць.

Перастанеш прысутнічаць у Twitter і будзеш любіць сябе.

Не будзеш пазбягаць адчування поўнага шчасця. І будзеш любіць сябе.

У снах сваіх будзеш паміраць, а ў рэальнасці — існаваць. І будзеш любіць

         сябе.

Аздабляючы звычайны дзень, будзеш набываць розныя цікавосткі

І без веры ў таго, хто прапануе табе перамены ў тваім целе, будзеш насіць яшчэ больш кароткія сукенкі,

Быццам бы здзекваючыся з жанчын з імплантамі.

Будзеш ствараць альбомы са шматлікіх сэлфі...

Ізноў пачынаецца вясна.

Ды паспрабуй жа ўжо нешта новае…

 

З сербскай мовы. Пераклад Марыі КОБЕЦ.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як падлеткі становяцца законапаслухмянымі

Як падлеткі становяцца законапаслухмянымі

У Беларусі чатыры спецыяльныя лячэбна-выхаваўчыя ПТВ закрытага тыпу для падлеткаў. 

Грамадства

Як Калядкі і Хаім Суцін натхнілі дызайнераў «Млына моды»

Як Калядкі і Хаім Суцін натхнілі дызайнераў «Млына моды»

У фінале XXVІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота прадставілі 87 калекцый, распрацаваных сотняй аўтараў. 

Грамадства

Як пажылому чалавеку не адстаць ад жыцця

Як пажылому чалавеку не адстаць ад жыцця

У сталічным Цэнтры актыўнага даўгалецця нядаўна адкрылася антыкафэ для пажылых людзей. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра Дзеда Янука і Мурчуню, гасцінец для ўнука і такое кіно.