Вы тут

Партыйныя лідары пра выбары


Камуністы робяць стаўку на моладзь, партыя працы — на рэгіёны, а лібералы стукаюць у дзверы выбаршчыкаў. Як партыі, што вылучылі самую большую колькасць прэтэндэнтаў на дэпутацкія партфелі, рыхтуюцца да мясцовых выбараў?


Георгій АТАМАНАЎ, першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта КПБ, другі сакратар ЦК КПБ:

Фота: minsknews.by

— Агітацыйны этап праходзіць згодна з нормамі і правіламі. Хацелася б, каб людзі больш актыўна рэагавалі на пікеты, улёткі, якія змяшчаюць праграмныя палажэнні. Важна, каб беларусы праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю, прыйшлі і зрабілі свой выбар. Мы правялі з зарэгістраванымі кандыдатамі інструктыўныя заняткі, апублікавалі на сайце і ў газеце зварот да выбаршчыкаў і партыйную платформу. Прасілі сваіх прадстаўнікоў цікавіцца праблемамі выбаршчыкаў у акругах, дзе яны вылучаюцца. Рашэнне гэтых пытанняў знойдзе ўвасабленне ў праграмных выступленнях патэнцыйных дэпутатаў, затым у дакументах, якія будуць прымацца імі ў выпадку абрання.

Сярод нашых кандыдатаў прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў. Практычна кожны пяты кандыдат — ва ўзросце да 31 года. Сёлета мы вельмі стараліся далучыць моладзь да ўдзелу ў выбарах. Мэта простая — за імі будучыня. Маладыя людзі павінны пераймаць вопыт ветэранаў. І мы хочам, каб яны вучыліся працаваць і на выбарчых кампаніях, і падчас іншых палітычных мерапрыемстваў.


Алег ГАЙДУКЕВІЧ, першы намеснік старшыні і кіраўнік выбарчага штаба Ліберальна-дэмакратычный партыі Беларусі:

Фота: 24.kz

— Я ўпэўнены: калі партыя не прымае ўдзел у выбарах — яна не існуе. Партыі для гэтага і створаны, каб удзельнічаць у выбарах, перамагаць і рэалізоўваць сваю праграму. Сёлета мы засяродзіліся на вылучэнні кандыдатаў у гарадскія і абласныя Саветы дэпутатаў. У Мінску вылучылі прэтэндэнтаў у кожнай акрузе — гэта 57 чалавек. Зарэгістравана з іх 49. Усяго вылучылі ад партыі 267 кандыдатаў (зарэгістравана 228 — Аўт.). Тыя, каго не ўключылі ў спіс, зрабілі памылкі ў дэкларацыях. Некаторыя зняцці мы абскардзілі і дзесьці нават даказалі, што не было значных памылак.

Асноўнае на сёлетніх мясцовых выбарах, на наш погляд, — гэта абыход кватэр, раздача ўлётак, размовы з выбаршчыкамі. Пікеты ў зімовы час неэфектыўныя — холадна, людзі спяшаюцца дадому.

Сёння прэтэндэнты ад нашай партыі прадстаўляюць магутную палітычную сілу, кожны кандыдат заўсёды зможа на яе абаперціся. Мы прадстаўлены і ў парламенце, і ў Савеце Рэспублікі.

Мы стараліся вылучаць на выбары людзей справы. Выбаршчыкі не вераць у пустыя абяцанні. Яны ацэньваюць жыццёвы шлях, які прайшоў чалавек, узровень якога дасягнуў. Сярод нашых кандыдатаў — бізнесмены, дырэктары прадпрыемстваў, урачы, настаўнікі, рабочыя. У Мінску вельмі многа прэтэндэнтаў — прадпрымальнікаў сярэдняга і малога бізнесу. Менавіта яны ствараюць працоўныя месцы. Як бы людзі ні ставіліся да таго ці іншага кандыдата, галоўнае — прыйсці на ўчастак і зрабіць свой асэнсаваны выбар.


Васіль ЗАДНЯПРАНЫ, старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці:

Фота: rpts.by

— Падчас гэтай кампаніі, на жаль, у нас амаль палова акруговых камісій зарэгістравала па адным кандыдаце. Там, дзе ўнесены ў спіс па два і больш прэтэндэнтаў, кампанія ідзе значна цікавей. Нашы кандыдаты вельмі актыўна ўключыліся ў барацьбу. Яны друкуюць больш улётак сваіх праграмных заяў, заказваюць дадатковыя партыйныя сцягі для пікетаў.

На працягу кампаніі і ў выбаршчыкаў з'яўляецца цікавасць. Яны звяртаюцца да нас, тэлефануюць у цэнтральны апарат, просяць ахарактарызаваць кандыдатаў. Размаўляюць з самімі прэтэндэнтамі, просяць расказаць пра намеры па рабоце ў пэўных рэгіёнах.

Асноўнае палажэнне праграм нашых кандыдатаў — галоўная ўвага выбаршчыку. Калі чалавек працаўладкаваны, мае добры сацыяльны пакет, ён стараецца больш плённа выкарыстоўваць свае магчымасці на карысць сям'і, павышаць прафесійныя навыкі і падтрымліваць уладу, якая забяспечвае такі ўзровень жыцця.

Кандыдаты ад нашай партыі больш прадстаўлены ў рэгіёнах. У сталіцы — толькі 18 чалавек (усяго зарэгістравана 177 членаў партыі — Аўт.). Сярод прэтэндэнтаў, членаў нашай партыі, людзі разнастайных прафесій — дырэктары школ, прадпрыемстваў, бізнесмены. Увогуле людзі, якія вядомыя ў тым рэгіёне, дзе яны балатуюцца.

Марыя ДАДАЛКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.