20 Чэрвень, серада

Вы тут

Канкурэнцыя паміж гандлёвымі сеткамі ў вёсках абвастраецца?


Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Праўленне Белкаапсаюза напярэдадні наведалі Пастаўскі раён і правялі сумеснае пасяджэнне. На парадку дня былі пытанні эфектыўнасці абслугоўвання сельскага насельніцтва і канкурэнтаздольнасці арганізацый спажыўкааперацыі.


Падчас наведвання гандлёвых кропак старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый ІВАНОЎ адзначыў, што для насельніцтва вельмі важныя тыя формы і традыцыйны асартымент тавараў, якія прапануе кампанія ў сваёй гандлёвай сетцы. «Мы вырабляем натуральныя прадукты харчавання з адсутнасцю хімічных дабавак. Па цэнах таксама не саступаем сваім канкурэнтам. Я лічу: больш за 200 такіх буйных гандлёвых кропак па краіне — гэта не ўсё, на што мы здольныя», — адзначыў Валерый Іваноў. Паводле яго слоў, за апошнія гады рэзка змяніўся фармат гандлю ў крамах. «Мы адаптуемся пад патрэбы пакупніка як інтэр'ерам, так і якасцю. Увесь асартымент нашых буйных крамаў прысутнічае ў любым гандлёвым пункце ў сельскай мясцовасці. Нягледзячы на тое, што часта ўтрыманне гандлёвых пунктаў у некаторых сельскіх раёнах стратнае, знаходзім спосаб кампенсаваць гэты момант. У нас ёсць і такая форма работы, як выязны гандаль і гандаль па замове», — дадаў Валерый Іваноў. Пры гэтым, кажучы пра канкурэнцыю з іншымі, прыватнымі гандлёвымі сеткамі, якія паспелі ўжо ўкараніцца ў краіне, Валерый Іваноў адзначыў, што наяўнасць іншых гульцоў на рынку падганяе Белкаапсаюз да больш эфектыўных формаў работы.

У сваю чаргу прыватныя буйныя гандлёвыя сеткі настроены на развіццё партнёрскіх адносін з Белкаапсаюзам. Прадстаўнікоў бізнесу таксама запрасілі прыняць удзел у сумесным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. Па словах аперацыйнага дырэктара гандлёвай сеткі «Еўраопт» Уладлена АТРОШКІНА, яго кампанія разлічвае менавіта на партнёрства. «Мы перайшлі да прапрацоўкі канкрэтных кірункаў. Зможам супрацоўнічаць у рэгіёнах, дзе Белкаапсаюзу з аб'ектыўных прычын нязручна працаваць», — сказаў Уладлен Атрошкін. Гэта задача перад гандлёвай сеткай «Еўраопт» стаіць ужо ў 2018 годзе.

«Нам патрэбна не канкурэнцыя, а партнёрства, — выказаў сваё меркаванне старшыня савета дырэктараў кампаніі «Тытунь-інвест» Павел ТАПУЗІДЗІС. Яго кампанія ўжо рэалізуе праект па комплексным гандлёвым абслугоўванні насельніцтва ў сельскай мясцовасці ў Шклоўскім раёне сумесна з Белкаапсаюзам.

Падчас сумеснага пасяджэння старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што ў гандлёвым абслугоўванні сельскага насельніцтва намячаецца сур'ёзная канкурэнцыя. «Пры гэтым шматлікія сеткавікі пры арганізацыі гандлёвага абслугоўвання ў рэгіёнах арыентуюцца на раённыя цэнтры, дзе ўзровень даходаў насельніцтва вышэйшы», — дадаў ён. Кіраўнік Савета Рэспублікі падкрэсліў, што не варта забываць і пра жыхароў хутароў і аддаленых вёсак. Гэтыя пытанні павінны вырашацца ў тым ліку Саветамі дэпутатаў, выканкамамі.

«Неабходна шукаць магчымасці, каб спажыўкааперацыя больш гандлявала беларускімі прадуктамі, — заўважыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр ПАПКОЎ. — Яна павінна стаць пасярэднікам паміж вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі і рынкам. Трэба наладжваць цэхі перапрацоўкі, ствараць новыя працоўныя месцы, зніжаць сабекошт прадукцыі».

Больш падрабязна пра выязное пасяджэнне - у адным з бліжэйшых нумароў "МС".

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Баланс інтарэсаў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Падарожжа на расійскі Далёкі Усход

Падарожжа на расійскі Далёкі Усход

Аўтар матэрыялу раней працаваў у «Звяздзе». Але і цяпер не забывае родную газету.