Вы тут

Уладзімір Варанкоў: У 60 я іграю Рамэа!


Учора споўнілася пяць гадоў тэлеканалу «Беларусь 3». Адным з яго твараў стаў акцёр Уладзімір Варанкоў, які агучвае мядзведзіка Топу ў «Калыханцы». У гэтай праграме, дарэчы, як жартуе сам Уладзімір Міхайлавіч, ён «30 гадоў пад сталом». За яе і атрымаў «Тэлевяршыню». Зрэшты, гэты год стане юбілейным і для самога акцёра. Пра тэлебачанне, працу з вядомымі кінарэжысёрамі Валерыем Тадароўскім і Васілём Пічулам, здымкі ў кліпе гурта «Ленінград» мы распыталі Уладзіміра Варанкова.


— Уладзімір Міхайлавіч, сёлета вам споўніцца 60. Час падводзіць вынікі?

— Канчатковы вынік, на мой погляд, падводзіць рана, бо, на шчасце, я застаюся запатрабаваным артыстам. Свае 60 я раздзяліў бы на тры этапы па 20. Першыя 20 гадоў — гэта станаўленне. Я рос у шматдзетнай сям'і, у мяне чацвёра братоў. Мой бацька прайшоў вайну, пасля працаваў на заводзе, быў, дарэчы, дастаткова жорсткім чалавекам. Выхоўваў нас такім чынам, каб мы імкнуліся ўсяго дасягаць самастойна. Мама шмат гадоў працавала ў першай клінічнай бальніцы. Усе браты, як і бацька, пайшлі на завод. А ў мяне спрацавалі бабуліны гены. Яна ў вёсцы была замест тамады, з лёгкасцю арганізоўвала вяселлі, праводзіла пахаванні. Тата тады казаў: «Гэта цешча вінаватая». Таму, калі заканчваў школу, не стаяла пытанне, куды паступаць. Сказаў — насуперак волі бацькоў, — што пайду ў артысты.

У мяне, дарэчы, не адбылася мутацыя голасу, ад прыроды ён высокі. У лялечным тэатры на фальцэце дзве гадзіны іграў Бураціна. На міжнародных фестывалях паглядзець на мяне прыходзілі замежнікі — не верылі, што артыст можа вадзіць марыянетачную ляльку і размаўляць такім голасам. У пачатку 1980-х кіраўнік французскага тэатра лялек запрасіла мяне цішком у рэстаран і ўгаворвала, каб я застаўся за мяжой папрацаваць хоць бы на год. Але ў той час пра гэта не магло быць і размовы. Я — сакратар камсамольскай арганізацыі, і гэтым усё было сказана. Я тады, дарэчы, атрымаў прыз за найлепшую ролю, а Бураціна стаў сімвалам міжнароднага фестывалю тэатраў лялек.

— Чаму выбралі тэатр лялек?

— Калі я паступаў у тэатральна-мастацкі інстытут, гэта быў 1975 год, ішоў першы набор акцёраў тэатра лялек. Курс набіраў народны артыст Беларусі Анатоль Аляксандравіч Ляляўскі, і ён паклікаў мяне. А на «драму», з якой мы вучыліся разам, курс набіраў Барыс Іванавіч Луцэнка. Ён, дарэчы, дагэтуль часта ў мяне пытае, чаму я не прыйшоў да яго ў тэатр імя Горкага. Адказваю: таму што не паклікаў тады мяне на свой курс (усміхаецца). Так пасля заканчэння я трапіў у тэатр лялек. І другі перыяд майго жыцця — калі я 20 гадоў адпрацаваў там. За гэты час з'явілася сям'я, нарадзіўся сын. І ў нейкі час я зразумеў, што ўпіраюся ў столь. У тэатр прыйшоў сын Анатоля Ляляўскага Аляксей, які і дагэтуль працуе там галоўным рэжысёрам. Яму хацелася ўсё зрабіць па-новаму. Можна было змірыцца, але акцёрскія амбіцыі мне не дазволілі, я вырашыў сыходзіць. У той перыяд у маім жыцці пачало з'яўляцца кіно. Хаця тады не тое каб было забаронена здымацца. Проста ў тэатральных акцёраў была вялікая занятасць — ранішнія і вячэрнія спектаклі, гастролі — калі паехалі, то на месяц. Надыходзілі няпростыя часы перабудовы, трэба было неяк зарабляць. Я пайшоў у «Хрыстафор», тады яму было 10 гадоў, ён быў на піку сваёй папулярнасці.

Чым вас так прывабіў «Хрыстафор»?

— У той час можна было пайсці ў любы драматычны тэатр, але там ты залежны ад роляў, ад рэжысёра. У мяне было захапленне капуснікамі. Тады раптам усё стала дазволена, хацелася чагосьці новага. І мы строілі дурня, я тады першы раз пераапрануўся ў жаночую сукенку. Мы грунтоўна заселі ў Маскве з «Хрыстафорам». Але калі пайшла размова пра канчатковы пераезд тэатра ў расійскую сталіцу, Яўген Крыжаноўскі не рызыкнуў. У яго быў чарговы раман, чарговы шлюб, нарадзілася дзіця... Праўда, і мне аднаму Рэгіна Дубавіцкая прапаноўвала пераехаць, я тады рабіў праграму з Кларай Новікавай. Не пагадзіўся, але гэта быў добры час: з «Аншлагам» паездзілі па Расіі, Казахстане. Я з гонарам кажу, што быў на Байкануры, на свае вочы бачыў запуск ракеты, пабываў у музеі гісторыі касмадрома...

— А ўрэшце трапілі на тэлебачанне...

— Ужо ў той перыяд, калі працаваў у лялечным тэатры, Ніна Шоба арганізоўвала «Калыханку», яны запрасілі туды вядучых акцёраў тэатра лялек — Валянціну Пражэеву і Уладзіміра Грамовіча. А нас, моладзь, падцягвалі ў якасці дублёраў. Некалькі першых гадоў я быў дублёрам. І вось ужо 30 гадоў агучваю мядзведзіка Топу. Было чатыры лялькі Топы — і ўсе рабіліся пад мяне. Прыходзілі ў «Калыханку» і новыя персанажы. Але Топа і Буслік, якога зноў вярнулі, — старажылы, на перадачы ледзь не з дня яе арганізацыі. Вось так і атрымалася: спачатку было як хобі — для душы, а з часам ператварылася ў сапраўдную прафесію. Нават калі я сышоў з лялечнага тэатра, гэта маё захапленне засталося.

З чаго для вас пачыналася кіно?

— Мяне ўбачыў маскоўскі рэжысёр, і мяне ўдала прадалі. Знакавая роля, калі мне сказалі, што для кіно я падыходжу, у карціне Валерыя Тадароўскага «Палюбоўнік». Мяне выклікала памочніца рэжысёра Таццяна Талькова. Тадароўскі доўга на мяне глядзеў і сказаў: «Я шукаю персанаж, і я яго знайшоў. Такога твару бухгалтара, які пракраўся, я ніколі не бачыў». На здымачнай пляцоўцы мне сказалі, што нічога асаблівага рабіць не трэба. «Сцэна будзе адбывацца на вашым фоне, вы толькі ў думках шукайце, як выкруціцца». Потым мне Алег Янкоўскі, які выконваў у фільме галоўную ролю, сказаў: «Вось ты думаеш усялякую лухту, а ўсе ходзяць і захапляюцца, як ён сыграў!» Так я зразумеў, што можна падмануць кіно.

Потым быў Васіль Пічул, вядомы па фільме «Маленькая Вера». Ён прыехаў да нас здымаць «Заставу Жыліна». Паклікаў мяне і сказаў: хачу, каб ты сыграў капітана НКУС. Капітан там не зусім звычайны. Гэта тып чалавека, які безліч разоў паступае ў тэатральны інстытут, а яго не бяруць. І ён прыйшоў сюды, і тут у яго тэатр. «Рабі што хочаш. Дазваляю нават рукапрыкладства ў сцэне допыту», — сказаў мне Пічул. Мы адыгралі, ён ледзь не ўпаў з крэсла. Я думаў, што зараз вылаецца... А ён сказаў, што не будзе нават рабіць другі дубль, бо больш я так не сыграю. І было пасля шмат карцін. Я сутыкнуўся з тым, што ў нашым кіно могуць павесіць шаблон камедыйнага артыста і глыбей ніхто не капае. А расійскія рэжысёры прыязджаюць — яны не ведаюць, хто ты, і можаш атрымаць нечаканую прапанову.

— У вас увогуле разнастайнае акцёрскае амплуа — ад мядзведзіка Топы да разбітнога ваеннага ў кліпе гурта «Ленінград» «Бомба»...

— Гэта працяг «дыягназу», вынесенага Валерыем Тадароўскім. Як мне расказалі, калі фотаздымкі акцёраў глядзеў Сяргей Шнураў, у мяне не было канкурэнтаў. Мой ён паглядзеў і адразу выбраў. Потым пабачыў мяне ўжывую, моўчкі кіўнуў — і я пайшоў пераапранацца, нават не ведаючы, якую ролю трэба сыграць. Кліп здымалі ў Палацы прафсаюзаў у Мінску, спатрэбіліся ўсяго суткі. Сяргей Шнураў паўдня быў з намі, адпісалі песню. Ён, дарэчы, вельмі адукаваны чалавек пры ўсёй сваёй знешняй неадпаведнасці. І побач з ім або сядзі ціхенька і слухай, або думай, што адказаць. Сустрэліся пасля выпадкова ў студыі «Панарама» ў Піцеры, я здымаўся ў крымінальным серыяле «Гончая». Ён павітаўся са мной, добра паразмаўлялі.

Прадзюсарская кампанія, якая робіць кліпы для «Ленінграда», шмат у Мінску здымае. Гэта больш танна. Расійскія акцёры, калі браць добрых, патрабуюць вялікія ганарары. А мы танненькія, харошанькія і таленавітыя.

— Пасля 60 вы пачняце чацвёрты этап. Якім ён будзе?

— Ведаеце, зараз не тое што «Хрыстафор» састарэў, час іншы. Не тое што гумар не той, прыйшло новае пакаленне, і яно ўсё бачыць па-свойму. За што я сябе люблю, дык гэта за тое, што дагэтуль магу заставацца дзіцем (усміхаецца). Гэта ў пашпарце мне 60, а на справе можна нуль прыбраць. Калі, дарэчы, выкрадаю на выхадныя ўнучку, сын кажа, за мяне баіцца больш, чым за яе. Спадзяюся, што ўдаецца захоўваць у душы падораныя прыродай і бацькамі наіўнасць і шчырасць. Таму і маё творчае жыццё працягваецца. Я цяпер разумею, што магу трапіць у любую афёру ў добрым сэнсе. Вось зараз удзельнічаю ў рэпетыцыях Сучаснага мастацкага тэатра. У 60 я іграю Рамэа! Рэжысёр Уладзімір Ушакоў кажа: я разумею, што нас за гэта не пахваляць, але ўявім, што героі Шэкспіра засталіся жыць. Там чатыры пакаленні: чатыры Рамэа, чатыры Джульеты. Прэм'ера прызначана на 13 лютага. Рэпетыцыі ідуць не ў тэатры, а ў асобнай арт-прасторы, дзе сустракаюцца такія ж апантаныя, якія хочуць чагосьці новага, зборная акцёраў з розных тэатраў. Я зразумеў, што такіх, як я, вар'ятаў у кожным тэатры хапае.

Працягваецца і мая праца на тэлебачанні. Вось зараз — пяцігоддзе тэлеканала «Беларусь 3». Вяртаюся на зямлю, бяру мядзведзіка Топу і прадстаўляю канал. Я з'яўляюся яго тварам, паколькі ў 2016 годзе ўзнагароджаны «Тэлевяршыняй» па выніках галасавання гледачоў. Здавалася б, 30 гадоў пад сталом, цябе не бачаць і не ведаюць. Гэта не так, мяне ведаюць усе. Напэўна, калі б заставаўся ў адным тэатры, атрымаў бы званні, працаваў бы сабе спакойна. Але гэта не для мяне, мне было б сумна. Галоўнае ж — не ўзнагароды. Сын аднойчы ў мой камп'ютар залез і здзівіўся: у цябе столькі фільмаў! Так, я здымаўся з многімі расійскімі зоркамі. Напрыклад, у Дзмітрыя Баршчэўскага ў «Цяжкім пяску», там цалкам «зорны» склад. У мяне там вельмі добрая роля, я сыграў фатографа. Запрашалі тады, чарговы раз, дарэчы, застацца ў Маскве, я быў вельмі запатрабаваны.

— А што не атрымалася ў жыцці?

— Так, у гэтага вясёлкавага малюнка ёсць і цёмны бок. Я страціў сям'ю. Мы засталіся з жонкай Юляй сябрамі, але яна ў 1999 годзе паехала ў Амерыку. І для яе ўдарам было не столькі тое, што я не паехаў, а што сын вырашыў застацца са мной. Я зразумеў, што новай сям'і не будзе, бо ёсць сын і ўнучка Мар'яна, ёй ужо 10. Юля часта прыязджае ў Беларусь. Дарэчы, калі сын ажаніўся, яго цешча падарыла яму машыну. Я сказаў Юлі: вось так трэба жыццё пачынаць, тады ніхто нікуды не з'едзе (усміхаецца).

Некалькі разоў можна было перайначыць жыццё. Барыс Іванавіч Луцэнка запрашаў у рускі тэатр на канкрэтную ролю. Тады ішоў знакаміты спектакль «Кабала святош» паводле Булгакава. Філатаў іграў Мальера і трагічна загінуў. Луцэнка мне казаў, што гэта мая роля, можна было рэзка змяніць лёс. А я адмовіўся. Былі магчымасці застацца ў Маскве некалькі разоў, калі клікалі... Але я ні аб чым не шкадую.

— Як звычайна адпачываеце?

— Я вельмі лёгкі на пад'ём. Прыходжу, стаміўшыся пасля навагодніх ёлак, а сын кажа: а паехалі куды-небудзь. І 16 студзеня мы паляцелі ў Егіпет. Я, праўда, хацеў паехаць з унучкай. А Каця, мая нявестка, кажа: толькі з намі. Ну, кажу Мар'яне, што рабіць, трэба іх браць. Мы тыдзень правялі ў Егіпце. Што зарабілі на Новы год, на тое і адпачылі. Ці вось на выхадных з сябрам сабраліся і паехалі ў Вільнюс да нашага таварыша ў госці. Змена абстаноўкі для мяне вельмі важная.

Алена КРАВЕЦ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. 

Культура

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат.

Грамадства

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

Мы з Аленай Варановіч пазнаёміліся выпадкова, на вуліцы. Адразу разгаварыліся і знайшлі агульную мову. Тады за кубкам кавы яна сказала мне важныя словы: «Ніколі не губляй мару дзяцінства».

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.