21 Май, панядзелак

Вы тут

Вечар сустрэчы


Пакуль на зямлі стаіць твая школа, да таго часу ты адчуваеш сябе вучнем.

Заўтра ў нашай школе, як і шмат-шмат гадоў было ў першую суботу лютага, — вечар сустрэчы выпускнікоў. Запаляцца ўсе вокны двухпавярховага ружовага будынка, зазвіняць рэхам па калідорах галасы — радасныя, усхваляваныя, здзіўленыя. Пасля кожны клас збярэцца асобна, і будуць успаміны, і жарты, і доўгія, крыху сумныя погляды адзін на аднаго, і пачуццё лёгкай няёмкасці ад гэтай незваротнай даросласці і ад таго, што за школьнай партай цесна... Добра, што хтосьці прыдумаў калісьці гэту традыцыю — у слотным галалёдна-завейным лютым, калі зіма ўжо абрыдла, а да вясны яшчэ далёка, праводзіць такое цёплае, кранальнае мерапрыемства. Нават калі ты (ну па вельмі ўважлівай, канешне ж, прычыне) на яго не трапляеш, усё роўна пачатак апошняга месяца зімы напоўнены светлымі ўспамінамі, ад якіх хораша становіцца на душы і весялей глядзіцца на гэты адубелы і засівералы свет.


Мне, напрыклад, прыгадваецца наша старая школа (у новай наш клас паспеў адвучыцца апошнія паўтара года, дагэтуль найактыўнейшым чынам папрацаваўшы на яе будоўлі). Старая школа — доўгі, у форме перавернутай літары «г», будынак — была не што іншае, як ксяндзоўскі дом. Самы сапраўдны — «за польскім часам» тут жыў пробашч касцёла. Касцёл стаяў тут жа на высокай гары і быў відаць здалёк. Пасля вайны ён быў і складам, і спортзалай, і клубам, пакуль яго ўвогуле не сцерлі бульдозерам з твару зямнога. (Цяпер усё вярнулася на кругі свая — новы касцёл на старым фундаменце горда ўзвышаецца на высокай гары, а ў колішняй школе жыве ксёндз).

У старой школе былі невялікія ўтульныя класы з абавязковымі грубкамі (хоць ужо даўно было праведзена паравое ацяпленне), якія перад вераснем фарбавалі ў серабрысты колер. У некаторых класах яшчэ стаялі парты з адтулінамі для чарніліц, бліскуча-слізкія ад шматлікіх слаёў бледна-зялёнай фарбы. З выгод цывілізацыі ў школе быў электрычны званок, але ён вельмі часта ламаўся, і тады прыбіральшчыца цётка Вікця даставала з ёй адной вядомай схованкі «званок для апошняга званка» і, трасучы яго ў руцэ, абходзіла ўсе калідоры. А пад капяжамі ў той школе былі ўкапаныя ў зямлю ёмістасці, куды збіралася дажджавая вада. У непагадзь вучні і настаўнікі боўталі там нагамі, мыючы гумавыя боты.

А яшчэ ў школе было сапраўднае сутарэнне. Трапіць у яго можна было толькі з кладоўкі, дзе захоўваўся рыштунак прыбіральшчыц, — праз адмысловую дзірку ў падлозе, закрытую вечкам з цяжкім металічным кольцам. Пацягнуўшы за кольца ўверх, спусціўшыся па лесвіцы, трапляў у халодную і цёмную прастору, пра якую старшакласнікі складалі страшныя байкі — пра замучаных людзей і шкілеты. Станавілася вусцішна, асабліва калі з цемры пачынала адсвечваць цьмяна-белае, і мы стрымгалоў імчалі ўверх, выбягалі з той кладоўкі, варочаючы вёдры ды швабры. (Насамрэч там паблісквалі храсткі прарослай бульбы — у сутарэнні захоўваўся ўвесь сабраны са школьнага агарода для школьнай жа сталоўкі ўраджай).

Быў час, калі месца ў школе ўсім не хапала і малодшыя класы вучыліся ў другую змену. Узімку пляцоўка перад школай вечарам ператваралася ў стаянку для запрэжаных саней — бацькі з іншых вёсак клапаціліся аб дастаўцы нашчадкаў дадому. Гучаў званок з апошняга ўрока — і мы, расхрыстаныя, на хаду зашпіляючы партфелі, навыперадкі ляцелі, каб заняць у тых санках лепшае месца...

А вясной і ўвосені на пляцоўцы перад школай праходзілі ўрачыстыя лінейкі. Настаўнікі, запрошаныя госці і ветэраны вайны размяшчаліся на крытай верандзе перад галоўным уваходам. Мы ж, пастроеныя ўсёй школай «у каробку», стаялі на пляцоўцы. Вялікай бяды ў тым не было: абапал яе раслі векавыя ліпы, шаты якіх ахоўвалі і ад сонца, і ад дажджу. Толькі вось... у гэтых самых шатах вельмі любілі гнездавацца і весці свой рэй вароны і іншыя іх гарластыя сваякі. Аднойчы дурныя птушкі зняважылі дзеяннем сцяг нашай піянерскай дружыны і ўсю «знамённую групу», у якой на галовах былі чырвоныя пілоткі. Спачатку лінейка ціхенька пырскала і ўздыхала, але праз колькі хвілін над школай лунаў проста грандыёзны рогат.

А яшчэ ў старой школе, седзячы каля акна, можна было ўцячы з класа проста пасярод урока. Асабліва вясной, калі старая чаромха, ківаючы ля шыбы белымі ад кветак галінкамі, завабліва клікала: выходзь! Для гэтага трэба было ціхенька адсунуць на акне зашчапку, прыадкрыць фортку, згледзець, калі настаўнік трывала павернецца да дошкі, злаўчыцца і скокнуць цераз падаконнік. Некаторыя, асабліва спрытныя, маглі да канца ўрока і назад вярнуцца, цягнучы за сабой цяжкі ахапак чаромхі. Клас задаволена гудзеў, а настаўнік, адвярнуўшыся ад дошкі, здзіўлена лыпаў вачыма, не разумеючы, адкуль раптам з'явіўся гэты цяжкі дурманны водар, ад якога зусім не хочацца ў маі месяцы працаваць...

Старую школу любілі ўсе — і вучні, і настаўнікі. І калі нам пабудавалі новую — ружовую, двухпавярховую, з усімі выгодамі і адмысловымі кабінетамі, мы не хацелі туды пераязджаць. Будынак на гары застаўся стаяць, прыгаломшаны, асірацелы, з цёмнымі пустымі вокнамі. Ён быў бачны здалёк і адусюль, і мы ўсе адчувалі сябе крыху здраднікамі.

Цяпер і ў новай школе — амаль пуста, яшчэ пару гадоў, і яе зачыняць, а нешматлікіх вучняў будзе вазіць у іншую вёску вясёлы жоўты аўтобус. Не стане і вечароў сустрэчы — каму ў той чужой аб'яднанай школе за дзясятак і больш кіламетраў, справа да тых, хто з заміраннем чакаў апошняга званка ў цені векавых ксяндзоўскіх ліп?

Застанецца толькі тое, што, як і ўласнае неба, усё жыццё носім з сабой.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як падлеткі становяцца законапаслухмянымі

Як падлеткі становяцца законапаслухмянымі

У Беларусі чатыры спецыяльныя лячэбна-выхаваўчыя ПТВ закрытага тыпу для падлеткаў. 

Грамадства

Як Калядкі і Хаім Суцін натхнілі дызайнераў «Млына моды»

Як Калядкі і Хаім Суцін натхнілі дызайнераў «Млына моды»

У фінале XXVІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота прадставілі 87 калекцый, распрацаваных сотняй аўтараў. 

Грамадства

Як пажылому чалавеку не адстаць ад жыцця

Як пажылому чалавеку не адстаць ад жыцця

У сталічным Цэнтры актыўнага даўгалецця нядаўна адкрылася антыкафэ для пажылых людзей. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра Дзеда Янука і Мурчуню, гасцінец для ўнука і такое кіно.