Вы тут

У Мінску прайшоў Фестываль батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы»


Батлеечнікі і лялечнікі сабраліся на святкі ў адукацыйным цэнтры Свята-Елісавецінскага манастыра ўжо чацвёрты раз. Аб'яднаныя шчырым жаданнем падарыць гледачам радасць і святочны настрой, яны прывезлі ў Мінск займальныя і павучальныя, вясёлыя і кранальныя, класічныя і эксперыментальныя, непадобныя адзін да аднаго спектаклі.


Пад адным дахам сёлета сустрэліся калектывы з розных гарадоў Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы, Эстоніі, Вялікабрытаніі і Германіі. Беларускую і замежную праграмы «Нябёсаў» ацэньвалі не толькі гледачы, але і члены журы: амаль усе тэатры-ўдзельнікі ў выніку былі адзначаны дыпломамі, у прыватнасці спецыяльнымі дыпломамі ад Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. Пераможцам стаў львоўскі тэатр эстрадных мініяцюр «І людзі, і лялькі»: пастаноўка «Скінія залатая» Рамана Козака атрымала Гран-пры і дыплом «За найлепшы спектакль». Пасля падзякі арганізатарам прадстаўнікі тэатра ў калядных традыцыях выканалі вядомую песню, словы якой адразу падхапілі іншыя канкурсанты.

Самым далёкім ад Беларусі ўдзельнікам «Нябёсаў» гэтым разам быў лялечны тэатрык «Вялікі Нос» (BіgNose Theatrіk) з англійскага горада Олд Стратфард. Ён прыехаў на фестываль у Мінск упершыню і атрымаў дыплом «За найлепшы дэбют» — яго спектакль «Казка пра БабУшку» рэжысёра Наталлі Курашовай-Шрадзецкі паказалі ажно два разы. Самай кранальнай ды павучальнай назвалі пастаноўку «Мішка і Раство» ад тэатрыка Сашы Луняковай з расійскага горада Пушкіна: ёй прысудзілі дыплом «За найлепшае раскрыццё духоўна-маральнага зместу спектакля». Прыгожая батлейка сямейнага тэатра з беларускай вёскі Стойлы павезла дадому ўзнагароду «За найлепшае мастацкае афармленне батлеечнай скрыні». На «Нябёсах», дарэчы, была арганізавана адмысловая выстаўка ўзораў батлеечнага мастацтва — макеты лялек ды скрыняў прадаставілі самі ўдзельнікі.

Вядучы і мастацкі кіраўнік фестывалю акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Аляксандр Ждановіч нагадаў, што фестываль не імкнецца вызначаць найлепшых, а хоча падарыць радасць і любоў кожнаму, хто са сваім тэатрам прыехаў у Свята-Елісавецінскі манастыр. Здаецца, гледачам і членам журы сапраўды спадабаліся ўсе выступоўцы, і ніводнаму чалавеку на «Нябёсах» не прыйшлося адчуць сябе пакрыўджаным.

Фестываль батлеечных і лялечных тэатраў у Мінску можна лічыць і сапраўдным дзіцячым святам: амаль кожны калектыў, акрамя спектакляў, што ўдзельнічалі ў конкурснай праграме, падрыхтаваў забаўляльную праграму для маленькай аўдыторыі. Некаторыя спектаклі, як «Вар'етэ з маленькім Генры» берлінскага тэатра «Thomas Herfort Marіonettes», сумяшчалі дзею з інтэрактывам: некаторыя дзеці нават заплакалі ад таго, што не дачакаліся сваёй чаргі пагуляць з лялькамі.

Як звычайна, удзельнікі «Нябёсаў» сёлета наведалі бальніцы і інтэрнаты ў межах дабрачыннай акцыі «Святло душы — дабрадзейнасць». На самім жа фестывалі кожны ахвотны, апроч уласна прагляду батлейкі, мог узяць удзел у майстар-класах па маляванні, саломапляценні і майстраванні лялек хоць з драўляных прышчэпак, хоць са старой адзежы (у руках здатнага лялечніка нічога не прападае).

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Натхнёныя «Нябёсамі»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.