21 Май, панядзелак

Вы тут

Як жанчынам пасля калоній і выцвярэзнікаў даюць прытулак пры манастыры


Света не ўяўляла сваё жыццё без алкаголю: залівала ў сябе гарэлку, не запіваючы і не закусваючы. А Вераніка ледзь не засталася на вуліцы: бацькі адмовіліся прымаць дачку, якая падсела на наркотыкі. На гэтым іх гісторыі маглі б і скончыцца, калі б не падворак пры Свята-Елісавецінскім манастыры. Тут знаходзяць прытулак жанчыны, якія апынуліся ў складаных сітуацыях. Манастыр забяспечвае іх жыллём, ежай і работай. Дае другі, трэці, чацвёрты шанц. Верыць у Бога тут пачынаюць, бадай, усе. Бо звярнуцца па дапамогу больш няма да каго.


На агульнай малітве.

Разводзяць коз і вырошчваюць вешанкі

Жаночы падворак арганізавалі ў 2011 годзе на месцы былой ваеннай часці непадалёк ад вёскі Нялідавічы (Мінскі раён). Частку пабудоў манастыр выкупіў, частку — атрымаў пазней у бясплатнае карыстанне. Тут жа стаяла царква, але за некалькі дзён да афармлення зямлі яна згарэла. Кажуць, хтосьці з жыхароў бліжніх вёсак падпаліў — не хацелі, каб у ваколіцах сяліліся жанчыны, у якіх раней былі праблемы з алкаголем і законам. Палічылі, што не стане храма — не будзе і падворка. Зрэшты, лёс распарадзіўся інакш. Цяпер тут узводзіцца новая царква.

— Не паверыце: пакуль не пачалі будаваць яе, не маглі скончыць рамонт жылля. Усё нешта не складвалася, — дзеліцца матушка Варвара (Атрасевіч).

Новы, пакуль недабудаваны, храм.

Яна галоўная на гэтым падворку. Былы бухгалтар, манашка лёгка ўпраўляецца з адміністрацыйнымі абавязкамі. А клопатаў хапае. Тут ёсць свая гаспадарка, дзе трымаюць курэй, трусоў, коз. На падмурку салдацкай лазні стаіць зімняя цяпліца: у ёй садзяць памідоры, перцы і зеляніну. А ў былых бамбасховішчах з кастрычніка па красавік вырошчваюць вешанкі. У гэтым годзе, праўда, не сталі. Выкарыстоўваюць цяпер гэтыя памяшканні як склад для вербаў — іх да Вербнай нядзелі нарыхтоўваюць пад 50 тысяч.

Матушка Варвара гутарыць з сёстрамі.

Спачатку на падворку жыло чатыры «трудніцы». Сёння іх 28. Гэта былыя зняволеныя, жанчыны з алкагольнай ці наркатычнай залежнасцю, псіхічнымі захворваннямі, сіроты, якіх пазбавілі сацыяльнага жылля. «Вядома, іх прыводзіць не мэта служыць Богу. Прыходзяць, бо больш няма куды, — усё разумее матушка Варвара. — Некаторыя нават працаваць не прывыклі. За пачак цыгарэт градкі капалі, каб быў хоць які стымул».

Манашка ўспамінае, як міліцыя іх адгаворвала браць былую зняволеную.

— Пераконвалі нас: «Вы ведаеце, па якім артыкуле яна сядзела?» Тая жанчына, Марына, правяла ў калоніі 25 гадоў за забойства на глебе рэўнасці. Пабыла на падворку чатыры месяцы і паехала дадому. Зноў яе затрымалі. Як выходзіць з калоніі — прыязджае да нас. Цяпер вось сядзіць за разбой.

Жанчына гатуе вячэру на ўсіх.

Сёстры — так тут называюць усіх жанчын — жывуць у інтэрнаце ці ў доміку па тры чалавекі ў пакоі. Харчуюцца ў агульнай трапезнай. Некаторыя засяляюцца разам з дзецьмі. Органы апекі не супраць: ужо пераканаліся, што мамы тут не п'юць, а малыя пад наглядам. Пакуль жанчыны працуюць, дашкольнікі — у дзіцячым садку ў вёсцы Вішнёўка.

Колькі знаходзіцца на падворку, сястра вызначае сама. Можна пажыць тры месяцы, можна — паўгода. Пасля гэтага тэрміну яе чакае гутарка з манашкамі і духоўнікам, дзе спрабуюць зразумець, ці змянілася жанчына і ці працягваць ёй «прапіску». На падворку можна застацца назаўсёды, але тады жанчына мусіць быць актыўнай і дапамагаць манашкам.

Няўжо мяняюцца? «Праблема ў тым, што іншыя не могуць у гэта паверыць. Думаюць, што чалавек хітруе. А яго падтрымаць трэба, каб ён бачыў, што яго намаганні ацанілі», — упэўнена матушка Варвара.

У правілах — не піць і насіць даўгую спадніцу

Пакуль мы хвалюемся пра курс долара і цэны ў крамах, за агароджай падворка ідзе іншае, размеранае жыццё. Раніцай і ўвечары жанчыны збіраюцца на малітву. У абед чытаюць акафіст — зварот з просьбамі да пэўнага святога. Астатні час днём праводзяць за работай: прыбіраюцца ў манастыры, працуюць у керамічнай і швейнай майстэрнях. У апошняй вырабляюць рызы для святароў і сціплае адзенне для прыхаджанак.

— Жанчыны працуюць толькі пры манастыры. Вопыт паказвае, што ў іншых месцах у іх не атрымліваецца. То кантакту з наймальнікам няма, то зрываюцца, — дзеліцца матушка Варвара.

З восені, як толькі прыбяруць агароды, сёстры пачынаюць рыхтавацца да калядак. Развучваюць песні, з якімі пасля Раства пойдуць віншаваць жыхароў ваколіц. Сёлета аб'ехалі з калядкамі вёскі Касынь, Нялідавічы, Лускава, Вішнёўка, Паперня. «Бабулі былі ў захапленні! Людзі нас ужо самі запрашаюць», — кажа манашка.

Па аўторках на падворак прыязджае бацюшка і служыць літургію. Маліцца нікога не прымушаюць, але... Тут успамінаюць гісторыю, якую інакш як неверагоднай не назавеш. Падчас Вялікага посту сёстры вырашылі кругласутачна чытаць Псалтыр — кожная па гадзіне. Адмовіліся толькі тры жанчыны. Праз час менавіта ў іх абвастрыліся псіхічныя захворванні...

Правіл на падворку няшмат. Сумленна працаваць, не піць, не курыць на тэрыторыі, сціпла апранацца — насіць доўгую спадніцу і хустку. Апошняе засвоіў нават вартавы сабака: брэша на мінакоў у штанах.

Да такога распарадку гатовы не ўсе. Неяк на падворак прывезлі бяздомную жанчыну — падабралі на вакзале. Тая пераначавала, а раніцай сабрала рэчы і з'ехала. Тых, хто не хоча прымаць правілы, просяць пакінуць падворак. На вуліцу не выганяюць — стараюцца хоць неяк уладкаваць. Знаходзяць жанчынам работу ў калгасе, просяць выдзяліць ім жыллё.

«Пакуль сядзела ў калоніі, малышку ўдачарылі»

П'ём гарбату ў доміку манашак. У гасцёўні на паліцах стаяць абразы, у калідоры на сцяне вісіць дыван з выявай Хрыста. Нават магніцікі на халадзільніку — са святых месцаў.

Насупраць за сталом сядзіць Ала. Жанчына прыйшла сюды шэсць гадоў таму — з-за праблем з алкаголем. Спрабавала змагацца з залежнасцю сама, але, кажа, без Бога гэта немагчыма. Засялялася на падворак з фінгалам і без дакументаў. Глядзіш на гэту ўсмешлівую жанчыну і не верыш, што тое жыццё, якое было «да», таксама яе.

У Алы засталося трое дзяцей. Малодшаму сыну 15, старэйшай дачцэ — 24. Бачыцца з імі, але не навязваецца. «Цяпер ужо няма сэнсу — у іх сваё жыццё. Пра дзяцей паклапаціліся свёкар са свякроўю. Я не бачу, што патрэбен мой удзел у іх выхаванні. А яны шчаслівыя, што са мной усё ў парадку».

Ала — адзіная, хто не сыходзіў з падворку ні разу. Парывалася некалькі разоў выйсці замуж, але ад неабдуманых шлюбаў яе ўтрымалі. «Вельмі люблю падворак — гэта мой дом, — папраўляе хустку жанчына. — Хацела б пайсці ў манашкі, але баюся, што тады давядзецца пакінуць гэта месца».

— Глядзіце, Гена ідзе! — заўважаюць сёстры мужчынскую фігуру ў акне. — Гэта да цябе Света, дакладна.

Света спяшаецца на двор. Вяртаецца праз пару хвілін — з усмешкай на твары і гадзіннікам у руках. «Памірыліся. Падарунак мне зрабіў».

На падворку Света апынулася, бо не было выбару. А калі быў, жанчына зрабіла яго на карысць алкаголю.

— Я працавала юрыстам. Потым памерла мама (яна перанесла інсульт), і нешта пайшло не так... У мяне бацька алкаголік. Колькі памятаю яго, заўсёды піў. Вось і ў мяне пачаліся запоі — перастала нават на знешнасць увагу звяртаць.

Калі ў Светы першы раз забралі маленькую дачку, адумалася. Уладкавалася на работу ў санаторый, змагла вярнуць дзіця. Праўда, ненадоўга. «Кожны раз думала: чарку вып'ю, расслаблюся — і ўсё. А насамрэч забываешся на ўсе свае абяцанні. Мне ўжо нават кампанія не патрэбна была».

Трывогу забілі ў садку. Дачку зноў забралі, а Свету адправілі на лячэнне ў Навінкі — на тры тыдні. Тады яна і пазнаёмілася з Генам, «труднікам» пры манастыры. Пасля выпіскі з бальніцы жанчына піць не перастала. Аднойчы ёй не хапіла «дабаўкі». Света ведала, што ў суседа ёсць дома пяць літраў спірту. Выкрала. А праз тры дні за ёй прыйшла міліцыя. Далі хатнюю «хімію». Прытрымлівацца рэжыму жанчына не хацела. Каб пасадзілі за краты, дастаткова было трох парушэнняў, — у Светы іх было 40. На год і два месяцы яе адправілі ў папраўчую калонію ў Гомель.

Першы раз на падворак жанчына прыехала ў снежні 2016 года. Але доўга прабыць не змагла. Наступны раз вярнулася ў ліпені мінулага года: Гена ўгаварыў. Света, праўда, супраціўлялася. Спецыяльна напілася — думала, такую яе дакладна не возьмуць. Але на наступны дзень «перакананая атэістка» сама пазваніла і папрасілася.

— Тут вольнага часу амаль няма — гэта добра. А то калі мне было сумна, шукала, чым сябе заняць і зноў думала пра алкаголь, — прызнаецца.

Адзіная дэталь не сышлася ў Свеціным пазле: пакуль жанчына сядзела, яе малышку ўдачарылі. Хто, не ведае. «А што цяпер?» — задаецца пытаннем.

— Маліцца, — падказвае матушка Варвара.

«Сказала: калі не дапаможаце, памру»

Маладая мама Вераніка жыве на падворку разам з дачкой — пяцігадовай Міланай. Задавольваецца невялікім заробкам у керамічнай майстэрні, хоць некалі шыкавала — працавала круп'е ў казіно. Усё сапсавалі наркотыкі.

— З'явілася дзіця, а я не спынілася, — успамінае. — Муж таксама ўжываў. Усё хацела ад яго сысці, але куды? З бацькамі ў мяне дрэнныя адносіны, не знаходзім паразумення. Яны былі гатовы прыняць унучку, але не мяне: «Ідзі ўладкоўвай сваё жыццё сама». Я звярнулася ў манастыр — на службы даўно хадзіла. Сказала: калі не дапаможаце, памру.

Вераніка нясе вазы і кубкі, вырабленыя ў керамічнай майстэрні манастыра.

Прывыкаць да іншага жыцця было цяжка.

— Я больш не магла купляць дарагія тэлефоны, адзенне. «Каб я пайшла мыць агульны ўнітаз? Ды ні за што!» — думала раней. Трэба было пераламаць сябе.

Былы муж часам наведвае дачку. «Ён крычыць аб любві, а на справе...» — толькі ўздыхае Вераніка. На падворку яна правяла чатыры гады. Вясной плануе сыходзіць. «Усе кажуць, што рана, але, мне здаецца, самы час. Буду здымаць кватэру. Пакуль застануся ў майстэрні працаваць, а там паглядзім... Увогуле, у горы паехала б жыць».

...Матушка Варвара ўпэўнена: калі чалавек прыняў і прызнаў сваю праблему, першы крок да выпраўлення зроблены. Са шчырымі і адкрытымі жанчынамі працаваць лягчэй. Але ж манашкі не могуць быць заўсёды побач. Як складваецца лёс тых, хто ўрэшце вырашае пакінуць падворак? Матушка не хавае: па-рознаму. І дае толькі адну параду:

— Калі чалавек працягвае жыць з храмам, усё атрымліваецца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Мінскі раён

Загаловак у газеце: «Без Бога выправіцца немагчыма»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як падлеткі становяцца законапаслухмянымі

Як падлеткі становяцца законапаслухмянымі

У Беларусі чатыры спецыяльныя лячэбна-выхаваўчыя ПТВ закрытага тыпу для падлеткаў. 

Грамадства

Як Калядкі і Хаім Суцін натхнілі дызайнераў «Млына моды»

Як Калядкі і Хаім Суцін натхнілі дызайнераў «Млына моды»

У фінале XXVІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота прадставілі 87 калекцый, распрацаваных сотняй аўтараў. 

Грамадства

Як пажылому чалавеку не адстаць ад жыцця

Як пажылому чалавеку не адстаць ад жыцця

У сталічным Цэнтры актыўнага даўгалецця нядаўна адкрылася антыкафэ для пажылых людзей. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра Дзеда Янука і Мурчуню, гасцінец для ўнука і такое кіно.