17 Жнівень, пятніца

Вы тут

Таццяна Пятрэня: Я знайшла сілы, пераадолела сябе


Спартсменка года — аб тым, чаму сезон пасля няўдалай Алімпіяды стаў настолькі важным і паспяховым у яе кар'еры.

Штогадовае галасаванне спартыўных журналістаў вызначыла батутыстку Таццяну Пятрэню ў найлепшыя спартсменкі года. Нездарма! У свае 36 яна стала чэмпіёнкай свету ў індывідуальных скачках, поспех прыйшоў праз 19 гадоў пасля дэбюту. За плячыма спартсменкі чатыры Алімпіяды, якія, па прызнанні самой Таццяны, прынеслі ёй толькі горыч расчараванняў. Аднак думкі аб пятых Гульнях у Токіа раз-пораз круцяцца ў галаве, сёння пра іх Пятрэня кажа вельмі асцярожна, але свайго жадання зноў пазмагацца за самае галоўнае званне — алімпійскай чэмпіёнкі — не хавае.

Чаго каштуе перажыць правал на галоўных стартах чатырохгоддзя і што матывуе раз за разам пераадольваць сябе, Таццяна расказала ў сваім інтэрв'ю.


— Вас прызналі найлепшай спартсменкай краіны ўпершыню?

— Так. І гэта стала для мяне нечаканасцю. Прыемна, што людзі хварэюць за наш від спорту, цэняць спартсменаў. Удвая прыемна, што ганаровае прызнанне атрымала не толькі я, але і наша жаночая каманда па скачках на батуце, можна сказаць, што адбыўся двайны сюрпрыз. Дзякуй журналістам, што выбралі мяне.

— Дарэчы, як складваюцца вашыя адносіны з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі?

— Шчыра кажучы, я вельмі рэдка даю інтэрв'ю, таму што не лічу сябе публічным чалавекам, але з павагай стаўлюся да журналістаў і да іх працы.

— Як самі для сябе ацэньваеце 2017 год?

— Ён атрымаўся досыць прадуктыўным, прынёс мне шмат станоўчых эмоцый. Вядома, гэта перш за ўсё перамога на чэмпіянаце свету, але былі таксама і іншыя медалі, на этапах Кубка свету напрыклад. Таксама давялося выкласціся і ў камандных, і ў сінхронных скачках, таму я яшчэ вельмі рада і за нашу каманду і ганаруся нашымі агульнымі дасягненнямі. Было і шмат цяжкасцяў, якія давялося пераадолець. Шмат расчараванняў прынесла Алімпіяда ў Рыа (5-е месца), не хацелася заканчваць кар'еру на гэтай мінорнай ноце, таму я знайшла сілы, паверыла ў сябе і змагла працягнуць свае выступленні. Многія дапамаглі мне ў гэтым — галоўны трэнер нацыянальнай зборнай, мой асабісты трэнер, урач каманды, масажыст, псіхолаг. Дзякуй за падтрымку Міністэрству спорту і Беларускай асацыяцыі гімнастыкі, маёй сям'і, родным, сябрам і балельшчыкам.

— Каб заваяваць «золата» чэмпіянату свету, вам спатрэбілася 19 гадоў...

— Так, я дэбютавала на чэмпіянаце свету ў 1998 годзе, але да 2017-га так і не магла яго выйграць. А зараз было прадчуванне, што нарэшце змагу. Была ў добрай форме, таму разлічвала на медаль, можа быць, не на залаты, але на п'едэстал дакладна. Вядома, раней не думала, што змагу стаць чэмпіёнкай свету ў 36 гадоў, пасля няўдалай Алімпіяды ў Бразіліі гэтая перамога мяне вельмі падтрымала.

— Калі б тады, у 2016-м, усё склалася па-іншаму і вы падняліся на алімпійскі п'едэстал, сталі б працягваць сваю кар'еру?

— Цяжка сказаць. Сапраўды, не ведаю.

— Што тады матывавала вас заставацца ў спорце?

— Па-першае, я не дасягнула сваёй мэты, па-другое, ад спорту я атрымліваю велізарнае задавальненне, можна сказаць, што спорт — гэта сэнс майго жыцця. Напэўна, менавіта мэта дае сілы рухацца далей, як кажуць: пакуль чалавек не здаецца, ён мацнейшы за свой лёс. Я не люблю здавацца, хочацца ўсё ж такі сказаць сваё апошняе слова і паспрабаваць яшчэ на адной Алімпіядзе ў Токіа.

— Пакуль вы кажаце пра гэта вельмі акуратна.

— Так, бо не ведаю, ці хопіць мне сіл.

— Вы пабывалі на чатырох Алімпіядах, кожная з іх запомнілася па-свойму?

— Я стараюся наогул пра іх не думаць і не ўспамінаць, перагарнула гэтую старонку, таму што ўсе яны прынеслі мне шмат расчараванняў. Няўдачы на Алімпійскіх гульнях павіслі нада мной нібы дамоклаў меч. Вырашыла пакінуць гэта ўсё і пачаць з чыстага ліста. Было складана зрабіць гэта, але хачу сказаць, што заўсёды ёсць шанц ажыццявіць тое, пра што марыш усё жыццё. Галоўнае — задацца мэтай і рэалізаваць свае магчымасці. Пакуль я адчуваю, што ў мяне ёсць сілы, буду імкнуцца да сваіх мэт.

Калі ўсё ж такі вылучаць самую яркую для мяне Алімпіяду, то гэта, напэўна, першая, у Афінах. Незабыўны вопыт, нават не ўяўляла, якога маштабу могуць быць гэтыя спаборніцтвы, мне было вельмі цікава ўпершыню выступаць на самым высокім узроўні.

— У эліце вашага віду спорту ёсць яшчэ настолькі вопытныя спартсменкі?

— Як такіх узроставых абмежаванняў у батутным спорце няма, але мала хто даскоквае да майго ўзросту. Усё залежыць ад самога спартсмена. Бываюць людзі, якія заканчваюць вельмі рана, часцей за ўсё гэта адбываецца з-за траўмаў, або спартсмен ужо не можа спраўляцца з вялікімі нагрузкамі. Каму дазваляе здароўе, той можа скакаць і да 35—40 гадоў, вядома, такіх людзей у нас можна пералічыць па пальцах. Напрыклад, Ганна Даганадзэ выступала да 40 гадоў, выйграла Алімпіяду, калі ёй быў 31 год.

— Некаторыя дзяўчаты ў беларускай зборнай маладзейшыя за вас на 10, а то і больш гадоў. У сувязі з гэтым не ўзнікае праблем?

— У нас склаліся вельмі добрыя адносіны, мы ўсе — адна вялікая сям'я. Абсалютна нескладана знаходзіць агульныя інтарэсы, я магу лёгка падладзіцца. А калі ўзнікаюць нейкія пытанні, заўсёды падтрымаю, падкажу. Бывае, што дзяўчаты звяртаюцца па параду, і я вельмі рада, што яны прыслухоўваюцца да мяне.

— Наколькі важная псіхалогія ў вашым відзе спорту?

— Калі параўноўваць яе з фізічнай падрыхтоўкай, то гэта прыкладна 50 на 50. Вельмі важна быць псіхалагічна ўстойлівым. Спартсмен можа быць у вельмі добрай фізічнай форме, але калі псіхалагічна не гатовы, то на спаборніцтвах ён нічога не пакажа.

— А вышыні ўжо не баіцеся?

— Бываюць моманты, калі страх прысутнічае, але трэба пераадольваць сябе. З гэтым нам дапамагае псіхолаг. З камандай батутыстаў ужо даўно працуе Ірына Конан, разбіраем выступленні, трэніроўкі, працуем па розных методыках, вучымся расслабляцца, бо ў нас ідзе вялікае напружанне на галаву, спартсмены пастаянна вельмі сканцэнтраваныя.

— Што для вас самае складанае ў спорце?

— Зараз я атрымліваю асалоду ад таго, што раблю. Натуральна, у 36 мне нялёгка, дзесьці прыходзіцца прымушаць сябе трэніравацца, вылазяць старыя траўмы, але я ўсё роўна задаволена сваёй працай. Заўсёды самыя складаныя моманты — гэта тыя, калі ў цябе правалы на самых важных стартах, бо ўсё трэба пачынаць спачатку.

— У нейкі момант вам прыйшлося зрабіць выбар і дзеля спорту ахвяраваць асабістым жыццём...

— Гэта было свядома. Часта не хапае часу, каб удзяліць увагу сябрам, родным, каханаму чалавеку, таму што мы ўвесь час у раз'ездах, на зборах, спаборніцтвах. Многія спартсмены з гэтым сутыкаюцца, заўсёды даводзіцца чымсьці ахвяраваць дзеля дасягнення мэты.

— Ёсць рэчы ў вашай кар'еры, якія хацелася б змяніць?

— Не, мне хапае характару — зацятасці, працавітасці, — дзякуючы, якому я да гэтага часу выступаю. Гэтыя якасці і любоў да спорту прывіла мне мой першы трэнер Вера Іванаўна Круцікава.

— Вы строгая ў дачыненні да сябе?

— Так, вельмі. Хоць у дачыненні да іншых я не такая жорсткая, нават наадварот — мяккая. У звычайным жыцці я досыць ураўнаважаны чалавек, а вось у спорце больш эмацыянальная, паказваю свой характар, дзесьці нават, бывае, спрачаемся з трэнерам.

— Як вы бачыце сябе праз 5-10 гадоў?

— Мне б хацелася заняцца трэнерскай дзейнасцю, падзяліцца сваімі ведамі і вопытам з дзецьмі, можа нават выхаваць чэмпіёнаў. Не магу на сто працэнтаў сцвярджаць, што ў мяне гэта добра атрымаецца, але цяпер бачу сябе менавіта ў гэтай прафесіі.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Але сертыфікаты абітурыенты атрымалі з баламі па ранейшай сістэме падлікаў.

Грамадства

Дызайнерка з Оршы зладзіла вяселле з беларускім каларытам

Дызайнерка з Оршы зладзіла вяселле з беларускім каларытам

Ідэя зладзіць свята ў беларускім стылі належыць яе выбранніку Аляксею Валадзько.

Прэзідэнт

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

Грамадства

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі.