Вы тут

Навошта беларускім гарадам рыцары


Павел Каралёў з тых людзей, якія могуць дакладна назваць дату, калі ўлюбіліся. У 2002 годзе хлопец пабываў на рыцарскім фестывалі ў Навагрудку і там адчуў цягу да беларускасці. З таго часу пачаліся вандроўкі, праца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, аднаўленне сядзібна-паркавага маёнтка Сёмкава пад Мінскам... Сёння Павел — супрацоўнік музея Янкі Купалы і адзін з аўтараў турыстычнага маршруту «Мінскае кола». Мы распыталі нашага суразмоўніка, якім чынам руіны дзейнічаюць на турыста і навошта беларускім гарадам рыцары.


Руіны клічуць

Не вялікі сакрэт, што агромністая колькасць магчымых турыстычных аб'ектаў знаходзіцца ў стане занядбання. Павел з ходу называе некалькі прыкладаў з розным падыходам да турыстычнага патэнцыялу мясціны. Так, у Мінску знаходзіцца музей валуноў — унікальны аб'ект, адзін з нямногіх у Еўропе. З камянёў выкладзена вялізная карта Беларусі з рэкамі-дарожкамі, з геаграфічна дакладна перададзенымі ўзвышшамі і азёрамі, валунамі, што былі спецыяльна прывезеныя з розных рэгіёнаў як помнікі прыроды і гісторыі. Фактычна музей уяўляе парк пад адкрытым небам, ён мог бы прыносіць вялікую карысць — фінансавую ў тым ліку, таму што дазваляе масавае наведванне. Пакуль што да мясціны нават не прымацаваны пастаянны экскурсавод, аднак зусім нядаўна з'явіліся шыльды-ўказальнікі, што радуе.

Мястэчка Сёмкава сёння знаходзіцца на раздарожжы. Першы кірунак развіцця паўтарае лёс чарговага населенага пункта з мноствам катэджаў. Але пры ўдалых абставінах іншы падыход ператворыць мясціну ў гісторыка-культурны аб'ект.

Як прызнаюцца некаторыя экскурсаводы, мала што можна паказаць групе турыстаў у Лагойску. Горад захаваў замкавыя валы, руіны сядзібы, храм і прыгожую рэчку Гайну, аднак гэта хутчэй аскепкі мінуўшчыны. Ёсць меркаванне, што для турыста, асабліва замежнага, трэба больш відовішчаў. Тым не менш Лагойск — прыклад хутчэй станоўчы. Мясцовыя ўлады падтрымалі арганізацыю навуковых канферэнцый «Чытанні Тышкевічаў», а экскурсаводы падчас аглядных экскурсій выкарыстоўваюць прыём аднаўлення: з дапамогай фотаздымкаў і апісання на словах «дамалёўваюць», як выглядаў аб'ект да разбурэння.

— Ці паказваць турысту руіны — пытанне спрэчнае, — прызнаецца Павел. — З аднаго боку, аб'екты знаходзяцца ў непрывабным, незакансерваваным стане і абнаўленне не плануецца ў найбліжэйшы час. Аднак яшчэ ў ХІХ стагоддзі з'явілася цяга да напаўразбураных замкаў з іх загадкавым і рамантычным выглядам. Я лічу, што ў нашай сітуацыі няма патрэбы дабудоўваць помнік нягледзячы ні на што. На мой погляд, трэба шукаць нейкі шлях для захавання спадчыны: пры магчымасці — кансерваваць помнікі, прыстасоўваць іх да турыстычных патрэб з улікам магчымасцяў і са згоды Міністэрства культуры. Напрыклад, Гальшанскі замак пакуль у стане руін, але там праводзіцца праца, ёсць ідэя стварыць унутры экспазіцыю.

Поўнае паглыбленне

Цікавасць да гістарычнай спадчыны ў грамадстве паступова расце. Пра гэта сведчыць Фэст экскурсаводаў, які займеў вялікую папулярнасць.

Афіцыйна экскурсіі можа праводзіць той чалавек, які мае пасведчанне экскурсавода. Але ў вёсках і перыферыйных гарадах жывуць аматары-краязнаўцы, і іх дзейнасць у многім сугучная рабоце «прафесійных» калег. Людзі збіраюць матэрыял па сваёй мясцовасці, часта захоўваюць калекцыі ці арганізуюць школьныя музеі. Адна з турыстычных плыняў прытрымліваецца пазіцыі, што экскурсіі па рэгіянальных славутасцях павінны праводзіць рэгіянальныя гіды. Здараліся непрыемныя выпадкі, калі турыстычная фірма некалькі разоў прасіла мясцовага краязнаўца правесці экскурсію, а потым выкарыстоўвала яго тэксты, толькі ўжо ў падачы свайго работніка.

— Я лічу, што мясцовыя гіды лепш ведаюць тэму, бо тут, як правіла, гаворка ідзе пра захопленых гісторыяй малой радзімы людзей, якія «хварэюць» за справу і глыбока вывучаюць пытанне. Адпаведна, змогуць цікава і падрабязна адказаць на пытанні, у адрозненне ад чалавека, які проста механічна завучыў маршрут і тэкст. Пытанне ўзнікае ў тым выпадку, калі за вандроўку мясцовы гід бярэ грошы. Тады трэба афармляць дзейнасць як аказанне турыстычных паслуг і адказваць за іх якасць, — гаворыць экскурсавод.

Павел Каралёў адзін з распрацоўшчыкаў маршруту «Мінскае кола». Туды ўваходзяць аб'екты, да якіх турыст спецыяльна наўрад ці паедзе — гэта Прылукі, Сёмкава, Лагойск, Дукора, Смілавічы. Нібы пояс з сядзіб вакол Мінска. Праехаўшы па маршруце, турыст атрымлівае панараму шляхецкага жыцця ХІХ стагоддзя: даведваецца, як жылі гаспадары маёнткаў, чым займаліся, які ўнёсак рабілі ў культуру. Арганізатары праекта лічаць, што «колы» здольны стварыць брэнд для кожнага рэгіёна. Турыст аказваецца поўнасцю захоплены вандроўкай, і гэта пакідае ў памяці больш яркае ўражанне, чым складзеная з некалькіх тэматык экскурсія. Ідэя «Мінскага кола» даволі маладая. На Гомельшчыне падобны праект ужо дастаткова вядомы, а з 2005 года ўзнікла прапанова на стварэнне «Залатога кола Беларусі».

Часта турыстычныя фірмы пагаджаюцца «перакроіць» маршрут згодна з пажаданнямі групы. Мяняюцца не толькі месцы наведвання, але і час знаходжання. З аднаго боку, гэта не вельмі прыемная практыка для музеяў, калі экскурсавод павінен паказаць экспазіцыю за паўгадзіны. З другога — штуршок да новых формаў падачы матэрыялу, каб за кароткі час зацікавіць наведвальніка тэмай. З гэтай працай выдатна спраўляюцца аніматары.

Напрыклад, тэатральнымі элементамі аздоблена падарожжа «Краіна замкаў». Многія мясцовыя арганізатары стараюцца ўключыць у агляд славутасцяў пэўныя элементы відовішча.

Паездка ў Сярэднявечча

— Першае, што я параіў бы мясцовым энтузіястам — гэта прапаноўваць ідэі. Калі ёсць матэрыяльная спадчына, то чаму б не прысвяціць ёй фестываль, імпрэзу, падняць і рэканструяваць свае традыцыі? Такім чынам атрымаецца «карцінка», якую падхопіць прэса і тэлебачанне. Другі важны складнік у турыстычным развіцці звязаны з падтрымкай ад мясцовых улад, — разважае Павел Каралёў. — Апошнім часам на Беларусі ўзнікаюць фестывалі, прысвечаныя нейкай мясцовай славутасці. І тут мы сутыкаемся з пытаннем падачы. У нас яшчэ засталося рэха савецкага мыслення пра «абавязковую частку праграмы» з выступоўцамі і канцэртам мясцовых калектываў на сцэне. У выніку няма ніякага адрознення ад суседзяў, арыгінальнасці. Вельмі хацелася б у такой справе даць волю людзям з нестандартным мысленнем.

На пачатку 2000-х гадоў некаторыя беларускія гарады з багатай гістарычнай спадчынай ладзілі рыцарскія фестывалі розных маштабаў. Сёння найбольш знакамітым і буйным рыцарскім фэстам застаецца «Наш Грунвальд» у Дудутках, але многа дзе распачаты «сярэднявечны» рух сам сабою счэз. Вядома, рыцарскія клубы ўсё часцей прысутнічаюць у святочных праграмах, але хутчэй як адзін са складнікаў.

— Хацелася бачыць горад, які сур'ёзна развіваў бы тэму рыцарства, запрашаў рэканструктараў, аматараў старажытнай музыкі, танцавальныя гурты, ладзіў бы не часовыя выступы клубаў, а мэтанакіравана падтрымліваў і ўзбагачаў гэты турыстычны кірунак. Пакуль што ў згаданым напрамку рухаюцца энтузіясты з Ліды, толькі ім яшчэ не хапае маштабу. А між тым падобныя мерапрыемствы, бадай, самы дзейсны спосаб азірнуцца ў мінулае, на эпоху Сярэднявечча, і нейкі час пажыць у яго рамантычнай версіі. Музыка, строі, гульні, турніры — дастатковыя прычыны, каб захапіцца даўніной.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Турыстычна прывабныя... камяні

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.