21 красавіка, субота

Вы тут

У Палаце прадстаўнікоў прайшоў круглы стол на тэму зваротаў грамадзян


Яго ўдзельнікі спрабавалі высветліць, як, з аднаго боку, палепшыць якасць адказаў, а з другога — процістаяць тым, хто злоўжывае магчымасцю паскардзіцца. Паколькі большасць зваротаў, згодна са статыстыкай, — менавіта скаргі. Мікалай САВАНОВІЧ, намеснік начальніка ўпраўлення канстытуцыйнага і міжнароднага права — начальнік аддзела канстытуцыйнага права Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, акцэнтаваў увагу на асноўных праблемных момантах.


Дэталізаваны і падрабязны

У нашай краіне існуе некалькі тэндэнцый, па якіх развіваецца заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Па-першае, гэта пашырэнне колькасці арганізацый, на якія яно распаўсюджваецца. Частка краін СНД абмежавала сферу прымянення заканадаўства аб зваротах. У Беларусі звяртацца можна ва ўсе арганізацыі незалежна ад формы ўласнасці. З аднаго боку, гэта ставіць усіх у роўныя ўмовы, з іншага — недзяржаўныя арганізацыі даволі часта са зваротамі не працуюць, хоць закон на іх распаўсюджваецца.

Па-другое, існуе тэндэнцыя да пашырэння кола суб'ектаў, якія маюць права на зварот. Дзесяць гадоў таму быў прыняты даволі радыкальны крок: заканадаўства аб зваротах пачало распаўсюджвацца на суб'екты гаспадарання. Для параўнання: у Расіі такое рашэнне было прынята нашмат пазней і на аснове пастановы Канстытуцыйнага Суда. Для саміх суб'ектаў гэта стала плюсам, але ўскладніла правапрымяняльную практыку: неабходна адмяжоўваць звароты суб'ектаў гаспадарання і дзелавую перапіску. А празрыстых стандартаў дагэтуль няма.

Але існуе і супрацьлеглы кірунак: сфера прымянення заканадаўства аб зваротах паступова звужаецца. Маецца на ўвазе, што зараз гэты закон рэгулюе не ўсе звароты, а пэўныя катэгорыі. Напрыклад, у свой час былі выключаны звароты работнікаў да кіраўнікоў. Гэта зноў жа ўскладняе практыку размяжоўвання.

Цяпер грамадзяне могуць звяртацца да ўлад не толькі ў пісьмовай ці вуснай форме, як гэта было раней, але і праз кнігу заўваг і прапаноў, электронным лістом ці праз прамую лінію. Гэта пашырае даступнасць такой практыкі, але патрабуе больш часу на апрацоўку зваротаў. Дарэчы, беларускі закон аб зваротах з'яўляецца самым дэталізаваным і падрабязным на постсавецкай прасторы.

Як гэтым карыстацца?

На практыцы прымяненне закона сутыкаецца з наступнымі праблемамі. Вялікая колькасць скаргаў паступае ў тыя арганізацыі, якія не ўпаўнаважаны іх разглядаць. У такой сітуацыі звароты перанакіроўваюцца для разгляду ў арганізацыі... на дзеянні якіх скардзяцца. Кола замыкаецца.

Гэта праблема традыцыйна падымаецца грамадзянамі. Яшчэ адна — адказ, які яны атрымліваюць. Кожны трэці апрошаны сцвярджае, што ў якасці адказу ён атрымаў ці адпіску, ці цытату з нарматыўна-прававога акта, які ён ужо ведае альбо не можа зразумець. І ў першым, і ў другім выпадку пытанне не вырашаецца пры першасным звароце. Менавіта на нізавым узроўні ўзнікае найбольшая колькасць пытанняў. Далей чалавек звяртаецца ў вышэйстаячыя органы. Перад імі, па сутнасці, дзве задачы: першая — вырашыць праблему, другая — ацаніць дзеянні службовай асобы, да якой ужо звярталіся. Выканаць апошнюю задачу не заўсёды атрымліваецца, а гэта не спрыяе таму, каб пытанні вырашаліся пры першым звароце.

Ананімныя звароты таксама патрабуюць увагі. З аднаго боку, закон гаворыць, што яны не разглядаюцца. Але могуць быць разгледжаны, калі ў іх змяшчаецца інфармацыя пра злачынства. Гэты крытэрый недастаткова празрысты, таму ў выніку на практыцы большая частка з іх усё ж такі прымаецца ў працу. Тут зноў жа дваякая сітуацыя. Калі ананімка датычыцца нейкага чалавека — гэта падрывае давер і, як лічыць Мікалай Савановіч, мае негатыўны эфект. Калі ж яна датычыцца нявыкананай працы ці функцыі (напрыклад, смецце не прыбрана), то якая розніца, хто пра гэта паведаміў? Па такім прынцыпе фарміруецца работа сістэмы 115.бел, куды можна паведаміць інфармацыю пакуль толькі пра сферу ЖКГ. Да таго ж карупцыйныя парушэнні раскрываюцца менавіта дзякуючы ананімным зваротам.

Калі вы не задаволены адказам, вядома, вы можаце паскардзіцца. Механізм абскарджвання павінен працаваць. Наш закон дае для гэтага два шляхі: адміністрацыйны і судовы. У сярэднім у год у адміністрацыйныя ўстановы накіроўваецца да 400 000 зваротаў. У суд падаецца да 1000. Гэта азначае, што грамадзяне лічаць: лепш звяртацца з адным і тым жа пытаннем у розныя ўстановы, але не ў суд. З-за гэтага нагрузка на адміністрацыйны апарат павялічваецца. І зноў кола замыкаецца: калі зваротаў прыходзіць больш, чым магчыма разгледзець, установа працуе на механічнае выкананне заканадаўства, каб даць адказ у патрэбны тэрмін. Вырашэння пытання па сутнасці не адбываецца, бо няма часу на прапрацоўку.

Над чым працуюць

Зараз ідзе работа яшчэ ў адным кірунку — пошук агульнага стандарту па трактоўцы нормаў. Для гэтага праводзяцца семінары для кантралюючых органаў і працуе міжведамасная рабочая група. Яна штоквартальна выязджае ў рэгіёны, дзе вывучае работу з насельніцтвам, у тым ліку са зваротамі.

Злоўжыванне правам на зварот — таксама галаўны боль для ўстаноў. У міжнароднай практыцы існуюць прыклады ўвядзення «чорных спісаў» ці прапановы браць плату за зварот. Для нас пакуль абодва шляхі непрымальныя, бо якасць адказаў вымушае жадаць лепшага. Тым не менш было пашырана кола падстаў для спагнання расходаў з нядобрасумленных заяўнікаў. Але пакуль паспяховых судовых спраў тут не адзначаецца. Нават калі суды першай інстанцыі вырашалі справу на карысць істца, Вярхоўны Суд адмяняў такія пастановы.

У выніку многія з пытанняў, якія існуюць у галіне заканадаўства аб зваротах грамадзян, атрымліваюцца закальцаванымі. Вырашыць іх магчыма толькі агульнымі намаганнямі і сумленнай працай, каб скаргі не гулялі па ўстановах.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Як звяртацца, каб адказалі?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хобі звычайнага студэнта пераўтварылася ў інтэрактыўны музей

Хобі звычайнага студэнта пераўтварылася ў інтэрактыўны музей

Ці ведаеце вы, што першы ў свеце ноўтбук важыў больш за 20 кілаграмаў, а першы планшэт меў дыскавод для пяціцалёвых дыскет?

Грамадства

Якая будучыня ў сядзібных участкаў сталіцы?

Якая будучыня ў сядзібных участкаў сталіцы?

Разбіралася карэспандэнт «Звязды».

Грамадства

Як не «згарэць» на рабоце?

Як не «згарэць» на рабоце?

І чаму грошы не заўсёды матывуюць?

Грамадства

86-гадовы доктар тэхнічных навук: Усімі поспехамі я абавязаны жонцы

86-гадовы доктар тэхнічных навук: Усімі поспехамі я абавязаны жонцы

Прафесар у галіне машынабудавання на пенсію яшчэ не збіраецца...