23 Люты, пятніца

Вы тут

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?


Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю. За падзеямі, якія разгортваліся апошнім часам у афрыканскай краіне, без перабольшвання сачыў увесь свет. У ноч з 14 на 15 лістапада на вуліцах Харарэ з'явіліся танкі, пасля чаго стала вядома, што ваенныя змясцілі пад варту прэзідэнта Роберта Мугабэ, яго жонку Грэйс і міністра фінансаў Ігнаціуса Чомбэ, а таксама захапілі будынак дзяржаўнай тэлекампаніі ZBC. У яе эфіры генерал-маёр Сібусіса Моя, які ўзначальвае тылавое ўпраўленне Генштаба Узброенных Сіл краіны, заявіў, што прэзідэнту і яго жонцы нічога не пагражае, што «іх бяспека гарантаваная» і што арышт Мугабэ не варта расцэньваць як путч. Сапраўдная мэта — «злачынцы вакол Мугабэ». «Гэта не ваенны захоп улады. Тое, што робяць сілы абароны Зімбабвэ, заключаецца ў тым, каб супакоіць дэгенератыўную палітычную, сацыяльную і эканамічную сітуацыю ў нашай краіне, якая, калі яе не вырашыць, можа прывесці да гвалтоўнага канфлікту», — сказаў у афіцыйнай заяве генерал-маёр Сібусіса Моя. Пасля гэтага пусцілі рэкламу кукурузы. Праз дзесяць дзён — 24 лістапада — адбылася інаўгурацыя новага прэзідэнта. Колішні віцэ-прэзідэнт краіны Эмерсан Мнангагва пасля таго як Роберт Мугабэ пайшоў у адстаўку, заняў «вакантную» пасаду. Чаму завіравала Зімбабвэ?


Ружы і алмазы

Гэтая краіна, назва якой паходзіць ад тапоніма старажытнага каменнага комплексу народа шона і перакладаецца як «край каменных дамоў», — без перабольшання, абраная Богам зямля (нават знаёмая ўсім з дзяцінства па казках Чукоўскага рэчка Лімпапо, а таксама велічны вадаспад Вікторыя — менавіта тут). Яе нетры захоўваюць вялікія запасы золата, плаціны, урану, таксама маецца некалькі найбуйнейшых у свеце радовішчаў алмазаў. Клімат райскі, на ўрадлівых землях расце практычна ўсё, у мінулым там вырошчвалі і знакаміты тытунь для самых вядомых марак брытанскіх цыгарэт, а цяпер — ружы і іншыя кветкі для ўсяго свету.

Зімбабвэ — радзіма Лобенгулы, аднаго з легендарных правадыроў рухаў супраціву брытанскім каланізатарам. Аднак ён не прадухіліў захоп краіны больш за сто гадоў таму брытанцамі, натхняльнікам якіх быў знакаміты стваральнік брытанскай каланіяльнай імперыі Сэсіл Родс, які даў назву адразу двум валадарствам Лондана: Паўночнай Радэзіі, цяпер Замбія, і Паўднёвай Радэзіі, Зімбабвэ. Брытанцы адабралі ў мясцовага чорнага насельніцтва ўрадлівыя землі, выкапні багацця. У 1965—1980 гадах ішла вызваленчая вайна, адным з лідараў якой быў Роберт Мугабэ. З 1980 года ён нязменна кіруе незалежнай Зімбабвэ — спачатку як прэм'ер-міністр, потым як прэзідэнт. 93-гадовы Мугабэ да апошняга часу быў самым вялікаўзроставым кіраўніком у свеце, чый час знаходжання ва ўладзе таксама ўражвае. За гады яго праўлення, заўважае ТАСС, Зімбабвэ многага дасягнула ў галіне адукацыі, медыцыны, спорту, у яе адна з самых баяздольных у Афрыцы армій.

100 трл долараў адной купюрай

Але эканамічная палітыка часта вялася нябачліва. У 2002 годзе Мугабэ запатрабаваў ад некалькіх тысяч белых фермераў пакінуць краіну пад пагрозай турэмнага тэрміну. Міжнародны валютны фонд у адказ на гэтыя дзеянні прыпыніў фінансавую падтрымку Зімбабвэ, Еўрапейскі саюз увёў санкцыі супраць урада Мугабэ. Наступствамі «чорнага перадзелу» стала рэзкае падзенне вытворчасці ў прамысловасці, асабліва звязанай з перапрацоўкай сельгаспрадукцыі і мінеральнай сыравіны. Знізіліся замежныя інвестыцыі, крэдыты і донарская дапамога. У ЕС пачалі казаць аб адстаўцы Мугабэ і дэмакратызацыі палітычнага працэсу ў Зімбабвэ.

Разам з «чорным перадзелам» урад Мугабэ ўвёў закон, паводле якога замежныя кампаніі ў краіне павінны кантралявацца чарнаскурымі грамадзянамі, што ўдарыла па прытоку інвестыцый і эканоміцы Зімбабвэ. У 2007 годзе, па звестках даклада Міжнароднай крызіснай групы, 10 мільёнаў з 12-мільённага насельніцтва краіны існавалі за мяжой беднасці, тры мільёны чалавек беглі ў суседнія краіны. Недахоп паліва, прадуктаў харчавання і замежнай валюты прывёў да таго, што ўзровень беспрацоўя дасягнуў 80%. Правалам скончылася спроба Мугабэ перамагчы гіперінфляцыю шляхам замарожвання цэн. Адзін амерыканскі долар стаў каштаваць 25 мільёнаў зімбабвійскіх. У пачатку 2008 года інфляцыя ў Зімбабвэ дасягнула ста тысяч працэнтаў, а да сярэдзіны года — 4 мільёны працэнтаў. ВУП скараціўся, а замежная пазыка ўзрасла. У студзені 2009 года інфляцыя перавысіла 300 мільёнаў працэнтаў, у абарачэнне ўвялі купюру вартасцю 100 трыльёнаў зімбабвійскіх долараў, а неўзабаве нацыянальную валюту фактычна вывелі з абароту, кіраўніцтва краіны дазволіла выкарыстоўваць любыя замежныя валюты. Даларызацыя эканомікі спыніла гіперінфляцыю, у 2010 і 2011 гадах быў зафіксаваны рост ВУП на 9%, у 2012 — на 5,5%.

Эпоха з дзвюх частак

Як лічыць дырэктар па навуковай рабоце расійскага фонду клуба «Валдай» Фёдар Лук'янаў, 37-гадовая эпоха кіравання Мугабэ падзяляецца на дзве часткі: «У свой ранні перыяд палітычнай дзейнасці ён быў сапраўдным кумірам — і на Захадзе, і ў Савецкім Саюзе, героем справядлівай барацьбы за вызваленне чарнаскурай большасці ад улады белай меншасці. Калі яго барацьба мела поспех, калі Зімбабвэ ператварылася ў дэмакратычную дзяржаву ў 1980 годзе, яго папулярнасць у свеце яшчэ больш узрасла». «Гэта быў яркі элегантны прыгажун, арыстакрат, з добрай адукацыяй. У той час, у 1980—1990-я, Мугабэ вёў досыць разумную палітыку, не зводзіў рахункі з апанентамі. Але далей пачаліся ўсялякія «загагуліны», якія ў рэшце рэшт адціснулі ў бясконца далёкае мінулае таго прыгажуна, які вёў справядлівую вайну супраць рэжыму апартэіду», — падсумаваў Лук'янаў у інтэрв'ю газеце «Взгляд».

З ім згодны навуковы супрацоўнік Інстытута Афрыкі РАН Альберт Хаматшын. «Калі ўзяць першае дзесяцігоддзе пасля прыходу да ўлады і калі вывесці за дужкі разню ў правінцыі Матабелелэнд, то, у прынцыпе, сацыяльна-эканамічная палітыка Мугабэ была паспяховай. Не думайце, што вось, маўляў, чорныя захапілі ўладу, і краіна адразу прыйшла ў заняпад. Спачатку Зімбабвэ атрымала вялікі імпульс да развіцця. Харарэ да пачатку 1990-х называлі ледзь не «афрыканскім Сінгапурам». Узровень адукацыі на фоне астатняй Афрыкі там да гэтага часу застаецца высокі, — пералічыў эксперт. — Але да канца 1990-х краіна стала зведваць эканамічныя цяжкасці, і тады Мугабэ пайшоў на шэраг папулісцкіх крокаў, каб утрымацца ва ўладзе. У прыватнасці, калі пачаўся масавы самазахоп чорнымі зямель белых фермераў, ён у выніку вырашыў падтрымаць і ўзначаліць гэты захоп. Краіна мела патрэбу ў аграрнай рэформе, у Мугабэ былі розныя яе праекты, аднак у выніку рэформа прайшла не так, як планавалася. І сельская гаспадарка прыйшла ў заняпад, у чорных проста не было грошай на развіццё захопленых ферм».

G40 супраць «лакостаў»

У жніўні 1996 года Мугабэ ажаніўся са сваёй сакратаркай Грэйс, якая на сорак гадоў маладзейшая за яго. Яна стала другой жонкай прэзідэнта, першая памерла ў 1992-м. З часам Грэйс Мугабэ ўдалося стаць уплывовай фігурай у палітычным жыцці Зімбабвэ. За ўладу і ўплыў у зімбабвійскім кіраўніцтве змагаліся дзве групоўкі. Першая — так званая G40 (скарачэнне ад «пакаленне саракагадовых»), якую ўзначальвала Грэйс Мугабэ. Яе падтрымлівалі ў асноўным маладыя міністры. Другая — «каманда Лакост» на чале з Эмерсанам Мнангагвам па мянушцы «Кракадзіл», чалавекам складанага лёсу. Па адной з версій, у юнацтве ён уваходзіў у вулічную банду «Кракадзілы», дзе і атрымаў сваю мянушку. На баку Мнангагвы — былыя ветэраны вызваленчай барацьбы, дастаткова сур'ёзная сіла ў цяперашнім Зімбабвэ. Войска — адзін з самых магутных гульцоў у краіне. Нягледзячы на нарастаючы палітычны ўплыў, Грэйс Мугабэ была вельмі непапулярная ў народзе. У папрок ёй, у прыватнасці, ставіліся замежныя паездкі для пакупак дарагіх рэчаў (яна нават заслужыла мянушку «Грэйс Гучы»), у той час як эканоміка краіны пераносіць вялікія цяжкасці. Замяшаная яна і ў скандалах. Гэта выклікала незадаволенасць ветэранаў, якія лічаць, што Мугабэ мае права змяніць толькі той, хто заявіў пра сябе ў вайне з каланізатарамі. Нядзіўна, што кропкай адліку ваеннага канфлікту лічыцца 6 лістапада, калі быў зняты з пасады першы віцэ-прэзідэнт 75-гадовы Эмерсан Мнангагва, які пасля збег з краіны з-за боязі за сваё жыццё.

Сітуацыя ў Зімбабвэ абвастрылася на мінулым тыдні, калі з'явілася інфармацыя, што ваенныя ўзялі пад кантроль тэлецэнтр у сталіцы Зімбабвэ Харарэ і рэзідэнцыю Мугабэ. У нядзелю прэзідэнта, які знаходзіўся пад хатнім арыштам, пазбавілі кіруючых пастоў у партыі «Зімбабвійскі афрыканскі нацыянальны саюз — Патрыятычны фронт» (ZANU-PF). Пасля чаго ЦК партыі заклікаў Мугабэ скласці з сябе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы да паўдня панядзелка, альбо супраць яго будзе ініцыяваная працэдура імпічменту. Аднак 93-гадовы Мугабэ змог здзівіць зімбабвійцаў: падчас тэлезвароту да нацыі ў мінулую нядзелю ён, насуперак усім прагнозам і чаканням, ні слова не сказаў пра адстаўку. У аўторак парламент Зімбабвэ прыняў рашэнне аб імпічменце Мугабэ, даўшы яму суткі, каб скласці паўнамоцтвы.

Пасля чаго спікер парламента Зімбабвэ Джэйкаб Мудэнда зачытаў ліст Мугабэ з заявай аб сыходзе з пасады. «Я добраахвотна прымаю рашэнне сысці ў адстаўку, яно грунтуецца на маёй заклапочанасці дабрабытам народа Зімбабвэ і на маім жаданні плаўнага, негвалтоўнага пераходу ўлады», — прыводзіць The Іndependent цытату з ліста. Дэпутаты парламента віталі гэтую навіну задаволенымі воклічамі, а таксама гучнымі папрокамі ў адрас Мугабэ, якія заключаюцца ў тым, што ён «дазволіў сваёй жонцы ўзурпаваць канстытуцыйную ўладу» і знаходзіцца «ў старэчым узросце». У сацыяльных сетках з'явіліся відэа, на якіх відаць, як святкуюць жыхары Зімбабвэ, аўтамабілісты на вуліцах Харарэ вітаюць падзею працяглымі гукавымі сігналамі.

Як адзначае Альберт Хаматшын, Мугабэ спрабаваў сысці прыгожа, але яму гэта не ўдалося. «Ён відавочна хацеў дацягнуць прынамсі да з'езду партыі ў снежні, каб абвясціць, што сыходзіць сам — па ўласным жаданні ці па стане здароўя. Мугабэ не хацеў увайсці ў гісторыю як кіраўнік, якога зрынулі. Але калі б яго прыбралі ў выніку імпічменту, гэта стала б яшчэ вялікай ганьбай. Калі імпічмент быў запушчаны, толькі тады ён і сышоў», — растлумачыў Хаматшын. «Ёсць, праўда, і іншае меркаванне: на самай справе Мугабэ адразу ўсё зразумеў, але проста карыстаўся сваім становішчам, каб выгандляваць выгадныя ўмовы адстаўкі. Ваенныя разумеюць, што краіне не патрэбен путч з пункту гледжання міжнароднай прывабнасці. Афрыканскі саюз ці Супольнасць развіцця Паўднёвай Афрыкі прынцыпова не працуюць з урадамі, якія прыйшлі да ўлады шляхам перавароту. Вось чаму генералы спрабавалі ўсё зрабіць па магчымасці мірна, у рамках закона. Карыстаючыся гэтым, Мугабэ, як мяркуецца, узгадніў з імі і захаванне сваёй маёмасці, і імунітэт ад пераследу», — сказаў афрыканіст газеце «Взгляд».

Мугабэ 2.0?

«Мы сталі сведкамі нараджэння новай дэмакратыі, якая развіваецца ў нашай краіне. Мы хочам, каб наша эканоміка расла, мы хочам міру, мы хочам стварэння новых працоўных месцаў», — сказаў Эмерсан Мнангагва ў штаб-кватэры кіруючай партыі ZANU-PF. Ён невыпадкова зрабіў акцэнт на эканоміцы і занятасці: узровень беспрацоўя ў Зімбабвэ дасягнуў 94%, фармальна ў краіне занятыя менш чым паўмільёна людзей пры колькасці насельніцтва ў больш за 11 мільёнаў. Прадстаўнік ZANU-PF заявіў, што Мнангагва прабудзе на пасадзе прэзідэнта да чарговых выбараў, якія павінны адбыцца ў верасні 2018 года.

«Улада застаецца ў тых жа людзей, якія атачалі Мугабэ ў апошнія дзесяцігоддзі. Казаць пра іншы шлях развіцця не даводзіцца. З іншага боку, ліквідацыя гэтай фігуры — сімвалічны знак таго, што краіна гатовая да перамен, адкрываецца Захаду. Рэзкага павароту не будзе, Харарэ захавае добрыя адносіны і з Кітаем, і з Расіяй, — паабяцаў Альберт Хаматшын. — Але цяпер з'яўляецца верагоднасць вяртання старых партнёраў, накшталт ЗША і Вялікабрытаніі». І сапраўды, вечарам у аўторак прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй выступіла з абяцаннем дапамагаць сваёй былой калоніі пры новым урадзе.

Найбольш асцярожныя аналітыкі прадказваюць фарміраванне ў краіне шырокай кааліцыі палітычных сіл, новага варыянта ўрада нацыянальнага адзінства пад эгідай арміі, уплыў якой зараз толькі павялічыцца. Іншыя назіральнікі мяркуюць, што ў асобе Мнангагвы грамадзяне Зімбабвэ атрымаюць «Мугабэ 2.0», пры якім палітычная і эканамічная абстаноўка істотных змен не зведае. «Не было ніякай рэвалюцыі дзеля таго, каб прыўнесці ва ўладу дэмакратычныя прынцыпы. Была проста сутычка за ўладу. Разам з тым ад новага лідара чакаюць не проста касметычных змен, — мяркуе карэспандэнт ВВС Фергал Кін. — Карупцыя і тыранія, уласцівыя мінулым часам, не дадуць прыцягнуць фінансавую дапамогу і інвестыцыі, якія неабходныя для выратавання падарванай эканомікі краіны. Мнангагва сутыкнецца з сур'ёзным супраціўленнем, калі ён паспрабуе зноў укінуць Зімбабвэ ў дэспатызм. Але самае важнае ў гэтым — стаўленне людзей».

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: На далёкай Лімпапо

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.

Палітыка

«Народны абраннік — гэта як рака паміж двума берагамі»

«Народны абраннік — гэта як рака паміж двума берагамі»

Пра асаблівасці дэпутацкай дзейнасці, працу з насельніцтвам і творчы настрой.

Грамадства

У госці да беларусачкі

У госці да беларусачкі

Васьмігадовая мадэль са Жлобіна любіць катацца на цягніку. А ў вольны час лепіць з бабуляй калдуны.