23 Люты, пятніца

Вы тут

Цэны на жыллё палезлі ўгору?


Па даных аналітычнага аддзела www.рrо-n.bу, сярэдняя цана прапановы кватэр на другасным рынку ў Мінску па стане на другую дэкаду лістапада складала 1189 долараў. У параўнанні з папярэднім месяцам цана павялічылася на 21 долар, або на 2%.

У кастрычніку цэны на кватэры ў Мінску паказалі нечаканы рост. Але гэта — гульня лічбаў і не больш за тое, упэўнены спецыялісты. Да глыбокай восені кліенты паступова раскупілі недарагое жыллё, якое аказвала ўплыў на сярэднюю цану квадратнага метра. А кватэры, выстаўленыя на продаж крыху даражэй, засталіся ў базе прадаваных кватэр. Попыт пакупнікоў па-ранейшаму знаходзіцца ў сегменце таннага жылля. А некаторая частка грамадзян, якія прадалі сваю кватэру, будзе выбіраць сабе наўзамен кватэру ў новабудоўлі.


Было сем, стала шэсць

Рост коштаў на другасным рынку зменшыў ход, але пакуль не спыняецца. Толькі за тыдзень індэкс коштаў на кватэры ў Мінску вырас на 0,3%. Да максімальнага значэння ў 2017 годзе індэксу засталося падняцца ўсяго на 4 долары, а да максімальнага значэння мінулай восені засталося 23 долары.

Новабудоўлі чарговы раз практычна зраўняліся з другасным рынкам па сярэднім узроўні цэн. Сярэдняя цана кватэр у новабудоўлях Мінска вырасла за апошні тыдзень на 0,4% і складае цяпер 1188 долараў за квадратны метр. За 4,5 месяца квадратны метр на першасным рынку падаражэў у сярэднім на 70 долараў.

Аб'ём прапановы на другасным рынку жылля, па даных партала rеаlt.bу, працягвае скарачацца. Прапанова кватэр на другасным рынку за 11 тыдняў скарацілася з 7 да 6 тысяч кватэр, аднак «прабіць» гэтую круглую адзнаку з першага разу не атрымалася — па выніках тыдня кватэр на другасным рынку стала больш на 0,2%. Рост быў дасягнуты за кошт двух- і трохпакаёвых кватэр, дзе прапанова вырасла на 0,3% і 0,8% адпаведна.

Працягваюць актыўна вымывацца з базы аднапакаёвыя кватэры (-0,9% за тыдзень). Таксама скарацілася колькасць чатырохпакаёвых кватэр (-0,2%). Па стане на 20 лістапада ў базе даных пакупнікам прапануецца 6039 кватэр. Структура прапановы па тыпах кватэр сёння выглядае наступным чынам. Двухпакаёвых кватэр прапануецца 33,7%, потым трохпакаёвыя — 33,4%, аднапакаёвыя — 22,1%, чатырохпакаёвыя — 10,8%.

А ўвогуле прапанова кватэр скарачаецца ўжо сем месяцаў, за гэты час выбар зменшыўся на 22%.

Прадаўцы гатовыя на зніжкі, зараз — невялікія

Вымыванне сапраўды танных аб'ектаў жыллёвай нерухомасці з рынка другаснага жылля прыводзіць да аўтаматычнага росту сярэдніх цэннікаў. Але гэтая тэхнічная навіна не паўплывае на тэндэнцыі паводзін пакупнікоў і прадаўцоў. Пры рэальных здзелках уласнікі жылля згаджаюцца на істотныя зніжкі. Напрыклад, аднапакаёвыя кватэры прапануюцца па цане 1242 долары за квадратны метр, а рэальна прадаюцца за 1168 долараў. Двухпакаёвыя кватэры адпаведна прапануюцца за 1181 долар за «квадрат», а аддаюцца за 1100 долараў. Трохпакаёвыя кватэры прапануюцца за 1145 долараў, а прадаюцца за 990 долараў.

Рост сярэдняй цаны прапановы адзначаны ва ўсіх раёнах Мінска, акрамя Цэнтральнага. Найбольшы рост за мінулы месяц адбыўся ў Ленінскім раёне — 2,23%. У Цэнтральным раёне сярэдняя цана нават знізілася на 0,5%.

Самы дарагі раён Мінска — Цэнтральны — з сярэдняй цаной прапановы 1392 долары за квадратны метр. Калі параўнаць цэны на кватэры ў Цэнтральным раёне і самым танным — Заводскім (кошт «квадрата» — 1057 долараў), то атрымліваецца, што кватэры ў Цэнтральным раёне даражэйшыя на 25—30%. Лідарам па колькасці аб'ектаў жыллёвай нерухомасці, якія выстаўляюцца на продаж, з'яўляецца Фрунзенскі раён — 23% ад усёй прапановы.

Розніца паміж цаной прапановы і цаной рэальных здзелак — каля 5%, што з'яўляецца найменшым паказчыкам апошніх гадоў.

Мінімальныя цэны ўжо за 30 тысяч

Цэны на аднапакаёвыя кватэры ў Мінску пачынаюцца ад 32 тысяч долараў. Праўда, такая нерухомасць больш нагадвае маласямейнае жыллё з сумешчанай прыбіральняй і маленькай кухняй. Стандартную аднапакаёвую кватэру плошчай 33 квадратныя метры можна набыцьза 37—38 тысяч долараў. У параўнанні з мінулым месяцам цэны на аднапакаёвыя кватэры выраслі на 1—2 тысячы долараў.

Цэны на двухпакаёвыя кватэры ў Мінску пачынаюцца ад 37 тысяч долараў. Аднак стандартныя двухпакаёвыя кватэры агульнай плошчай 48 метраў прапануюцца па цане 52—54 тысячы долараў. Цэны на гэта жыллё падраслі на 2—3 тысячы долараў. Самую танную трохпакаёвую кватэру можна набыць за 47 тысяч. Сярэдні дыяпазон цэн на стандартныя трохпакаёвыя кватэры ў Мінску плошчай 63 квадратныя метры — 65—68 тысяч долараў. За апошні месяц цэны тут выраслі нязначна.

Танней усяго — у Віцебску

Сярэдняя цана прапановы квадратнага метра ў абласных гарадах Беларусі, па даных партала rеаlt.bу, выглядае наступным чынам. Самая дарагая жыллёвая нерухомасць выстаўлена на продаж у горадзе над Бугам. У Брэсце прапануюцца апартаменты за 724 долары за квадратны метр. Другім у гэтым спісе — Гродна, дзе за «квадрат» просяць 692 долары. Потым ідзе Магілёў — 588 долараў, Гомель — 567 долараў і Віцебск — 560 долараў за квадратны метр.

Для параўнання прывядзём сярэднія цэны на нерухомасць у Маскве і Кіеве. У гэтых суседніх рэгіёнах цэны працягваюць падаць. Сярэдняя цана на другасным рынку жыллёвай нерухомасці Масквы за мінулы тыдзень апусцілася на 0,5% і складае 2821 долар за квадратны метр. Інфармацыя падрыхтавана па даных партала іrn.ru. У Кіеве сярэдняя цана на другасным рынку за тыдзень знізілася на 0,1% і складае 1476 долараў за «квадрат». Сярэдняя цана кватэр на першасным рынку сталіцы Украіны ў доларавым эквіваленце знізілася на 0,4% і складае 814 долараў за квадратны метр.

У тэму

Сёлета за перыяд са студзеня па кастрычнік арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці пабудавана ў Беларусі 34,8 тысячы новых кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю 3 млн 50,6 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 1005,8 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы, або 33% ад агульнага аб'ёму ўведзенага жылля.

З агульнага аб'ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, пабудавана: з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі — 468,4 тысячы квадратных метраў, у шматкватэрных жылых дамах у гарадах — 530,9 тысячы квадратных метраў. У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 887,9 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля, або 29,1% ад агульнага ўводу па краіне.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.

Палітыка

«Народны абраннік — гэта як рака паміж двума берагамі»

«Народны абраннік — гэта як рака паміж двума берагамі»

Пра асаблівасці дэпутацкай дзейнасці, працу з насельніцтвам і творчы настрой.

Грамадства

У госці да беларусачкі

У госці да беларусачкі

Васьмігадовая мадэль са Жлобіна любіць катацца на цягніку. А ў вольны час лепіць з бабуляй калдуны.