24 Люты, субота

Вы тут

Каманда «МАЗ-СПОРТаўта» возьме ўдзел у 40-м ралі-марафоне «Дакар-2018»


Каманда «МАЗ-СПОРТаўта» прыме ўдзел у 40-м ралі-марафоне «Дакар-2018», які пройдзе з 6 па 20 студзеня 2018 года ў Паўднёвай Амерыцы. На ралі па бездарожжы адправяцца тры экіпажы на гоначных МАЗах. Чакаецца, што юбілейны «Дакар» стане самай складанай гонкай за апошнія гады. Працягласць хуткасных участкаў складзе каля 4 тысяч км, што з'яўляецца рэкордным паказчыкам. Усяго ж удзельнікам на сваіх баявых машынах трэба будзе праехаць больш за 9 тысяч км. У праграме, як заўсёды, запланаваны этапы з дзюнамі, горнымі пераваламі і саланчакамі. Упершыню пасля шматгадовага перапынку марафон вернецца ў Перу, дзе пройдуць стартавыя этапы. Далей гонка працягнецца ў Балівіі і Аргенціне.


У беларускую каманду ўвайшлі гоншчыкі, якія ўжо прадстаўлялі краіну на папярэдніх заездах «Дакара» і «Шаўковага шляху». Баявыя машыны 503, 512, 518 былі нязначна мадыфікаваны: спецыялісты дадаткова папрацавалі над рухавікамі і трансмісіяй. Па словах начальніка каманды «МАЗ-СПОРТаўта» і пілота экіпажа машыны 512 Сяргея ВЯЗОВІЧА з кожным годам трасы ралі-рэйдаў становяцца складанейшыя. «Праціўнікі таксама адаптуюцца. Ужо даўно не толькі КАМАЗ з'яўляецца адной з самых складаных з пункту гледжання канкурэнцыі камандаў. Экіпажаў, якія прэтэндуюць трапіць у топ-3, каля 18. Ім па сілах пры пэўных абставінах дамагчыся добрых вынікаў. Паглядзім, што будзе ў Перу», — сказаў Сяргей Вязовіч.

Ён таксама падкрэсліў, што машыны да «Дакар» рыхтуюцца спецыфічна. Раскрываць усе нюансы ў зменах канструкцыі аўто да старту гонкі ён не стаў, але адзначыў, што гэтыя змены ёсць, хоць і неістотныя. «Магу запэўніць, што ў нашай камандзе механікі здольныя ліквідаваць любую праблему вельмі хутка. Мы тэхнічна ўжо гатовыя. Члены экіпажаў працягнуць трэніравацца, нам трэба будзе працаваць над фізічнай падрыхтоўкай, а таксама прайсці адаптацыю да ўмоў высакагор'я, якія чакаюць нас у Балівіі. На працягу ўсяго снежня мы будзем рыхтавацца», — сказаў пілот экіпажа.

Кажучы пра магчымасці МАЗаў, ён таксама паведаміў, што па чыстай хуткасці беларускія аўто могуць змагацца з любой камандай. Асноўнае пытанне — у складанасці падтрымання аўтамабіля ў аднолькавым стане ад старту да фінішу. «Але досвед, які мы назапашваем, ужо блізкі да таго, каб мы маглі ўсё ўлічыць. Задача заключаецца ў тым, каб прадбачыць паломку і памяняць яшчэ спраўную дэталь крыху раней, чым яна выйдзе са строю. Тут толькі вопыт і гады могуць дапамагчы», — рэзюмаваў Сяргей Вязовіч.

Намеснік генеральнага дырэктара — камерцыйны дырэктар Генадзь СКІТАЎ падкрэсліў, што, нягледзячы на тое, што завод МАЗ сёння працуе ўсё яшчэ не ў поўную сілу, каманду «МАЗ-СПОРТаўта» будзем развіваць і падтрымліваць. «Што датычыцца завода, то мы нарошчваем абароты. Прынята рашэнне адмяніць усе адпачынкі за свой кошт. На 2018 год па аўтобусах мы закантрактаваныя на бліжэйшыя чатыры месяцы. Спартыўная каманда дапамагае нам у рэалізацыі маркетынгавых задач, што станоўча ўплывае на продажы», — расказаў Генадзь Скітаў.

Сярод канкурэнтаў нашых гоншчыкаў вядомыя каманды. КАМАЗ выставіць на гонку адразу чатыры экіпажы. Таксама ў ралі прыме ўдзел каманда Реtrоnаs Іvесо, MАN, Tаtrа і Rеnаult.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: МАЗ супраць бездарожжа Перу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.