23 студзеня, аўторак

Вы тут

Пара камянёў у гародчык Хэлоўіна


Мы жывём у свеце дзіўных супрацьлегласцяў. Паганскія святы чамусьці прыпадаюць на тыя ж дні, што і хрысціянскія. У той час як адзін чалавек прытрымліваецца строгага посту — другі ўвечары з дапамогай горкіх напояў праводзіць усё ліхое. Тое ж і са святам Хэлоўін, якое апошнім часам набірае ўсё большую папулярнасць. Хоць у гэты ж дзень калісьці адбывалася іншае знакавае дзейства.


Цікавая сама трансфармацыя свята: у першапачатковым значэнні Хэлоўін — вечар напярэдадні Дня ўсіх святых, яго адзначалі зазвычай у англамоўных краінах. Аднак паступова дзейства перамянілася ў супрацьлеглае па сэнсе. Цяпер у ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада прынята ў пэўнай, хай сабе і жартаўлівай, форме звяртацца да нячыстай сілы.

Магчыма, не так заўважна гэта ў рэгіёне, аднак у сталіцы, калі ўвечары напярэдадні выйдзеш у горад, хутчэй за ўсё сустрэнеш якога-небудзь чорціка — мінака, апранутага ў цёмнае адзенне, з выбеленым тварам, намаляванымі чорнай фарбай упадзінамі пад вачыма ды яшчэ чырвонай крывавай усмешкай. Відовішча так сабе, я вам скажу. І сэнс яго, калі ўдумацца, небяспечны — своеасаблівае «братанне» з нячыстай сілай. Аднак ці трэба чалавеку, прывыкламу да размеранага жыцця, такое сяброўства? Бо не ўсё тое жарт, што на першы погляд можа падавацца смешным...

«Свята» гэтае апошнім часам робіцца ўсё больш і больш папулярным нават у нас (згодна з некаторымі звесткамі, зарадзілася яно ад кельтскай паганскай забавы). Цяпер Хэлоўін часта святкуюць цэлымі калектывамі як карпаратыўную падзею. Некаторыя вядомыя асобы дома робяць сабе такі «смяротны» макіяж, фатаграфуюцца, выкладваюць здымкі ў сеціва і тым спрабуюць падкрэсліць, што і яны ў трэндзе... Аднак я была б асцярожнай у гульнях з тымі з'явамі, паходжанне якіх застаецца для нас не да канца зразумелым.

Якая ж альтэрнатыва? Бо без свят, нейкага «варушняку» жыць сапраўды сумна. Варта прыгадаць, што акурат у той самы час, калі ладзіцца Хэлоўін, святкуецца яшчэ і Дзень Рэфармацыі. Зноў цікавае супадзенне-сумяшчэнне, ці не праўда?

Сёлета адзначалася не проста свята Рэфармацыі, але яе
500-годдзе! Так, падзея прагучала на ўзроўні некаторых культурных устаноў, сярод суполак дасведчаных у гэтай тэме людзей. Аднак для большасці Рэфармацыя засталася чымсьці з разраду: «Так, чулі пра перыяд у гісторыі, але гэта ж было так даўно...» Аднак насамрэч Рэфармацыя і тыя 95 тэзісаў, што 31 кастрычніка 1517 года Марцін Лютэр прыбіў да сцен мясцовай царвы ў Вітэнбергу, істотна змянілі свет.

Напрыклад, дзякуючы Рэфармацыі былі адмененыя індульгенцыі — грошы, якімі людзі нібыта мусілі разлічвацца за здзейсненыя грахі ці грахі сваякоў. Новы парадак вярнуў чалавецтва да першакрыніцы, Бібліі, згодна з якой адпушчэнне грахоў магчымае праз добраахвотнае пакаянне і дзякуючы Хрысту. Так многія сем'і перасталі аддаваць апошнія грошы на «выкуп» сваіх памылак. Да таго ж людзям растлумачылі, што яны і самі, без абавязковага пасярэдніцтва пап, могуць звяртацца да Бога са сваімі праблемамі, клопатамі і радасцямі. Дарэчы, самога Лютэра напачатку прызналі ерэтыком — у такіх выпадках асуджаных звычайна спальвалі на вогнішчы. Аднак Лютэру ўдалося гэтага пазбегнуць: дзякуючы заступніцтву ўплывовых князёў, якія яго падтрымалі, і дзякуючы тым новым ідэям, якія ён распаўсюдзіў у грамадстве.

У той жа час была сфарміраваная так званая пратэстанцкая этыка працы, што істотна змяніла аблічча Еўропы. Краіны, якія закранула Рэфармацыя, сталі досыць багатымі. Было прызнана права кожнага чалавека на працу, самавыяўленне, раскрыццё сваіх здольнасцяў — у выніку сфарміравалася рынкавая эканоміка. Паўночнаеўрапейскія краіны, да гэтага бедныя і адсталыя, істотна змянілі сваё аблічча і пачалі квітнець.

Рэфармацыя прызнала роўнасць усіх людзей незалежна ад сацыяльнага паходжання, статусу. Былі адкрытыя шматлікія навучальныя ўстановы. Інстытут сям'і зноў зрабіўся свяшчэнным. Дарэчы, Марцін Лютэр выступіў і за тое, каб манахіні і манахі жаніліся, у тым ліку паміж сабой, — ён адчыніў дзверы манастыроў і паспрыяў многім шлюбам. Лютэр неяк сказаў, што манахі — гэта моль на каўняры Госпада. Скончылася ўсё тым, што ён і сам ажаніўся з былой манахіняй Катарынай фон Бора.

З ходу і не пералічыць усяго, што дала свету Рэфармацыя. Але варта і самім пацікавіцца гэтай тэмай — каб ацаніць усе тыя выгоды, якія сёння падаюцца нам звыклымі, бо прыняты ў грамадстве. Сумна, што замест таго каб вывучаць спадчыну Рэфармацыі, асэнсоўваць яе здабыткі і перавагі, многія святкуюць «цёмнае» свята Хэлоўін. Можа быць, трэба крыху змяніць прыярытэты і звярнуцца да таго, што насамрэч важна?

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Каментары

«Паганскія святы чамусьці прыпадаюць на тыя ж дні, што і хрысціянскія.» Хутчэй наадварот.
Хто сказаў, што наадварот? Не думаю, што паганскім святам 2000 год. Купалле ўпершыню згадваецца ў XII стагоддзі.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Знайсці працу дапаможа служба занятасці насельніцтва

Знайсці працу дапаможа служба занятасці насельніцтва

Хойніцкі, Брагінскі і Жлобінскі раёны афіцыйна адносяцца да тых, дзе адзначаецца самы высокі ўзровень беспрацоўя — 0,8 %.

Грамадства

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Што насамрэч адбываецца на мяжы Швейцарыі і Францыі, дзе на глыбіні каля ста метраў размяшчаецца Вялікі адронны калайдар?

Грамадства

Як мы наведалі курсы перападрыхтоўкі для беспрацоўных

Як мы наведалі курсы перападрыхтоўкі для беспрацоўных

Не так даўно навукоўцы выявілі, што стрэс ад страты або змены месца працы ўваходзіць у топ-3 самых моцных негатыўных перажыванняў сучасных людзей.