Вы тут

Як на Вілейшчыне ўшанавалі памяць ахвяр Першай сусветнай вайны


У суботу, калі амаль увесь свет прыгадваў 99-ю гадавіну з заканчэння Першай сусветнай, у маленькай вёсачцы Заброддзе Вілейскага раёна, якая, між іншым, размяшчаецца на былой лініі фронту, адбылася акцыя памяці ахвяр узброенага канфлікту, што абарваў жыцці амаль 10 мільёнаў чалавек...


Ужо каторы год 11 лістапада ў вёсцы-музеі, якая стала ім дзякуючы намаганням сям'і Цітовічаў, збіраюцца грамадскія дзеячы, гісторыкі, рэканструктары, проста неабыякавыя да падзей векавой даўніны людзі.

Традыцыйнага аўтапрабегу па месцах пахаванняў сёлета не было: пра добраўпарадкаванне могілак лаўрэат прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Барыс Цітовіч і яго жонка Валянціна Пятроўна паклапаціліся загадзя. За душы ахвяр Першай сусветнай усе прысутныя памаліліся тут жа — каля Барыса-Глебскай каплічкі.

Да падзей стагадовай даўніны ўдалося прычыніцца падчас маштабнай рэканструкцыі бою, які адбыўся на гэтай зямлі восенню 1915 года. З абодвух бакоў «змагалася» не толькі пяхота: на пазіцыі выйшла і кавалерыя. «Параненым» аказваў дапамогу санітарны батальён. Больш як 60 рэканструктарам з Беларусі, Расіі і Украіны ўдалося перадаць атмасферу Віленскай аперацыі, якая ўвайшла ў гісторыю і як Свянцянскі прарыў.

— Увесь свет памятае тую вайну, бо сапраўды гэта была трагедыя глабальнага маштабу, — перакананы аўтар кніг па тэме Першай сусветнай вайны, калекцыянер Уладзімір БАГДАНАЎ.

Сімвалічна, што ў гэты дзень прэзентавалі і кнігу, якая ўбачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Наша газета не раз пісала пра творчы тандэм калекцыянераў Уладзіміра Ліхадзедава і Уладзіміра Пяфціева, а таксама доктара царкоўнай гісторыі Гардзея Шчаглова, інтарэсы якіх супалі і выліліся ў грунтоўнае выданне — унікальную кнігу аб вытоках беларускай арміі. Філакартычнае даследаванне «Палігон. Гісторыя Скобелеўскага ваеннага лагера» пабывала і тут, у вёсцы-музеі, якая ашчадна захоўвае памяць аб падзеях Першай сусветнай.

А сувязь з гэтым трагічным для гісторыі ўсяго чалавецтва перыядам у Скобелеўскага лагера самая шчыльная. Нягледзячы на тое, што з моманту свайго заснавання (а было тое ў 1892 годзе) палігон каля Баранавічаў належаў войскам царскай арміі, у гады Першай сусветнай вайны лагер, які з'яўляўся выдатнай базай для баявой падрыхтоўкі, прыглянуўся немцам.

Ужо ў міжваенны перыяд гэтая тэрыторыя знаходзілася пад Польшчай: тут быў польскі вайсковы палігон, які падчас Другой сусветнай вайны пераўтварыўся ў канцэнтрацыйна-працоўны лагер для савецкіх грамадзян. Пасля Вялікай Айчыннай палігон набыў агульнасаюзнае значэнне. Цяпер ён належыць нашай арміі і называецца 230-м агульнавайсковым палігонам Узброеных Сіл, больш вядомы як Абуз-Лясноўскі.

Ідэя расказаць пра гісторыю Скобелеўскага лагера ўзнікла невыпадкова. Збіраючы старыя фотаздымкі і паштоўкі, вядомы калекцыянер, лаўрэат прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір Ліхадзедаў заўважыў даволі рэдкія і малавядомыя выявы. Пры далейшым вывучэнні ён даведаўся, што на іх адлюстраваны Скобелеўскі лагер, які да нядаўняга часу быў амаль не даследаваны гісторыкамі.

Цяпер у калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава — больш як 100 фотаздымкаў з відамі палігона. Гэтыя эксклюзіўныя кадры, а таксама не менш цікавыя архіўныя матэрыялы, знойдзеныя калекцыянерам Уладзімірам Пяфціевым і доктарам царкоўнай гісторыі Гардзеем Шчагловым, і ўвайшлі ў кнігу, прысвечаную гісторыі Скобелеўскага лагера, які цікавы не толькі сваім ваенным прызначэннем. У дарэвалюцыйны час ён уяўляў сабой не проста палігон для манеўраў і вучэнняў: гэта быў жылы лагер са складанай інфраструктурай. Аб чым сведчаць фотаздымкі, на якіх у тым ліку адлюстраваны шыкоўныя будынкі афіцэрскіх зборняў, царква, у якой разам з вайскоўцамі маліліся жыхары навакольных вёсак.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Аляксандра КУШНЕРА

Загаловак у газеце: На стагоддзе ў мінулае

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.