Вы тут

У Беларусь прыбыла румынская дэлегацыя


Эканоміка, заканадаўства, міжкультурныя сувязі — кола пытанняў, якое спікеры абедзвюх палат беларускага парламента абмеркавалі падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Румыніі Тэадорам-Віарэлам Мелешкану, аказалася самым шырокім. Так, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ прапанаваў больш актыўна працаваць у сферы інвестыцый.


Адно з ключавых пытанняў, на якое ён звярнуў увагу, — пашырэнне дагаворна-прававой базы. Ужо працуе 12 міждзяржаўных, міжурадавых дамоваў і каля 40 пагадненняў другога ўзроўню. Цяпер на разглядзе румынскага боку знаходзіцца шэсць дакументаў, адзін з якіх — пратакол да пагаднення аб узаемнай абароне інвестыцый. «Калі мы гаворым аб маштабным супрацоўніцтве, то, у першую чаргу, гэта інвестыцыі, а гэты дакумент якраз вельмі патрэбны для садзейнічання павелічэнню маштабаў інвестыцыйнай дзейнасці і забеспячэння прававой абароны інвестыцый», — лічыць беларускі парламентарый.

Таксама ёсць і іншыя сумесныя дакументы, якія пакуль не разгледжаны, у галінах вышэйшай адукацыі, турызму, папярэджання надзвычайных сітуацый, культуры, мытнага супрацоўніцтва. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па іх пажадана завяршыць у хуткім часе. Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што 28 лістапада ў беларускай сталіцы будзе праходзіць пасяджэнне Парламенцкай асамблеі Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, і запрасіў абодвух спікераў румынскага парламента ўзяць у ім удзел.

Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, адзначыў станоўчую дынаміку ў развіцці беларуска-румынскіх узаемаадносін і актывізацыі ўзаемных кантактаў. На яго думку, за чвэрць стагоддзя дыпламатычных адносін было зроблена нямала: дзякуючы гэтаму паміж нашымі краінамі створаны фундамент у пытаннях палітычных, эканамічных, міжкультурных. Развіццю адносін найлепшым чынам могуць паспрыяць групы дружбы Беларусі і Румыніі.

* * *

«Беларусь можа стаць для Румыніі плацдармам для ўваходу на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. Для гэтага ў нас ёсць неабходная лагістычная і прамысловая інфраструктура, кваліфікаваны персанал», — такую думку падчас сустрэчы з замежным госцем выказаў Андрэй КАБЯКОЎ, прэм'ер-міністр Беларусі.

Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў цікавасць бакоў да стварэння ў Беларусі сумесных вытворчасцяў аўтакампанентаў, мэблі, адзення, тэкстылю, будаўнічых матэрыялаў, сельгаспрадукцыі, рэалізацыі праектаў у сферы ІT і медыцыны. Сумесныя зборачныя вытворчасці могуць быць створаны і на тэрыторыі Румыніі з наступным прасоўваннем сумеснай прадукцыі на рынкі трэціх краін. Досвед работы ў гэтым кірунку ўжо ёсць: на базе румынскага завода Іrum у павеце Мурэш працуе ліцэнзійная зборачная вытворчасць трактароў.

Тэадор-Віарэл Мелешкану таксама правёў сустрэчу і са сваім калегам — міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам МАКЕЕМ.

Вераніка ПУСТАВІТ

рustаvіt@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Трывалы фундамент для плённай работы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.