Вы тут

Прэзідэнт правёў нараду з аграрыямі


У канцы мінулага месяца кіраўнік дзяржавы даў шэраг даручэнняў, каб уборачныя работы былі завершаны да 7 лістапада. Учора, падчас нарады, прысвечанай рэалізацыі Указа Прэзідэнта ад 4 ліпеня 2016 года №253 «Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый» і сутнасці прапануемых у яго змяненняў, кіраўнік краіны зноў звярнуўся да гэтай тэмы.


Фота БЕЛТА

— Як запэўнілі службовыя асобы ўрада і Мінсельгасхарча, уборачная кампанія ў поўным аб'ёме павінна была завяршыцца 7 лістапада. Што на сённяшні дзень? Хацелася б пачуць адказ на гэтае пытанне, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Не дай бог, я замест інфармацыі атрымаю дэзынфармацыю. Маю на ўвазе тую інфармацыю, якую нядаўна прадставіў Камітэт дзяржаўнага кантролю, па якой або міністры не валодаюць абстаноўкай у сельскай гаспадарцы, або спецыяльна разам з губернатарамі фальсіфікуюць вынікі ўборачнай кампаніі.

Так, кіраўніка дзяржавы цікавіла, што яшчэ не ўбрана з палёў. Ён таксама спытаў пра тое, як паднімаецца зябліва, якая сітуацыя з мінеральнымі ўгнаеннямі і зімоўкай скаціны.

— Жыццё не заканчваецца 2017 годам, таму ўраджай будучыні закладваецца сёння, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Хацелася б ведаць, як вы бачыце перспектывы 2018 года.

Кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу на фінансавым стане сельгасарганізацый.

— Галоўнае: прыбытак і рэнтабельнасць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Цэны, як мяне інфармавалі па ходзе ўборкі, сёння прыстойныя на сельгаспрадукцыю, на тавары і прадукты, якія мы вырабляем, што дазваляе нам трымаць рэнтабельнасць продажаў па ўсіх таварных прадуктах ад 15 да 80% — па бульбе і іншых. Як на месцах выконваецца загад №253 па аздараўленні сельгасарганізацый?

Кіраўнік краіны пацікавіўся вынікам работы гэтага нарматыўнага акта, а галоўнае, ці знізілася колькасць неплацежаздольных гаспадарак, ці павысілася эфектыўнасць сельгасвытворчасцяў.

— Нагода нашай сённяшняй нарады — змяненні і дапаўненні ў гэты самы ўказ. Што было не ўлічана і без якіх нормаў гэты ўказ не можа працаваць у адпаведнасці з вашымі пажаданнямі і выхадам сельгасарганізацый на прыбытковую работу? Хацелася б ведаць, што дасць гэты ўказ — дакладней, змяненні ў яго. Што яны дадуць для сельскай гаспадаркі? Ці дастаткова тых змяненняў, што ўносяцца, для стабільнай работы сельгасарганізацый?

Праект новага ўказа прадугледжвае зніжэнне арэнднай платы за прадпрыемства як маёмасны комплекс з 5% да 2% ад балансавага кошту маёмасці. Гэтая мера дазволіць прадпрыемствам скараціць свае выдаткі. У новым варыянце дакумента інвестарам даюцца дадатковыя магчымасці і правы. Напрыклад, выбіраць метад вызначэння ацэнкі кошту прадпрыемства як па чыстых актывах, так і па рынкавай ацэнцы. Галоўны ж акцэнт у праекце ўказа — на ролі мясцовых улад, якія і адказныя за фінансавае аздараўленне арганізацый у сваіх раёнах.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра адказнасць за распрацоўку падобных дакументаў. У тым ліку пра адказнасць спецыялістаў. Частыя змены, канстатаваў кіраўнік дзяржавы, не ішлі на карысць тым, хто займаецца, у прыватнасці, матэрыяльнай вытворчасцю.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў перш за ўсё разгледзець праект указа, а потым вярнуцца да пытанняў канкрэтных — завяршэння ўборкі некаторых культур.

— Няхай іх засталося дзве культуры, але тым не менш яны вельмі важныя, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама хацеў коратка пачуць ад кіраўнікоў аграрнай галіны краіны пра тое, як яны плануюць завяршыць гэты сельскагаспадарчы год, які быў няпросты.

— Мы звярталіся да спецыялістаў, сялян — яны адгукнуліся, — нагадаў Прэзідэнт. — Уборку збожжавых правялі ў сціслыя тэрміны, дастаткова эфектыўна. Але, натуральна, прыходзіць час, калі людзям трэба падзякаваць.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як гэта плануецца зрабіць.

У тэму

Міхаіл Русы, намеснік прэм'ер-міністра:

— Як вы ведаеце, Указ №253, падпісаны кіраўніком дзяржавы, быў накіраваны на адпрацоўку механізма фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў, якія знаходзіліся ў крытычным стане. Былі вызначаны спецыяльныя крытэрыі іх ацэнкі, такіх прадпрыемстваў аказалася 425. Галоўная задача была — правесці дасудовае аздараўленне. Указ пачаў працаваць з 1 студзеня. Мы адзначаем станоўчую дынаміку рэалізацыі згаданага ўказа. Толькі 68 прадпрыемстваў пагоршылі свае паказчыкі. У астатніх — дынаміка станоўчая. Гэта значыць, прынцып спрацаваў.

Леанід Заяц, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання:

— У асноўным да 7 лістапада мы завяршылі ўборачныя работы — гэта датычыцца ўборкі бульбы, лёну, асноўнай часткі гародніны, цукровых буракоў, кукурузы. У палях зараз знаходзіцца 4% ад усяго пасеву кукурузы, 3,5 тысячы га цукровых буракоў (3,5%) ад агульнага пасеву, а таксама гародніна (капуста, сталовыя буракі, морква). Гэта будзе ўбрана ў час, які застаўся.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Будучы ўраджай закладваецца сёння

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.