Вы тут

Шпількі назаўжды


У ранніх восеньскіх прыцемках, ды яшчэ пад надакучлівым дробным дажджом ехаць па дарозе, якая знаходзіцца ў стане актыўнай рэканструкцыі, — выпрабаванне і для кіроўцы, і для пасажыра. Углядаешся ў паказальнікі, якія выхопліваюць з цемры фары, а да Мінска яшчэ далёка, і, здаецца, будзеш ехаць бясконца насустрач лістападаўскай ночы. І самотна, і амаль безнадзейна, як бывае толькі ў гэтым нелюбімым многімі месяцы.


Раптам мільганула назва вёскі, якая падалася знаёмай. Шпількі. Адкуль жа я яе ведаю? Ну, канешне, гэта ж недзе на мяжы Лідскага і Шчучынскага раёнаў. Давялося ісці тут пешшу пад спякотным жнівеньскім сонцам, дабіраючыся з Малога Мажэйкава ў Вялікае.

Увогуле гэта была авантура з авантур. У адным з чытацкіх допісаў знайшла цікавы факт: на хутары каля вёскі Вялікае Мажэйкава жыве чалавек, які калісьці ўпершыню ў краіне пачаў вырошчваць жэньшэнь у прыродных умовах. Патэлефанавала ў тамтэйшы сельсавет, даведалася, што дзядуля, дзякуй богу, жывы-здаровы, і праз гадзіну ўжо трэслася ў апошнім аўтобусе на Шчучын, мяркуючы там пераначаваць, каб раніцай накіравацца далей.

Але чэрці тузанулі выйсці на стаянцы ў Лідзе і паглядзець у расклад. Аказалася, што аўтобус на Мажэйкава ідзе адтуль а шостай раніцы. Гатэль у Лідзе зусім блізка ад вакзала, чаго ехаць у той Шчучын, дзе дагэтуль ніколі не была? Карацей, задаволеная ўласнай кемлівасцю, я назаўтра раніцай рушыла ў пункт прызначэння з Лідскага аўтавакзала.

Прыехаць я прыехала, і даволі хутка, але, як вы, напэўна, ужо здагадаліся, зусім не туды. Гэта я зразумела, убачыўшы надпіс «Малое Мажэйкава» на ўездзе ў вёску. Самае лепшае, што разумны чалавек мог у гэтым выпадку зрабіць — вярнуцца на тым жа аўтобусе назад. Але з той жа авантурнай адчайнасцю рашыла: Вялікае павінна быць зусім недалёка ад Малога, дайду.

Спагадлівыя кабеты ў канторы мясцовага калгаса, куды зайшла пацікавіцца, як да Вялікага Мажэйкава дайсці, паглядзелі на мяне, як на дзівачку, і растлумачылі: патрэбная мне вёска знаходзіцца ў суседнім Шчучынскім раёне, да яе дванаццаць кіламетраў. Транспарт адсюль ніякі туды не ходзіць. Рашучасці трохі паменшала, але ж не вяртацца назад, не пачынаць усё спачатку. Жанчыны з канторы, з сумненнем хістаючы галовамі («Як жа ты, дзіця, па такой гарачыні так далёка пойдзеш?») падрабязна мне расказалі, як ісці, яшчэ і схему на паперы намалявалі...

Той шлях пад спякотным жнівеньскім сонцам (сіноптыкі ў той дзень абяцалі да трыццаці двух і не падманулі, смаліць пачало ўжо з раніцы) і сёння, праз шмат гадоў, застаецца адным з самых харошых, прыемных успамінаў. Высокае сіняе неба без адзінай аблачынкі, жоўта-залацістыя пожні абапал дарогі, машыны, якія пралятаюць міма па трасе, але ты нават не спрабуеш спыніць іх, бо табе хутка трэба будзе з трасы збочыць налева, і трэба быць уважлівым, каб не прапусціць патрэбны паварот. Адчуванне дзіўнай пранізлівай адзіноты — маленькі чалавек на вялікай дарозе пад бясконцым небам — і адначасова ўпэўненасці, што да мэты ўсё-ткі дойдзеш. Вёска са смешнай назвай Шпількі, дзе выкручвала са студні ваду і піла яе, сцюдзёную, ад якой паколвала ў скронях, проста з цяжкога, узятага ў металічныя абручы, вядра. Крамяныя чырвоныя яблыкі, якімі тут частавала мяне прыветлівая бабуля, у якой яшчэ раз перапытала, ці правільна іду...

Падарожжа тое скончылася ўдала. Да Батрацкага хутара я дабралася-такі (да яго ад Вялікага Мажэйкава было яшчэ кіламетры тры), з гаспадаром — надзвычай цікавым гаспадарлівым дзедам пагутарыла. Як расце жэньшэнь, праўда, не пабачыла: у той год была цёплая зіма, і карані паелі мышы (пэўна, жылі пасля такога пачастунку па дваццаць гадоў). Назад вярнулася без прыгод — даехала да Шчучына, а там пашанцавала пераскочыць у аўтобус, які ішоў з Гродна на Мінск, дзе чакалі новыя клопаты, новыя пісьмы, новыя камандзіроўкі. Тады і не думалася зусім, што менавіта гэта падарожжа стане тым самым успамінам, які і праз дваццаць гадоў, калі прамільгне ў святле фар знаёмая смешная назва, намалюецца ва ўсіх драбнюткіх дэталях і расквеціць лістападаўскую дажджлівую самоту стракатымі фарбамі жніўня...

А лістапад — ну яго, той лістапад. Шэра, дождж, нават днём — прыцемкі, у галаву розныя думкі дурныя лезуць? Але ж, памятаеце, у класіка: «Кожны носіць сваё неба з сабой». Ёсць жа на гэтым небе сонца, нікуды яно не дзелася. Калі нават і зайшло на час за хмары — мы самі маем волю іх разагнаць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.