Вы тут

Слухаць_нельга_выключыць


Слухаць_нельга_выключыць

«Цяжкая музыка робіць падлеткаў агрэсіўнымі».

«Аматары цяжкай музыкі маюць больш высокі ўзровень IQ».

«Псіхолагі сцвярджаюць: цяжкую музыку слухаюць людзі з заніжанай самаацэнкай».

«Паводле слоў навукоўцаў, цяжкая музыка прадухіляе развіццё неўрозаў».

Вось такія загалоўкі я прачытаў у гугле па запыце «цяжкая музыка» (не лічачы шматлікія сайты і форумы пра яе). Гады ідуць, музычныя напрамкі змяняюць адзін аднаго, а паміж прыхільнікамі і праціўнікамі «цяжаляка» па-ранейшаму палаюць халівары цікавейшыя за некаторыя палітычныя баталіі.

Адразу скажу: зараз будзе суб'ектыўшчына. Я не псіхолаг і не валодаю нават зародкамі медыцынскіх ведаў, так што казаць буду на мове ўласных эмоцый.

Выхоўвалі мяне ў лепшых традыцыях сям'і акадэмічных музыкаў: з малых гадоў – у музычнай школе, дома мама рэпетуе эцюды Шапэна, у плэеры – расслабляльная класіка і оперныя арыі, якія трэба здаць на экзамене па музычнай літаратуры. Паход у оперны тэатр – падзея для ўсёй сям'і, канцэрт класічнай музыкі – культурны адпачынак. Не тое каб я так любіў класіку: шчыра кажучы, гадоў у восем мне хацелася больш у кіно, чым на чарговы канцэрт з сумнымі да пазяхання прэлюдыямі і інвенцыямі. Але такога роду мастацтва я паважаў і нібы нават разумеў. У народзе гэта называюць «добрым музычным густам».

Рок-выканаўцы былі для мяне ўсе на адзін твар: скура, шыпы, брутальныя нямытыя шавялюры, крыкі, электрагітары і выклік Сатаны. І справа тут не у ўплыве бацькоў – яны па маладосці самі былі тымі яшчэ рокерамі. Прадузятасць склалася сама сабой: так казалі настаўнікі, так казалі сябры, так пісалі ў інтэрнэце.

Маё першае ўсвядомленае і ўдумлівае праслухоўванне року адбылося ва ўзросце чатырнаццаці гадоў: дзяўчынка, якая мне падабалася, слухала групу Skillet, і я вырашыў, што час і мне з імі пазнаёміцца. Дарэчы, цяпер у коле бывалых рокераў гэтая група лічыцца амаль «папсой» – да таго яна лёгкая ў параўнанні з сучаснымі стылямі. Але ў той момант Skillet i да iх падобныя здаліся мне чымсьці цяжкім, пад што трэба трэсці «казой» і выдаваць агрэсіўныя крыкі.

Прыкладна ў гэты ж час на мяне звалілася шмат праблем, з-за якіх я адчуваў сябе жудасна: сваркі ў сям'і, велізарныя нагрузкі ў школе, няўдачы ў асабістым жыцці - большасць падлеткаў праходзіла праз нешта падобнае. Можна колькі заўгодна казаць, што падлеткавыя праблемы - не праблемы зусім, але менавіта ў гэтым узросце многія атрымліваюць пару ментальных разладжанняў (ды і адсотак падлеткавых суіцыдаў ніхто не адмяняў). Усё, што дапамагала мне расслабіцца ў той перыяд, – голас у навушніках, які спяваў мне, што я моцны, што я з усім спраўлюся і што я не адзін. Пад гэтую музыку можна было поўначы скакаць па пакоі з ўяўнай гітарай у руках і потым засыпаць сном немаўля – без усялякіх дэпрэсіўных думак.

На маё тынэйджарства прыйшоўся росквіт пост-гранжа, ню-метала і многіх іншых шыкоўных музычных стыляў. Тое, што лічылася «цяжаляком» тады, цяпер успрымаецца як вярхушка рок-айсберга. Музыка становіцца больш энергічнай, часам – больш агрэсіўнай; у ёй усё больш новых інструментаў і новых гукаў. Цяпер на піку папулярнасці коры: хардкор-панк, металкор, рэпкор і г.д. Цяжэй музыкі быццам бы не прыдумалі. Шчыра прызнаюся: я не фанат гэтых напрамкаў, але пара-тройка песень у плэеры знойдзецца.

Праціўнікі цяжкай музыкі часта прыводзяць у сваю карысць такі аргумент: падлеткі наслухаюцца усякага жаху і ідуць граміць вуліцы і біць адно аднаго. Маўляў, пасля канцэртаў Ланы Дэль Рэй такое не здараецца. Згодзен, не здараецца. Эмацыйны запал зусім іншы. Дакладна гэтак жа могуць паводзіць сябе спартыўныя заўзятары або ўдзельнікі дэманстрацыі. Да таго ж цяжкая музыка бывае вельмі рознай. Напрыклад, наўрад ці хрысціянскія металісты пачнуць заклікаць кагосьці граміць вуліцы.

Але хіба гэта дрэнна: прыйсці на канцэрт, забрацца ў першыя шэрагі танцпляцоўкі і некалькі гадзін скакаць пад аглушальны біт, падпяваць і адчуваць, што ў тых, хто зараз побач з табой, тыя ж пачуцці і тая ж неабходнасць быць пачутым? Ці не лепш выплюхваць злосць і агрэсію на рок-канцэрце або за праслухоўваннем мазгадрабільных трэкаў, чым у чымсьці больш небяспечным для сябе і іншых?

Тыя, хто любіць цяжкую музыку, не лепш і не горш за іншых. Музыка сама па сабе не можа зрабіць кагосьці лепш ці горш – яна можа толькі зачапіцца за нешта, што ёсць у чалавеку, і надаць гэтаму форму. Дарэчы, далёка не ўсе аматары цяжкага року лічаць за лепшае скуру, шыпы і отгрызанне галавы кажанам. Яны могуць выглядаць як заўгодна. Яны нават могуць быць вашай настаўніцай хіміі.

Любіце музыку, якой бы яна ні была, і адзін пра аднаго таксама не забывайце.

Мір, любоў, рок-н-рол.

Жэня Вялько

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.