23 Люты, пятніца

Вы тут

У Абу-Дабі завяршыўся 44-ы чэмпіянат WorldSkіlls Іnternatіonal


У Абу-Дабі завяршыўся 44-ы чэмпіянат WorldSkіlls Іnternatіonal — самы прэстыжны ў свеце конкурс прафесійнага майстэрства.


Спаборніцтвы праводзяцца кожныя два гады ў міжнародным фармаце. Прыняць удзел у чэмпіянаце «залатых рук» могуць маладыя кваліфікаваныя рабочыя, студэнты, навучэнцы ліцэяў і каледжаў ва ўзросце да 22 гадоў, але толькі адзін раз у сваім жыцці.

У 44-м чэмпіянаце, які праходзіў у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, удзельнічалі 1300 канкурсантаў з 59 краін, якія дэманстравалі прафесійнае майстэрства ў 52 кампетэнцыях. За імі назіралі 1,5 тысячы экспертаў. Конкурс наведала больш за 125 тысяч чалавек — і гэта новы рэкорд! Чэмпіянат у Абу-Дабі стаў самым масавым па колькасці наведвальнікаў...

Для беларусаў гэта была толькі другая спроба выступлення на самым высокім міжнародным узроўні. Да руху WоrldSkіls, які ахоплівае ўжо 76 краін і амаль 70 працэнтаў насельніцтва нашай планеты, мы далучыліся толькі ў 2014 годзе. У агульнакамандным рэйтынгу, у якім былі адзначаны 57 краін-удзельніц, наша краіна заняла 16-е месца.

Беларускія хлопцы і дзяўчаты выступалі ў 27 кампетэнцыях: «абліцовачныя работы», «выраб мэблі», «зварачныя работы», «сухое будаўніцтва», «вэб-дызайн», «цяслярскія работы», «праграмнае забеспячэнне для бізнесу», «такарныя работы», «фрэзерныя работы», «электроніка», «дызайн адзення» і іншых.

Медаль выдатніка ў намінацыі «цырульніцкае мастацтва» заваявала выпускніца Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Надзея КАШЦЯЛЯН.

Дзяўчына працуе ў адной з брэсцкіх цырульняў, пастаянна ўдзельнічае ў міжнародных спаборніцтвах. Напрыклад, яна выдатна выступіла ў Нацыянальным чэмпіянаце «Маладыя прафесіяналы» (WorldSkіlls Расія — 2017), у адкрытым чэмпіянаце прафесійнага майстэрства ў Кітаі, дзе таксама выйграла медаль выдатніка.

Трэба зазначыць, што сёлета патрабаванні да ўдзельнікаў спаборніцтваў істотна ўзраслі: каб заваяваць медаль выдатніка, неабходна было набраць у асабістым заліку 700 балаў, тады як у Бразіліі ў 2015-м — толькі 500. Большасць удзельнікаў беларускай каманды атрымалі звыш 650 балаў, прычым аднаму з іх да пераможнага медаля не хапіла ўсяго трох балаў.

Нашу краіну таксама прадстаўлялі ў Абу-Дабі 27 трэнераў-экспертаў, якія напярэдадні атрымалі міжнародныя сертыфікаты. Наяўнасць такога сертыфіката дае ім магчымасць уносіць свае прапановы пры распрацоўцы праграм будучых міжнародных спаборніцтваў прафесійнага майстэрства.

Але трэба заўважыць, што Wоrld Skіlls — не проста спаборніцтвы. Іх фармат выкарыстоўваецца для таго, каб дапамагчы краінам павысіць якасць і ўзровень прафесійных кампетэнцый моладзі, прадукцыйнасць працы і, ў выніку, забяспечыць эканамічны рост. Увогуле, прафесійныя стандарты WоrldSkіlls — гэта стандарты заўтрашняга дня. Вяртаючыся ў свае навучальныя ўстановы, на вытворчасць, у свае кампаніі, маладыя людзі прывозяць туды апошнюю інфармацыю аб тым, як можна ўдасканальваць прафесійнае майстэрства. Усё гэта дае ім шанцы на добрае працаўладкаванне і хуткі кар'ерны рост.

Наступны 45-ы конкурс Wоrld Skіlls пройдзе ў 2019 годзе ў Расійскай Федэрацыі, у Казані. Між іншым, Расія заняла ў Абу-Дабі 5-е месца ў агульнакамандным заліку.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: З прыцэлам... на Казань

Каментары

Расія заняла першае месца
Расія заняла першае месца https://api.worldskills.org/resources/download/8744/9564/10481?l=en

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.

Палітыка

«Народны абраннік — гэта як рака паміж двума берагамі»

«Народны абраннік — гэта як рака паміж двума берагамі»

Пра асаблівасці дэпутацкай дзейнасці, працу з насельніцтвам і творчы настрой.

Грамадства

У госці да беларусачкі

У госці да беларусачкі

Васьмігадовая мадэль са Жлобіна любіць катацца на цягніку. А ў вольны час лепіць з бабуляй калдуны.