Вы тут

Пераможцы віктарыны «Мая Скарыніяна» наведалі Нацыянальную бібліятэку


Як і абяцалі, абвяшчаючы ўмовы “звяздоўскай” віктарыны, прымеркаванай да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, пераможцы гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва трапілі ў Нацыянальную бібліятэку на адмысловую бясплатную экскурсію. Віктарыну “Звязда” праводзіла сумесна з галоўнай кніжнай скарбніцай краіны (пытанні ад Нацыянальнай бібліятэкі ва ўсіх трох турах былі самымі складанымі, бо, у адрозненні ад астатніх, не мелі варыянтаў адказаў).


На экскурсію ў гэту суботу прыехалі чытачы “Звязды” з розных рэгіёнаў краіны. З вуснаў нашага экскурсавода Вольгі Дарожка скарыназнаўцы-аматары даведаліся шмат цікавага пра тое, як будавалася бібліятэка, як яна ўладкаваная, чаму ўласна ў “дыяменце” няма чытачоў (там знаходзіцца кнігасховішча), як адтуль дастаўляюцца кнігі ў чытальную залу (па спецыяльных вузкіх рэйках у кантэйнерах – гэта мы нават убачылі). Паназіралі, як працуюць чытачы ў самай вялікай чытальнай зале, даведаліся, што на трэцім паверсе можна замовіць ноты і самому выканаць на раялі ўпадабаны твор…

Але галоўнай “фішкай” экскурсіі стала наведванне міжнароднай выставы “Францыск Скарына і яго эпоха”, якая нядаўна распачала сваю работу ў сценах бібліятэкі. Гэта без перабольшвання ўнікальная магчымасць пабачыць старадрукі з розных краін, якія выдаваліся блізка па часе да скарынаўскіх кніг. У тым ліку першая друкаваная кніга Еўропы – Біблія Гутэнберга (праўда, толькі адна старонка, прывезеная на выставу з Германіі, але ж – арыгінал!). Экспануюцца і знакавыя для беларусаў кнігі – выданне трэцяга Статута ВКЛ, прывезенае на выставу з Латвіі, Біблія, выдадзеная ў першай друкарні на тэрыторыі сучаснай Беларусі – Берасцейскай – яе прывезлі на выставу з Расіі. Ёсць чым пахваліцца і нашай кніжнай скарбніцы – на выставе  экспануецца арыгінал “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры 1481 года выдання, які захоўваецца ў беларускай “нацыяналцы”. Унікальная гэта кніга яшчэ і тым, што гравюры ў ёй выкананы паводле эскізаў вялікага Сандра Бацічэлі. Так што калі хто скажа, што работ гэтага вялікага мастака Адраджэння ў нас няма, -- гэта не зусім так.

І, канешне, кнігі самога Скарыны. Тыя, што ёсць у  Нацыянальнай бібліятэцы (іх у нас усяго дзесяць), а таксама прывезеныя з розных краін. Асабліва цікавыя экспанаты – выданні “Малой падарожнай кніжкі” ў трох варыянтах. Адзін з іх нядаўна набыў для сваёй калекцыі “Белгазпрамбанк”, другі прыехаў у Мінск са Славеніі, трэці – з Расіі. Кнігі не аднолькавыя: у “Малой падарожнай кніжцы” Скарына пераплятаў розныя брашуры-часткі Святога Пісання, таму кожна томік адрозніваецца ад іншага.

Напрыканцы экскурсіі ўсе падняліся на аглядную пляцоўку на даху бібліятэкі і, нягледзячы на дождж, змаглі палюбавацца панарамай восеньскай сталіцы.

Спадзяёмся, нават тыя нашы чытачы, што прыехалі здалёк, не пашкадавалі. Мы ж абяцаем, што “Мая Скарыніяна” была не апошняй на старонках і на сайце “Звязды” віктарынай.

Заставайцеся з намі – будзе цікава!

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.