Вы тут

Гродзенскаму драмтэатру — 70: ідзем за кулісы


Яшчэ нядаўна гасцей тут сустракалі скваркай ды чаркай, разыгрывалі яблыкі з Адамавага дрэва. Гродзенскі абласны драматычны тэатр па-панску адзначаў юбілей «Беларускай камедыі». Сёння заслужанаму калектыву Беларусі — 70. Пенсія? Не, не чулі.

«Нашы сцены — інтэлектуальна-творча-духоўны пупок Гродна», — жартуюць персанажы на капусніку. Ці праўду кажуць яны, і якія сакрэты хаваюць тэатральныя лабірынты — са святочнага вечара рэпартаж карэспандэнта «Звязды».


Скульптурная кампазіцыя «Пегас» лунае ў паветры над парадным уваходам у тэатр. Унікальны будынак, створаны Генадзем Мачульскім, ужо больш як 30 гадоў сімвал горада над Нёманам. Старажылы ўспамінаюць: «Спачатку мы дзівіліся: «Як так? Ставіць футурыстычную каракаціцу каля самога Фарнага касцёла?» Гродзенцы бурчалі на гэтыя сцены, як парыжане — на Эйфелеву вежу. А пасля закахаліся ў навабуд».

Тут нікому не верыцца, што тэатру — 70. На падмостках атмасфера гарэзлівасці, бясконцы паток энергіі артыстаў і не толькі іх. Гукарэжысёры, музыканты, мастакі, касцюмеры, бутафоры — 181 чалавек, кожны па-свойму служыць тэатру. А тым часам білеты прадаюцца як гарачыя піражкі, часта ёсць чэргі, і гэтым вечарам, безумоўна, таксама. Але ўжо не па білеты, а для таго, каб павіншаваць.

«Пра што сведчыць дата — 70 гадоў? — пытаецца Генадзь Мушперт, галоўны рэжысёр. — Напэўна, пра тое, што, якія б часы ні былі за вакном, — тэатр людзям чамусьці патрэбны (зала прыціхла). Бо наколькі рознымі былі гэтыя гады: галодныя 40-я, спакойныя 50-я, стабільныя 60-я, застойныя 70-я, пераменлівыя 80-я, ліхія 90-я, сытыя нулявыя, трывожныя 10-я і нявызначаныя пакуль нашы. Але пасля 18 гадзін нязменна вечарэе. І людзям хочацца кудысьці пайсці. А тэатр якраз і адчыняе свае дзверы. І што б ні адбывалася навокал, мы чакаем вас з хваляваннем, з надзеяй на разуменне і на спачуванне да нашых персанажаў. А інакш дзяржава даўно перастала б выдзяляць на нас бюджэтныя грошы (чуваць смяшкі) і закрыла б наша нерэнтабельнае прадпрыемства. Людзі ўвечары хочуць відовішча. Так уладкаваны свет, і мы трывала займаем у ім сваё месца».

Кажуць, дзеці падчас навагодніх спектакляў у парывах радасці кідалі на сцэну цукеркі. Асабліва цяжкая трапіла акцёру ў вока. Сёння, вядома, не Новы год, і аўдыторыя даўно выйшла з дзяцінства, але настрой ва ўсіх акурат цукерказакідальніцкі. Госці нясуць кветкі.

«Я лічу, што ў гродзенскім драмтэатры ёсць соль, вострае чырвонае слова, — упэўнена журналістка «Гродзенскай праўды» Алена Карпук (трымае ў руках белыя ружы). — Ёсць камедыі, прычым высокага класа, каб людзі смяяліся. Напрыклад, «Нараджэнне». А яшчэ — і гэта абавязкова трэба! — часам камяк да горла салёны падыходзіць. Але ўсё роўна ў фінале радасць, і я не іду дахаты пад цяжарам нейкай страшэнна трагічнай гісторыі. Не, мне лёгка, і так, я вяртаюся зноўку».

Відавочна, радасць адбываецца і на святочным вечары, дзе ёй і самае месца. Асабліва вясёлы нумар (акцёр вылятае на падмосткі нібыта казуля, што трапіла ў свет фар грузавіка на начной дарозе) сустракаюць грамавымі раскатамі смеху. Блізка да сэрца прымаюць кожнае віншаванне, кожны камплімент.

«Гэта вельмі прыемна. Гэта шчасце, што нашаму тэатру 70 гадоў. Магчыма, дата не самая круглая, але яна цудоўная. Яна наша. Я больш за 35 гадоў маю гонар іграць на гэтай сцэне», — кажа заслужаная артыстка Беларусі Людміла Волкава. Удалая на кінаэкране, менавіта яна найчасцей выконвала ролі прым. Як расказваюць тут, на спектаклі з таленавітай красуняй прыходзілі натоўпы: мужчыны — захапляцца, жанчыны — нярэдка зайздросціць.

«Зранку хочацца сюды ляцець, увечары — затрымацца, — кажа дырэктар Ігар Гедзіч. — Гэтыя сцены бачылі Васіля Ланавога і Віталя Саломіна. Яны родныя для дзясяткаў заслужаных артыстаў. Яны — дом, другая сям'я. Ведаеце, радасна, калі бачыш: пра спектакль «Нараджэнне» гавораць і пішуць святары. Поўная зала плача і смяецца. За ўсю нашу гісторыю не было больш акупнай пастаноўкі. Але будзе. 70 — для тэатра ўзрост юнацкі».

Сярод яўна славянскіх абліччаў заўважаю экзатычны твар артыста аркестра. Стэла Фідзі Ракутуарысуа ўсмешкай растапляе любы лёд. У Беларусь, як выявілася, яго прывяло каханне. Дзеля гродзенкі ён кінуў сонечны Мадагаскар.

Гэтыя сцены бачылі столькі рамантыкі! Столькі сцэнарных і яшчэ больш рэальных гісторый кахання, што купідону і не снілася. Сяргей Курыленка і Валянціна Харытонава, Васіль і Вераніка Мінічы, Мікалай і Таццяна Вілімовічы, Аляксандр і Антаніна Калагрывы, Валерый і Іна Алешукі, Ігар Уланаў і Аксана Машынкова... «Журналісты, прыходзьце на дзень св. Валянціна сюды, тут не тое што артыкул, тут раман накатаць можна!» — жартуюць акцёры.

Біяграфія гродзенскага драмтэатра пачалася восенню 1947 года са спектакля «Праўда — добра, а шчасце  лепш». З тых часоў яго гісторыю прынята адлічваць не датамі, а гучнымі прэм'ерамі. Колькі іх было за 70 гадоў не злічыць. Але сэрцу гледача не загадаеш. Так, у маскоўскі мастацкі акадэмічны ідуць на «Чайку», у «Сучаснік» — на «Голага караля». Купалаўскі тэатр — гэта, вядома нацыянальная «Паўлінка». «Будзеце ў Гродне — завітайце на «Белкамедыю». Візітная картка, легендарны спектакль і сёння ў рэпертуары. Яго сыгралі амаль паўмільёна разоў. Вам пакажуць нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання», — раяць знаўцы.

Усе персанажы сёння таўкуцца ў вялікай зале. У пашпарце кожнага — тэатральная прапіска — Маставая, 35. «Усё як у людзей», — кажа старая з «Белкамедыі». «Не ўсё! — тыкае ў свой пашпарт жыд Давід. — Пенсіі няма! Персанажам, гавораць, па законе не паложана!»

Вострасучасны як тады, пасля вайны, так і цяпер, у свае 70. Гэта для гродзенскага драмтэатра не ўзрост. Трупа зноў пачала маладзець, а здзіўляць і не пераставала «Палёт над гняздом зязюлі» стаў сапраўдным адкрыццём у Санкт-Пецярбургу на фестывалях «Сустрэчы ў Расіі». Ён узяў прэстыжную прэмію Кірыла Лаўрова. Такой узнагароды ў Беларусі больш няма.

Для Марыны Мікуліч тэатр пачынаецца з вешалкі ў прамым сэнсе слова. Яна касцюмер, і гэта яе рукі ратуюць спектакль. Марына прызнаецца, зашываць сукенку проста на актрысе ёй даводзілася не раз. Каб усё было паводле Станіслаўскага і мы верылі, дзяўчаты і на Рамэа знойдуць джынсы, і на Джульету — касуху. На чатырох складах касцюмаў невядома колькі тысяч. А ноччу яны, можа, ажываюць, шэпчуцца. Дзе быць магіі, калі не ў тэатры?

А ці сапраўдны віскі п'юць акцёры на гродзенскай сцэне? «Вам раскрыць таямніцу? — усміхаецца мілавідная бландзінка. — Так, гэта мая работа заварваць гарбату колеру пяцізоркавага каньяку. Замест піва наліваю квас, ну, а гарэлка, вядома, вада». Калі Алена Мілінкевіч прымала пост загадчыцы рэквізіту ад папярэдніцы, ледзь не адправіла на сметніцу нейкія драўляныя штучкі. Аказалася, гэта ўнікальны прадмет, якому цаны ў базарны дзень няма: калі ім пагрукаць, ствараецца абсалютна рэальны цокат капыт.

Але пакінем тэатральныя байкі і на наступныя юбілеі.

Вось яны, апошнія хвіліны юбілейнага спектакля. На ветразі-заслоне мы бачым: праплывае ўся гісторыя тэатра-дома, якому гродзенцы верныя не адно дзесяцігоддзе і які для многіх стаў прыстанню і караблём. Гродзенскі драматычны пад гучнае «брава!» плыве ў цудоўнае далёка.

«Ой, дажыць бы і да векавога юбілею!» — чую, хтосьці сказаў за маёй спінай.

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Магія на Маставой, 35

Каментары

Оперативно, однако! Праздник еще только в самом разгаре, а статья уже на сайте:)

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.