Вы тут

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?


Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў (7,8 трлн крон) — гэта ў два з паловай разы больш за гадавы аб'ём унутранага валавога прадукту краіны. Пра насамрэч гістарычны факт расказаў Інгві Слінгстад, дырэктар банка Nоrgеs Bаnk Іnvеstmеnt Mаnаgеmеn (NBІM), які кіруе фондам. «Я не думаю, каб хтосьці чакаў, што фонд калі-небудзь складзе трыльён долараў», — сказаў ён. Рэкорднага аб'ёму краіна дасягнула яшчэ ў сярэдзіне верасня дзякуючы добраму стану і росту сусветных фондавых рынкаў. Навошта невялічкай Нарвегіі такія каласальныя рэзервы?


157 тыс. еўра на жыхара

Найбуйнейшы ў свеце нарвежскі суверэнны фонд быў заснаваны ў 90-х гадах мінулага стагоддзя для кіравання нафтавымі даходамі краіны фіёрдаў. Афіцыйна ён называецца Thе Gоvеrnmеnt Реnsіоn Fund Glоbаl (Глабальны дзяржаўны пенсійны фонд) і кіруецца падраздзяленнем Банка Нарвегіі, Nоrgеs Bаnk Іnvеstmеnt Mаnаgеmеnt. Кіруючая кампанія падпарадкоўваецца міністэрству фінансаў краіны. Пытанні аб інвестыцыях NBІM вырашае не ў адзіночку, а з улікам меркавання мінфіна і нават на падставе абмеркаванняў у парламенце.

Першы транш «нафтавых грошай» перавялі на рахунак фонду ў маі 1996 года. З тых часоў актывы выраслі амаль у 4000 разоў: з 1,93 млрд да 7,83 трлн нарвежскіх крон. «Глабальны ўрадавы пенсійны фонд назапашвае для будучых пакаленняў. Аднойчы нафта скончыцца, але даходы фонду працягнуць прыносіць карысць жыхарам Нарвегіі», — адзначаецца на сайце Thе Gоvеrnmеnt Реnsіоn Fund Glоbаl. Колькасць насельніцтва паўночнага каралеўства складае каля 5,3 млн чалавек — такім чынам, цяпер на аднаго нарвежца прыпадае прыкладна $189 тыс. (157 тыс. еўра) актываў фонду.

Фонд мае свае долі ў амаль 9000 кампаній 77 краін, валодае 1,3 працэнта сусветнай рынкавай капіталізацыі і 2,3 працэнта — у Еўропе. Прычым інвестыцыйны партфель цалкам адкрыты, з ім можа азнаёміцца любы ахвотны. Дарэчы, тут можна знайсці ўсе вядучыя фірмы з новай інтэрнэт-эканомікі — Gооglе, Аmаzоn і іншыя. У NBІM 550 супрацоўнікаў і пяць офісаў: у Осла, Нью-Ёрку, Лондане, Шанхаі і Сінгапуры. Першыя інвестыцыі фонду былі ў аблігацыі, затым да іх дадаліся акцыі, а ў апошнія гады — нерухомасць у Нью-Ёрку, Лондане і Парыжы. Летась палову даходу NBІM прынеслі інвестыцыі, 45 працэнтаў — паступленні ад продажу краінай нафты і газу, астатняе — курсавая розніца валют.

Адметна, што на фоне глабальнага фінансавага крызісу і падзення цэн на нафту Нарвегія выдаткавала на бягучыя патрэбы менш за адзін працэнт сродкаў свайго суверэннага фонду, сведчаць разлікі Thе Wаll Strееt Jоurnаl. Інакш складваўся ў гэты перыяд лёс суверэнных фондаў краін, якія развіваюцца, — практычна ўсе трацілі назапашанае. Зрэшты, у Нарвегіі сітуацыя таксама можа змяніцца. Урад каралеўства, які накіроўвае ў фонд усе свае нафтавыя даходы, мае права прыцягваць сабе толькі эквівалент чаканага фінансавага прыбытку, які паменшыўся з чатырох працэнтаў да трох.

Этычныя інвестыцыі

Паколькі акцыі прыносяць большы даход, NBІM атрымаў дазвол павялічыць укладанні ў іх да 70% партфеля. Інвеставаць у аблігацыі ён будзе менш. У пачатку верасня фонд звярнуўся да нарвежскага мінфіна з просьбай пакінуць у індэксе бондаў, які служыць бенчмаркам (узорам) яго даходнасці, толькі суверэнныя аблігацыі ў амерыканскіх доларах, еўра і брытанскіх фунтах стэрлінгаў з тэрмінам абароту ад 10 гадоў. Зараз у гэтым індэксе аблігацыі ў 23 валютах. Рашэнне аб адпаведных змяненнях мінфін прыме вясной 2018 года, расказаў прадстаўнік NBІM Томас Севанг.

Пры гэтым NBІM зусім не скупляе ўсё запар. Наадварот, фонд прытрымліваецца канцэпцыі так званых этычных інвестыцый, укладваючы грошы толькі ў тыя прадпрыемствы, якія адпавядаюць выпрацаваным у Осла крытэрыям. Прычым зноў-такі адбор ажыццяўляецца максімальна празрыста і адкрыта, а «чорны спіс» непрымальных для фонду прадпрыемстваў таксама публікуецца ў сеціве. Каму не дастаюцца грошы найбуйнейшага суверэннага фонду? Напрыклад, кампаніям, якія вырабляюць або ўдзельнічаюць у вытворчым ланцужку вырабу ядзернай зброі. Немагчымыя інвестыцыі і ў кампаніі тытунёвай прамысловасці. Катэгарычна не гатовы працаваць фонд і з фірмамі, якія выкарыстоўваюць дзіцячую працу.

Табу для нарвежцаў — і фірмы, якія, па інфармацыі NBІM, нанеслі сур'ёзны ўрон экалогіі (бо фонд створаны для будучых пакаленняў), а таксама кампаніі, вінаватыя ў карупцыі, парушэнні правоў чалавека або іншых «фундаментальных этычных нормаў». Наадварот, не выклікаюць пытанняў аграпрамысловыя кампаніі, якія прымяняюць генную інжынерыю. Няма і палітычнага падыходу: так, нягледзячы на міжнародныя санкцыі, NBІM па выніках мінулага года трымаў акцыі 51 расійскай кампаніі. Урад Нарвегіі чакае, што аб'ём фонду працягне расці да 2025 года, і ён можа дасягнуць адзнакі ў 10,5 трлн крон (каля $1,3 трлн). Але такія ацэнкі, на думку аналітыкаў, ненадзейныя, паколькі цяперашні памер фонду ўжо перавышае мяжу, якой не чакалі дасягнуць да канца наступнага года.

«Зялёныя» не ў трэндзе

Выбары ў стортынг (парламент) Нарвегіі, якія прайшлі 11 верасня, засталіся амаль незаўважанымі сусветнымі СМІ. Шмат у чым гэта тлумачыцца тым, што змены ўрада не адбылося: хоць сацыял-дэмакраты з Нарвежскай рабочай партыі сабралі найбольшую колькасць галасоў, ва ўладзе засталася правацэнтрысцкая кааліцыя, і Эрна Сульберг («жалезная Эрна»), лідар партыі «Хейрэ», захавае за сабой крэсла прэм'ер-міністра на наступныя 4 гады. Аднак вынікі гэтых выбараў заслугоўваюць увагі як мінімум з-за некалькіх акалічнасцяў. Яны прадэманстравалі тэндэнцыі, характэрныя не толькі для Нарвегіі. Пры гэтым слабасць «зялёных», за якіх прагаласавалі ўсяго 3,2% выбаршчыкаў, заслугоўвае асаблівай увагі. Паколькі гэта адзіная з палітычных партый Нарвегіі, якая выступае за спыненне нафтаздабычы ў краіне. У перадвыбарнай праграме «зялёных» было патрабаванне спыніць здабычу нафты на працягу найбліжэйшых 15 гадоў. Яны адмовіліся ўступаць у кааліцыю з любой партыяй, якая не падзяляе такога падыходу. Аднак выбары яскрава прадэманстравалі, што прыхільнікаў гэтага патрабавання ў каралеўстве амаль няма.

Па вытворчасці электраэнергіі на душу насельніцтва Нарвегія займае першае месца ў свеце. Пры гэтым, нягледзячы на наяўнасць вялікіх запасаў вуглевадародаў, 99% электраэнергіі выпрацоўваецца на ГЭС, у сувязі з наяўнасцю значных гідрарэсурсаў. Таму вытворчасць нафты і газу скіравана на экспарт. Нарвегія штогод здабывае «чорнага золата» больш, чым усе краіны Еўрасаюза разам узятыя. Зразумела, што ў значнай ступені дабрабыт залежыць ад газаздабыўной і нафтаперапрацоўчай прамысловасці. З сярэдзіны 1990-х гадоў Нарвегія стала другім у свеце, пасля Саудаўскай Аравіі, экспарцёрам нафты. Пры гэтым варта ўлічваць, што цяпер здабыта менш за трэць разведаных запасаў вуглевадародаў, якія належаць Нарвегіі.

Абвал сусветных цэн на нафту ў 2014 годзе аказаўся для краіны вельмі балючым: рэзка скараціўся прыток выручкі ад экспарту «чорнага золата», колькасць працуючых у нафтаздабыўным сектары зменшылася на 50 тысяч чалавек. Адмова ад нафтаздабычы (што прапануюць «зялёныя») сталася б стратай значных фінансавых паступленняў і звальненнем 180 тыс. занятых. Зацягваць паясы тужэй нарвежцы з іх высокім узроўнем даходу на душу насельніцтва негатовыя. Развітвацца з дасягненнямі дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту, пабудаванай на нафтадолары, не хочацца. У выпадку адмовы ад нафтаздабычы для падтрымання звыклага ўзроўню сацыяльных ільгот давялося б рэзка павысіць падаткі (ужо цяпер ПДВ у Нарвегіі дасягае 25%). Выбаршчыкам аказалася больш блізкай пазіцыя міністра фінансаў, лідара Партыі прагрэсу Сіва Джэнсана: «У перспектыве нафтавая прамысловасць перастане быць маторам, але застанецца важнай часткай нарвежскай прамысловасці. Гэта значыць, што мы павінны не толькі рабіць стаўку на новыя галіны, але і паляпшаць рамачныя ўмовы для нафта- і газаздабычы».

Лепшыя па індэксе

Чысты прыток паступленняў з нафтагазавага сектара, як чакаецца, вырасце налета на 4,3% у параўнанні з бягучым годам і на 47% адносна 2016-га. Разам з тым урадам прагноз росту ВУП без уліку здабычы нафты і газу на шэльфе на 2017 год палепшаны з 1,6% да 2%, на наступны — з 2,4% да 2,5%.

Аднак нафтай і газам прыродныя багацці зусім не абмяжоўваюцца. Краіна валодае вялікімі запасамі лесу, радовішчамі жалеза, алюмінію, медзі, цынку, свінцу, нікелю, тытану, малібдэну, серабра, мармуру, граніту. Тут развіта хімічная прамысловасць, лесаводства, машынабудаванне. Нарвежская марская эканоміка ахоплівае шырока развітую сетку галін, звязаных з перавозкамі і развядзеннем аквакультуры, якія прадстаўляюць усё больш разнастайны спектр тавараў і паслуг.

Пры гэтым адукацыя і культура — на першым плане. У пачатковай школе выкладаецца не толькі англійская мова (з першага класа), але і — акрамя традыцыйных прадметаў — экалогія і мастацтва. Дарэчы, на адукацыю выдаткоўваецца ў тры разы больш, а на ахову здароўя — у чатыры разы больш, чым на абарону. Нездарма з 2001 да 2006 года і пачынаючы з 2010-га Нарвегія ўзначальвае спіс краін па Індэксе чалавечага развіцця. Так што каралеўства зусім не сядзіць склаўшы рукі ў чаканні канца «нафтавай эпохі», спадзеючыся на вялізную «заначку».

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Трыльён для каралеўства

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.