Вы тут

Святлана Панкратава: ​Расказваць пра народны каляндар цікава


Пачалі з круглай даты: з 1997 года Святлана вядзе праграму «Навіны надвор'я». 20 гадоў у тэме — уражальны паказчык, але, з іншага боку, за такі тэрмін нават самая любімая тэма можа набіць аскому. Як удаецца пазбягаць прафесійнага выгарання?


— Ведаеце, калі сёлета атрымлівала «Тэлевяршыню» (як найлепшая вядучая тэматычнай праграмы. — Аўт.), я зусім шчыра прызналася, што мне вельмі пашанцавала па жыцці трапіць у такую тэму, — успамінае вядучая. — Бо надвор'е — тое, пра што можна гаварыць штодня па-рознаму, кожны раз звяртаючы ўвагу на дэталі: ці то летам прыходзіць скандынаўскі антыцыклон, ці то чакаецца моцны вецер або трымаецца незвычайная для нейкага сезона тэмпература. Вельмі шмат і тэм «вакол надвор'я»: замена шын на аўто, уплыў атмасфернага ціску на людзей, жывёл і расліны, прыродныя анамаліі ў іншых краінах свету... Словам, надвор'е — тэма бясконцая і багатая, і набіць аскому яна ніяк не можа, прынамсі мне. Да таго ж я перыядычна сыходзіла ў дэкрэт і паспявала як след засумаваць па працы. Таму мне не сумна. Калі было б нецікава, ужо шукала б нешта іншае — альбо яно само мяне б знайшло. А так мы з прагнозам надвор'я знайшлі адно аднаго (смяецца).

Пасля змены іміджу вядучай пачалі рабіць кампліменты нават жанчыны.

Знак пастаянства

— Акрамя метэапраграм у вашым прафесійным багажы акцёрская і рэжысёрская адукацыі, удзел у літаратурных праграмах, тэлеспектаклях, рэкламе. Ці не хочацца часам вярнуцца да нейкага з гэтых кірункаў?

— Усё можна сумяшчаць з асноўнай працай, але каб займацца толькі гэтым — не. Тэлеспектаклі здымаюцца не кожны дзень, у рэкламе можна доўга не пратрымацца, а тэатральная сцэна — справа надзвычай складаная, дый наогул гэта не маё. Калі толькі трапіла на тэлебачанне, я зразумела, наколькі тут адрозная акцёрская спецыфіка, успрыманне аўдыторыі ў параўнанні з тэатрам. У тэлестудыі мне не тое што прасцей... Я плыўчыха, люблю ваду. І гэтаксама ўпэўнена пачуваюся ў тэлевізійным асяроддзі.

— І ўсё ж, калі паразважаць «у космас»... Калі не надвор'е, то што яшчэ магло быць вашай тэмай?

— Дзеці, — цёпла ўсміхаецца Святлана.

— Так-так, магчыма, гледачоў чакае аўтарская дзіцячая праграма?

— Не, я ў тым сэнсе, што напэўна магла б быць хатняй гаспадыняй, або працаваць настаўніцай пачатковых класаў ці выхавальніцай. Так, каб пастаянна штосьці дзецям расказваць. З імі значна цікавей і прасцей наладзіць стасункі, чым з дарослымі, ім нельга, дый не ўзнікае жадання, схлусіць. ...Але што да праграмы — мабыць, не. На беларускім тэлебачанні ёсць тыя, хто робіць добрыя дзіцячыя праекты, таму мне ў такім узросце стаць «групай падседжвання» ўжо нават неяк непрыстойна.

— «Групай падседжвання»?!

— Калі я толькі пачынала працаваць на тэлебачанні, тут былі вельмі вопытныя і вядомыя дыктары, якія ўжо даўно працавалі і ведалі нюансы прафесіі. А мы былі дыктары-стажоры, маладая змена, і нас мякка называлі «групай падседжвання». Выраз так спадабаўся, што згадваю яго і цяпер.

— У сучасным свеце лічыцца ці не правілам добрага тону мяняць працу кожныя некалькі гадоў. А вы як прыйшлі ў Белтэлерадыёкампанію ў 1991-м, так дагэтуль у холдынгу і працуеце, хоць, я ўпэўнена, спакуслівыя прапановы паспрабаваць сябе ў іншым месцы былі. У чым сакрэт вернасці?

— Прапановы сапраўды былі. Напрыклад, калі я ішла ў дэкрэт і знікала з экранаў, людзі лічылі, што я звольнілася, і тэлефанавалі з рознымі ідэямі. Але каб кудысьці пайсці — як гэта, чаму, дзеля чаго? Я адналюб! Сюды ў свой час было вельмі складана трапіць, я прайшла па конкурсе, адбылася ў прафесіі і цяпер па вялікім рахунку ўсё мяне задавальняе: мяне тут не крыўдзяць, наадварот, любяць... (усміхаецца). Таму кардынальныя змены ў маім выпадку — пэўна, тое лепшае, якое вораг добрага.

Прыкметы новага часу

Камандзіроўка ў пасёлак Езярышча — самае халоднае месца ў Беларусі. «Была сярэдзіна зімы, мароз тады стаяў жудасны!» — успамінае Святлана Панкратава.

— Ведаю, што ў «Навіны надвор'я» заўжды прыходзілі мяхі лістоў і сотні званкоў ад гледачоў. Ці пішуць сёння — у сацыяльных сетках альбо па старой завядзёнцы на пошту?

— Ох, памятаю, якія стосы пісьмаў прыходзілі ў рэдакцыю, асабліва калі мы праводзілі літаратурны конкурс альбо давалі заданне напярэдадні Новага года, хто больш дакладна адгадае, якім будзе надвор'е на святы... Перасягнуць сіноптыкаў было столькі ахвотных — прычым многія правільна прадказвалі нават кірунак ветру! — што адбор быў сапраўды вельмі строгі. Толькі найлепшыя з найлепшых атрымлівалі магчымасць трапіць у эфір. Так, успамінаю сярод верных нашых гледачоў Лідзію Сямёнаўну Фарботка з Прудоў, што на Стаўбцоўшчыне. Яна вельмі сябравала з праграмай, дасылала нам у падарунак і саленні, і варэнні і ўвесь час актыўна ўдзельнічала ў конкурсах... (Лідзія Сямёнаўна, дарэчы, добра знаёмая і сталым чытачам «Звязды» як шматгадовая ўдзельніца конкурсаў прыпевак і гумарыстычных вершаванак. — Аўт.)

Гады тры ці чатыры гэта традыцыя захоўвалася, потым пакрысе ад конкурсаў мы адышлі. Цяпер засталіся самыя адданыя прыхільнікі, якія хоць і ў меншым аб'ёме, але працягваюць пісаць, прапаноўваць ідэі і тэмы — расказваюць, напрыклад, пра сельскагаспадарчыя прылады, якія прыдумалі самі. Раней хранаметраж і фармат праграмы дазваляў скарыстаць гэта ў эфіры: у нас былі спецыяльныя рубрыкі «Карысныя парады» і агляд лістоў. Сучасны фармат больш сціслы і дынамічны, таму ў асноўным гледачы пакідаюць свае допісы ў сацыяльных сетках. Ці плануем зладзіць там інтэрактыў? Магчыма, чаму б і не. Хоць асабіста я больш люблю сустрэчы ўжывую, а сацыяльнымі сеткамі і інтэрнэт-месенджарамі карыстаюся вымушана, больш у працоўных мэтах.

— Нягледзячы на тое, што «Навіны надвор'я» — тэлевізійны доўгажыхар, кожны сезон у праграме нешта мянялася: назва, афармленне, месца здымак. А вас гледачы бачылі і дзяўчынкай у яркім паліто, і строгай пані з пучком, і гараджанкай на ўлонні прыроды. Якія перамены былі самымі значнымі?

— Калі мы перайшлі працаваць у студыю, бо здымкі на прыродзе — з аднаго боку, большая свабода руху (галоўнае, з кадра не выйсці), а з другога, пастаянныя форс-мажоры: то дождж знянацку пойдзе, то вецер мікрафон задзьме, трэба думаць, як гук запісаць. У студыі больш жорсткія патрабаванні: іншае святло, акустыка, патрэбны стрымана-дзелавы стыль адзення і строгі вобраз вядучага. Мне пашчасціла пазнаёміцца з іміджмейкерам Таццянай Канцэравай, якая дапамагла істотна змяніць вобраз і многае падказала, пачынаючы ад «маіх» колераў да падбору мэйк-апу і прычоскі. Пры тым што мне было ўжо за сорак, здавалася б, далёка не навічок у кадры, некаторыя рэчы сталі літаральна адкрыццём! На ранейшыя свае вобразы я гляджу з настальгіяй, дзесьці нават з усмешкай, аднак менавіта дзякуючы Таццяне я па-новаму раскрыла жаноцкасць, нават сама сабе стала больш падабацца. Дагэтуль прыслухоўваюся да яе парад і не адыходжу кардынальна ад прыдуманага разам іміджу.

— Пры ўсіх пераменах у кадры заставалася не толькі пастаянная вядучая, але і беларуская мова праграмы. Гэта традыцыя або прынцыповы момант?

— Так, прынцыповы, у чымсьці нават асветніцкі. Калі сёлета мы адкрывалі новую праграму «Пра надвор'е» ў межах «Панарамы», таксама было адназначна, што беларуская мова застаецца. Мову нашу ведаюць усе беларусы — быць можа, не ўсе свабодна размаўляюць і думаюць на ёй, але дакладна ўсе разумеюць.

— І тое праўда: як па-руску расказваць пра старадаўнія кліматычныя прыметы або беларускі народны каляндар? Дарэчы, сёння народныя прыметы часцей спрацоўваюць ці памыляюцца?

— Памыляюцца, вядома, пра гэта і сіноптыкі гавораць. Бываюць супадзенні, але збольшага выпадковыя. Тым не менш расказваць пра народны каляндар цікава, нагадваючы людзям, адкуль пайшло тое ці іншае свята і традыцыя. Што да народных прыкмет — і сёння ёсць апантаныя энтузіясты, якія вядуць дзённікі назіранняў за надвор'ем і паступова складаюць новыя прыкметы, актуальныя ўжо для нашага часу.

Прырода спакою

Фота на памяць разам з пераможцай тэлеконкурсу Лідзіяй Сямёнаўнай Фарботкай.

— Чалавек, які шмат гадоў ведае знутры кліматычныя тэндэнцыі і прагнозы спецыялістаў, напэўна, можа пахваліцца самым зайздросным дачным ураджаем?

— Якое там! Я дагэтуль бульбу не выкапала, хоць сама ж, памятаю, казала ў кадры амаль месяц таму: «26 верасня — Карнілій, а пасля Карнілія карані ў зямлі больш не растуць, таму ўся каранёвая агародніна павінна да гэтага часу быць выкапана з зямлі...». Бульбы ў мяне пасаджаны дзве малыя грады, збяром, можа, вядры з два ўраджаю. Вось суседкі мае — так, цягавітыя працаўніцы, яны гэтым жывуць, кормяць свае сем'і і нават мяне частуюць. Так што, калі маё некультурнае пустазелле лезе да іх на акультураныя агароды, робіцца крыху няёмка. Летам, калі мы жывём на дачы, стараюся дагледзець
участак — ён невялікі, чатыры соткі, пераважна лужок, агародных пасадак зусім няшмат. Так, я разумею, што прыемна пайсці і сарваць агурок ва ўласным парніку, але папярэдне трэба прыкласці шмат намаганняў: вечарам зачыніць, раніцай адчыніць, пасадкі паліць, падкарміць, шкоднікаў знішчыць, пчолак, калі трэба, запусціць... Карацей, гэту справу трэба любіць і пастаянна ёй займацца, а ў мяне не атрымліваецца. Дый працы шмат, так што на дачы хочацца проста пабыць у цішыні і спакоі.

— Словам, вы проста назіраеце за прыродай і адпачываеце. А ў горадзе — «дамашняя прырода» ўсё такая ж разнастайная?

— Доўгі час у нашай сям'і жыў дамашні ўлюбёнец — сабачка Жужа. На жаль, зімой Жужа памерла, і без яе стала так пуста, што мы не вытрымалі, узялі месяц таму джэк-расэл-тэр'ера. Гэта такі сабака з маторчыкам, які ніколі не спыняецца, згустак энергіі і жыццярадаснасці. А наша котка-«шатландка», наадварот, вельмі спакойная, лянівая — сабака скача на ёй верхам, бы на кані. І яны адно аднаго цудоўна дапаўняюць, а нас усіх зараджаюць аптымізмам. Лічу, калі няма алергіі, то ў доме павінна быць жыўнасць. Хоць гэта дадатковая адказнасць, перажыванні, выдаткі, але разам з тым і новыя яркія фарбы ў жыцці і найлепшая прафілактыка нудоты.

Наўздагон

Любімы анекдот пра сіноптыкаў ад Святланы Панкратавай:

«Паважаныя радыёслухачы! Калі вам спадабаўся прагноз надвор'я, напішыце нам, і мы абавязкова паўторым яго ў наступнай перадачы».

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Фота з асабістага архіва вядучай.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.