Вы тут

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям


Напярэдадні Дня маці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правяло анлайн-канферэнцыю «Дзяржаўная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей. Рэалізацыя Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей». На пытанні, звязаныя з прававымі гарантыямі сем'ям з дзецьмі, адказалі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Вера Лабковіч, намеснік начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Марына Арцёменка, а таксама начальнік аддзела сацыяльнага страхавання Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Ларыса Капыльская. Ніжэй мы прыводзім самыя актуальныя з адказаў.


— Парадокс: жанчына аддала дзіця ў дзіцячы сад і сама сядзіць дома — ёй прызначана дзяржаўная дапамога ў поўным памеры. А калі выйшла на работу на стаўку (і з яе зарплаты ідуць адлічэнні ў ФСАН) — то толькі палова такой дапамогі. Наколькі гэта справядліва? Чаму так?

Марына Арцёменка:

— У перыяд догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў дзяржава гарантуе асобе, якая ажыццяўляе за ім догляд, матэрыяльную падтрымку ў выглядзе дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў незалежна ад таго, застрахавана гэта асоба ці не. Гэтая дапамога з'яўляецца частковай кампенсацыяй страчанага працоўнага даходу.

Пры выхадзе на работу ў асобы, якая ажыццяўляе догляд дзіцяці, з'яўляецца даход у выглядзе заробку. Памер дапамогі залежыць ад таго, на якіх умовах працуе гэта асоба. У выпадку занятасці больш за палову месячнай нормы працоўнага часу памер дапамогі зніжаецца на 50%. Пры гэтым варта адзначыць, што ў працуючай асобы з'яўляюцца прававыя гарантыі на іншыя выплаты па сацыяльным страхаванні, напрыклад дапамогі па часовай непрацаздольнасці, у тым ліку па доглядзе за хворым дзіцем.


— Я знаходжуся ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, хачу выйсці на работу на 0,5 стаўкі. Ці захаваюцца за мной сацыяльны водпуск і выплата дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў у поўным памеры?

Аляксандр Румак:

— Асоба, якая знаходзіцца па асноўным месцы працы (па займаемай пасадзе) у водпуску па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў, адначасова мае права працаваць на асноўным месцы працы, але па іншай вакантнай прафесіі, на іншай пасадзе, ці на іншым месцы працы, на ўмовах няпоўнага працоўнага часу (не больш за палову месячнай нормы працоўнага часу).

Калі ж такая асоба выйдзе на асноўнае месца працы на сваю пасаду, лічыцца, што яна прыступіла да работы на ўмовах поўнага або няпоўнага працоўнага часу — і водпуск па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў спыняецца.

Пры гэтым пералік відаў занятасці, пры якіх выплата дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў праводзіцца ў памеры 50%, вызначаны ў п. 3 арт. 13 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей».

Згодна з гэтым артыкулам памер дапамогі зніжаецца ў выпадку, калі асоба, якая ажыццяўляе догляд дзіцяці, працуе на ўмовах поўнага працоўнага часу ці няпоўнага працоўнага часу (больш за палову месячнай нормы працоўнага часу) у аднаго або некалькіх наймальнікаў.

Такім чынам, калі вы выходзіце на асноўнае месца працы і на сваю пасаду на 0,5 стаўкі, памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў не змяняецца, г. зн. выплачваецца ў поўным памеры, а водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў спыняецца.

У выпадку выхаду на работу па іншай вакантнай прафесіі, на іншую пасаду на ўмовах няпоўнага працоўнага часу (не больш за палову месячнай нормы працоўнага часу) водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў не спыняецца, і дапамога таксама выплачваецца ў поўным памеры.


— Я нарадзіла ў верасні двойню, стаяла на ўліку па цяжарнасці, але ў прыватным медыцынскім цэнтры. Ці будзе мне прызначана дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыі аховы здароўя ў раннія тэрміны цяжарнасці? І ў якім памеры?

Аляксандр Румак:

— Памер дапамогі жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, складае 100% найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму, дзеючага на дату нараджэння дзіцяці (дзяцей) незалежна ад колькасці народжаных дзяцей.

Падставай для яго прызначэння з'яўляецца заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі (далей — заключэнне УКК) аб тым, што жанчына ўстала на ўлік у арганізацыі аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, рэгулярна наведвала такую арганізацыю і выконвала загады дактароў-спецыялістаў на працягу ўсяго тэрміну цяжарнасці.

Варта адзначыць, што да 1 ліпеня 2017 года права на такую дапамогу мелі жанчыны, якія сталі на ўлік да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці толькі ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя.

З 1 ліпеня 2017 года жанчыны, якія сталі на ўлік у недзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, таксама маюць права на такую дапамогу, але толькі калі дзень узнікнення права на яе (дзень нараджэння дзіцяці) — не раней як 1 ліпеня 2017 года.

Улічваючы, што дзеці нарадзіліся ў верасні (пасля ўступлення ў сілу новых нормаў Закона), вы маеце права на гэту дапамогу ў памеры 100% БПМ.

Важна, што дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, гэтак жа як і аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, прызначаецца, калі заява аб прызначэнні дапамог пададзена не пазней за 6 месяцаў з дня нараджэння дзіцяці. Таму неабходна звяртацца па гэтыя дапамогі своечасова.


—У якіх выпадках бацькі дзіцяці-інваліда, якія адносяцца па заканадаўстве да катэгорыі занятых, маюць права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў?

Аляксандр Румак:

— Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў прызначаецца ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, як правіла, непрацуючым і не маючым іншых відаў занятасці маці (мачысе) ці бацьку (айчыму) у поўнай сям'і, аднаму з бацькоў у няпоўнай сям'і , усынавіцелю (удачарыцелю), апекуну (папячыцелю) дзіцяці-інваліда або іншай асобе, якая фактычна ажыццяўляе догляд дзіцяці-інваліда.

Да занятых асоб для мэт прызначэння гэтай дапамогі адносяцца асобы, названыя ў п. 4 арт. 18 Закона «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей».

Разам з тым з 1 ліпеня 2017 г. арт. 18 Закона «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей» (у рэдакцыі ад 30.06.2017) права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў пашырана і прадастаўлена маці (мачысе) ці бацьку (айчыму) у поўнай сям'і, аднаму з бацькоў у няпоўнай сям'і, усынавіцелю (удачарыцелю), апекуну (папячыцелю) дзіцяці-інваліда, якія:

  • працуюць на ўмовах няпоўнага працоўнага часу (не больш за палову месячнай нормы працоўнага часу) у аднаго або некалькіх наймальнікаў або выконваюць работу дома ў аднаго наймальніка;
  • з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, натарыусамі, адвакатамі, рамеснікамі, асобамі, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы аграэкатурызму, і прыпынілі дзейнасць у парадку, устаноўленым заканадаўствам;
  • з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі і не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць у сувязі са знаходжаннем у працэсе ліквідацыі;
  • знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў (водпуску па доглядзе дзіцяці, што прадастаўляецца па месцы службы) або акадэмічным адпачынку;
  • атрымліваюць пенсію (незалежна ад яе віду) альбо штомесячную страхавую выплату ў адпаведнасці з заканадаўствам аб абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў.

Такім чынам, калі адзін з бацькоў дзіцяці-інваліда (маці (мачаха) або бацька (айчым)) адносіцца да занятых на вышэйназваных умовах, ён мае права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў.


— У Беларусі існуе такая платная паслуга, як сацыяльная перадышка. Які кошт гэтай паслугі? Наколькі запатрабаваная гэтая паслуга ў сем'яў?

Аляксандр Румак:

— Сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, прадастаўляецца паслуга сацыяльнай перадышкі для вызвалення бацькоў (членаў сям'і) ад догляду дзіцяці-інваліда на пэўны перыяд (не больш за 28 сутак у каляндарным годзе) у мэтах прадастаўлення ім магчымасці для аднаўлення сіл, вырашэння сямейна-бытавых пытанняў.

Гэтая паслуга арганізавана ва ўсіх дамах-інтэрнатах для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця краіны. Яна платная. Разам з тым сям'я, якая выхоўвае дзіця-інваліда, адпраўляючы яго ў дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў, не пазбаўляецца мер сацыяльнай падтрымкі (пенсія, дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў і інш.), а таксама іншых ільгот у адпаведнасці з заканадаўствам.

Плата за паслугі сацыяльнай перадышкі фарміруецца ў асноўным з улікам кошту харчавання. У сярэднім яе памер складае 112 рублёў. За 2016 год і першае паўгоддзе 2017 года паслугамі сацыяльнай перадышкі скарысталіся 47 сем'яў.


— Дапамогу на дзяцей, якія знаходзяцца ў краіне менш за два месяцы ў годзе, плаціць не будуць. Але ж часцей за ўсё на гэтых дзяцей не плацяць дапамогі і ў іншых краінах. Атрымліваецца, што бацькі такіх дзяцей не будуць атрымліваць выплаты ні ў адной краіне. Ці не плануецца перагледзець такі парадак выплат? Ці былі звароты з гэтай нагоды?

Марына Арцёменка:

— Такой нормы ў дзеючым заканадаўстве няма. Гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра норму па выездзе дзяцей, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, за межы краіны на тэрмін больш за два месяцы. Згодна з арт. 24 выплата дзяржаўных дапамог спыняецца ў выпадку выезду дзіцяці за межы Беларусі на тэрмін больш за два месяцы. Гэтая ўмова не распаўсюджваецца на дзяцей, бацькі якіх працуюць у дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах Беларусі, і дзяцей, якія выехалі за межы краіны для атрымання медыцынскай дапамогі. Пры вяртанні на тэрыторыю краіны выплата дапамогі, прыпыненая ў сувязі з выездам, аднаўляецца з дня звароту па яе прызначэнне.

Варта адзначыць, што дзяржаўныя дапамогі прызначаюцца на дзяцей, якія не толькі зарэгістраваныя ў нашай краіне па месцы жыхарства, але і фактычна пражываюць тут.

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Дзіця, дапамогі, праца...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.