Вы тут

Паміж навукай і творчасцю будуць пралягаць прафесіі будучыні


Якія спецыялісты будуць запатрабаваныя ў перспектыве? Што трэба рабіць сёння, каб заўтра не апынуцца на ўзбочыне тэхнічнага і тэхналагічнага прагрэсу? Якія кампетэнцыі развіваць, якія педагагічныя тэхналогіі выкарыстоўваць? Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі першага навукова-практычнага STЕM-форуму, які прайшоў у бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій.


У Ака­дэ­міі крэ­а­тыў­ных тэх­на­ло­гій для дзяў­чат ма­тэ­ма­ты­ка, фі­зі­ка, пра­гра­ма­ван­не вы­кла­да­юц­ца праз мас­тац­тва, ды­зайн, му­зы­ку і ін­шыя ці­ка­выя рэ­чы.

Футуралагічны прагноз

Як зазначыў у сваім выступленні дырэктар адукацыйнага цэнтра ПВТ Вадзім ЗЕЛЯНКОЎ, у ХVІ стагоддзі існавала прыкладна чатыры тысячы прафесій і рамёстваў, у 1767 годзе іх было ўжо прыкладна сем тысяч, а ў наш час — каля ста тысяч. У наступныя 20—30 гадоў з'явяцца прафесіі, 90 працэнтаў якіх нам пакуль невядомыя, і тэхналогіі, пра якія мы пакуль не ведаем. Тэхнічны дырэктар Gооglе, вядомы футуролаг і адзін з галоўных даследчыкаў у галіне штучнага інтэлекту Рэй Курцвейл за 25 гадоў прадказаў шмат тэхналогій, якія цалкам ці часткова былі рэалізаваныя ў рэальным жыцці. Нядаўна ён агучыў прагноз да 2045 года.

На яго думку, у 2020 годзе персанальныя камп'ютары дасягнуць вылічальнай магутнасці, параўнальнай з чалавечым мозгам. У 2024 годзе элементы камп'ютарнага інтэлекту стануць абавязковымі ў аўтамабілях, і людзям забароняць садзіцца за руль не абсталявананай камп'ютарнымі памочнікамі машыны. У 2025 годзе прагназуецца з'яўленне масавага рынку гаджэтаў-імплантантаў. У 2027 годзе персанальны робат, здольны на аўтаномныя складаныя дзеянні, стане такой жа звыклай рэччу, як халадзільнік ці кававарка. У 2029 годзе камп'ютар зможа прайсці тэст Ц'юрынга на «чалавечнасць». Гэта стане магчымым дзякуючы камп'ютарнай сімуляцыі чалавечага мозгу. У 2031 годзе 3D-прынтары для друкавання чалавечых органаў будуць выкарыстоўвацца ў бальніцах любога ўзроўню. Дзякуючы нейраімплантам і нанаімплантам чалавек істотна пашырыць свае магчымасці. 2038 год — любы навык можна будзе спампаваць, як у фільме «Матрыца».

2040 год — пошукавыя сістэмы стануць асновай для гаджэтаў, якія будуць ужыўляцца ў арганізм чалавека. Пошук будзе весціся не толькі з дапамогай мовы, але і думак, а вынікі пошукавых запытаў будуць выводзіцца на экран лінзаў ці акуляраў. 2041 год — прапускная здольнасць інтэрнэту стане ў 500 мільёнаў разоў большай, чым сёння. У 2045 годзе чакаецца наступленне эры тэхналагічнай сінгулярнасці. Зямля пераўтворыцца ў адзін гіганцкі камп'ютар...

— Для таго каб праграмаваць квантавыя камп'ютары, трэба ведаць квантавую механіку, а яе на Зямлі разумее толькі адзін чалавек з 10,5 тысячы. Калі вы спытаеце мяне, якім будзе праграмаванне заўтра, то я вам адкажу — яно будзе квантавым, а для таго каб быць у гэтай сферы паспяховым, трэба разбірацца ў вышэйшай матэматыцы, квантавай механіцы і фізіцы, — падкрэслівае Вадзім Зелянкоў.

Робататэхніка развівае навыкі ХХІ стагоддзя: уменне ставіць мэты, шукаць шляхі іх вырашэння, выкарыстоўваючы наяўныя рэсурсы, развіваць навык работы з інфармацыйнымі рэсурсамі.

Запрашае STЕM-парк

— Мяне, як настаўніка матэматыкі, вельмі хвалюе пытанне, як захапіць дзяцей вывучэннем гэтай дысцыпліны, як даказаць яе важнасць, — канстатуе каардынатар праекта STЕM-парк Ірына АДАМОВІЧ. — Вучні ўсё радзей выбіраюць матэматыку на ЦТ, яны не жадаюць вучыць яе ў школе, а калі і здаюць пры паступленні, то высокімі баламі, на жаль, не радуюць. У той жа час на адным з папулярных парталаў зараз прадстаўлена каля 300 вакансій ІТ-спецыялістаў. Пры гэтым 20 працэнтаў людзей, якія працуюць у ІТ-галіне нашай краіны, не з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі. Рынку працы патрабуюцца спецыялісты пэўнага профілю, але выпускнікі школ неахвотна выбіраюць тэхнічныя спецыяльнасці.

STЕM-парк — гэта новы фармат дадатковай адукацыі, які рэалізуецца ў Барысаве на базе 20-й сярэдняй школы.

— Усяго за паўгода з невялікага NЕT-клуба, які наведвалі з дзясятак чалавек, мы пераўтварыліся ў STЕM-парк з камандай з 11 настаўнікаў і ахопам больш як 200 навучэнцаў з першага па дзясяты клас, — расказвае Ірына Адамовіч. 
— Заўважу, што размова ідзе пра самую звычайную гарадскую школу. З 1 верасня ў STЕM-парку пачалі працаваць шэсць лабараторый, у якія прыйшлі 15 груп навучэнцаў. Дзеці будуць вывучаць легаканструяванне, робататэхніку, праграмаванне, кіраванне беспілотнымі лятальнымі апаратамі. І ўсё гэта на бясплатнай аснове! STЕM-парк — гэта набор аб'яднанняў па інтарэсах, дзе навучэнцы вырашаюць задачы практычнага зместу і развіваюць інжынерна-праектнае мысленне, якое ўключае цэлы блок: гэта і тэхнічнае мысленне (веданне прынцыпаў работы тэхнічнага ўстройства), і даследчае, калі вучань умее выдзяляць навізну нейкага аб'екта і супастаўляць яго з іншымі, рабіць высновы, прапаноўваць гіпотэзы. І канструктыўнае мысленне, калі навучэнец можа скласці план дасягнення мэты, і эканамічнае, калі выхаванец вучыцца бачыць вынік працэсу і можа ацаніць яго якасць. Пад канкрэтны праект мы набіраем каманду ў лабараторыю праектаў ці гатовых рашэнняў. Напрыклад, зараз у нас ёсць заказ на англійскую мову для беспілотных лятальных апаратаў: дзецям патрабуецца не толькі праграмаванне, але і веданне тэхнічнай англійскай мовы. Плюс у парку дзейнічае лабараторыя медыятэхналогій. 

У навучання ў STЕM-парку ёсць шмат «фішак» — клубная атмасфера, камандная работа, арганізацыя сустрэч з прадстаўнікамі ІТ-галіны, экскурсіі ў Парк высокіх тэхналогій і ІТ-кампаніі, удзел у ІТ-летніках, робатурнірах, конкурсах па Sсrаtсh-праграмаванні, кіраванні беспілотнымі лятальнымі апаратамі і г. д.

«Я, як каардынатар праекта, вельмі спадзяюся на тое, што мы, каманда настаўнікаў, зможам захапіць вывучэннем дакладных навук праз вырашэнне задач практычнага зместу яшчэ больш навучэнцаў, — падкрэслівае педагог. — Мы імкнёмся паспрыяць развіццю ў дзяцей не толькі інжынерна-праектнага мыслення, але і якасцяў, якія будуць запатрабаваныя ў прафесіях будучыні».

Фізіка для «прынцэс»

Па словах дырэктара адукацыйнага цэнтра STЕMLАB Любові КРЫЛОВАЙ, ёй даволі часта даводзіцца чуць ад школьнікаў, якія мараць стаць праграмістамі (а чаму мараць? Таму што тыя добра зарабляюць...), фразы накшталт «А навошта мне фізіка і матэматыка»?

— Калі ў школе пачынаецца курс фізікі, на ўроках ад нейкіх цікавых і практычных рэчаў вельмі хутка пераходзяць да формул і задач і сувязь фізікі з навакольным светам практычна адсутнічае. Тое ж адбываецца і на ўроках матэматыкі: навучэнцы рашаюць квадратныя ўраўненні, а навошта яны гэта робяць, не разумеюць. Міжпрадметныя сувязі адсутнічаюць. Што такое STЕM? Абрэвіятура расшыфроўваецца як «sсіеnсе, tесhnоlоgу, еngіnееrіng і mаthеmаtісs» — «прыродазнаўчыя навукі, тэхналогіі, інжынерная справа і матэматыка», — тлумачыць Любоў Крылова. — Мы ў сваім цэнтры спрабуем рэалізоўваць праекты, якія звязваюць гэтыя прадметы паміж сабой. І я не пагаджуся з тым, што жанчынам у навуцы не месца. Мой досвед сведчыць, што дзяўчаты хлопцам не саступаюць.

Дарэчы, летась у сталіцы адкрылася Акадэмія крэатыўных тэхналогій для дзяўчат (ІT Рrіnсеss Асаdеmу). Гэты праект прасоўвае ідэю жаночай тэхнічнай адукацыі. Узрост «прынцэс» — ад 7 да 15 гадоў. У Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША і іншых краінах школы з асобным навучаннем вельмі папулярныя. Лічыцца, што хлопчыкі і дзяўчаты па-рознаму засвойваюць вучэбны матэрыял, а звычайная школа заахвочвае «мужчынскі» тып паводзінаў, фарміруючы стэрэатып: дакладныя навукі і высокатэхналагічныя галіны — не для дзяўчат. Між іншым, дзякуючы камфортнаму адукацыйнаму асяроддзю, тыя цудоўна рэалізоўваюць сябе ў дакладных навуках. Яны больш уседлівыя, прасцей успрымаюць сістэматызаваную інфармацыю, не любяць канкурэнцыю і саперніцтва.

— Калі нашы выхаванкі знаходзяцца адасоблена ад хлопчыкаў, ствараецца абсалютна бяспечнае і камфортнае асяроддзе: яны не канкурыруюць за ўвагу навакольных, не саромеюцца задаваць пытанні, не баяцца памыліцца, — тлумачыць «феномен» жаночай адукацыі кіраўнік ІT Рrіnсеss Асаdеmу Валерыя КРЫВАШЭЕВА. — Ва ўмовах сепаратнага навучання дзяўчаты становяцца больш упэўненымі ў сабе, у іх павышаецца самаацэнка, фарміруюцца лідарскія якасці. Так, яны не вераць у далёкія перспектывы, маўляў, калі ты сёння будзеш вучыць матэматыку, то праз шмат гадоў станеш класным праграмістам і будзеш запускаць касмічныя караблі, а жадаюць бачыць хуткі вынік — тут і зараз, і мы ім гэта забяспечваем. Як жа нам удалося зрабіць дакладныя навукі і праграмаванне цікавымі для дзяўчат? Мы спалучылі іх з мастацтвам. Матэматыка, фізіка выкладаюцца праз мастацтва, дызайн, музыку і іншыя цікавыя рэчы. Упор робіцца на ўласныя праекты. Можна, напрыклад, стварыць калекцыю моды (фэшн-калекцыю), 3D-гульню, запусціць відэаблог, запісаць музычны трэк, асвоіць фотарэтуш. Дзяўчынкі знаёмяцца з электроннай музыкай, вывучаюць прафесійныя праграмы яе стварэння, вучацца апрацоўваць гук, ствараць свае трэкі, становяцца кампазітарамі, гукарэжысёрамі, аранжыроўшчыкамі. Мы вучым дзяўчат і фізіцы, і музыцы адначасова з дапамогай, напрыклад, садавіны. Кожны фрукт мае сваё гучанне, дакранаючыся да кожнага з іх яны ствараюць свой трэк. Важны раздзел праграмы — навыкі для жыцця: работа ў камандзе, камунікатыўнасць, стварэнне стылю, іміджу, крытычнае і крэатыўнае мысленне.

У акадэміі выкарыстоўваецца новы падыход да напаўнення навучальнага плана (навука, тэхналогіі, інжынерыя, матэматыка плюс мастацтва). Ён стварае баланс паміж творчым пачаткам і тэхналагічным,тым самым палягчае вывучэнне тэхнічных дысцыплін.

Дарэчы, у пачатку 1990-х гадоў фізіёлаг Р. Рут-Бернштэйн вывучыў 150 біяграфій самых вядомых навукоўцаў ад Пастэра да Эйнштэйна. Як высветлілася, амаль усе вынаходнікі і навукоўцы былі таксама музыкантамі, мастакамі, пісьменнікамі або паэтамі: Галілей — паэтам і літаратурным крытыкам, Морзэ — мастаком-партрэтыстам, Эйнштэйн іграў на скрыпцы і г. д.

На думку многіх навукоўцаў, супрацьпастаўленне навукі і мастацтва непрадукцыйнае, і абодва гэтыя кірункі трэба развіваць у тандэме. Спроба актывізаваць адукацыю толькі ў кірунку навукі, інжынернай справы і матэматыкі без паралельнага развіцця Аrts-дысцыплін можа прывесці да таго, што маладое пакаленне будзе пазбаўлена крэатыўнасці. Толькі адзінства дакладных навук і гуманітарных падыходаў дапаможа выхаваць усебакова развітых спецыялістаў, вынаходнікаў і наватараў у сваёй сферы. Таму сёння ва ўсім свеце расце армія прыхільнікаў пераходу ад STЕM-адукацыі да STЕАM-адукацыі (тыя ж навукі плюс творчасць). У краінах, дзе развіваюць высокатэхналагічную вытворчасць, STЕАM-адукацыя, якая развівае крэатыўныя навыкі, становіцца прыярытэтнай.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто купляе каралеўскую птушку?

Хто купляе каралеўскую птушку?

Фазанавая ферма ў Гродзенскім раёне павялічвае кола спажыўцоў.

Грамадства

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Напярэдадні Дня маці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правяло анлайн-канферэнцыю «Дзяржаўная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей.