Вы тут

Мастак-грымёр — пра працу з «зоркамі» і бутафорскую кроў


...Сталічная вуліца Зыбіцкая вядомая сваімі гучнымі вечаровымі тусоўкамі. Але ў час нашага візіту прычына ажыятажу была зусім іншая. Раніцай тут выстраілася цэлая чарга з аўтамабіляў і фур з лагатыпам кінастудыі «Беларусьфільм» — раён часова стаў здымачнай пляцоўкай для новага фільма пад назвай «Прынцэса і тыгр». Адна з машын была непадобная да іншых — цераз шкло фургона можна было разгледзець мабільную «грымёрку» з люстэркамі, умывальнікам і нават... ложкам. Яе «гаспадыня» — Вера ДАРДЗЮК, дзяўчына ўжо пяць гадоў працуе на кінастудыі мастаком-грымёрам. Ці цяжка працаваць з «зоркамі» і як зрабіць бутафорскую кроў, яна расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».


Умен­не кан­так­та­ваць з людзь­мі —  ад­на з га­лоў­ных пра­фе­сій­ных рыс.

Самае складанае — чаго «няма»

— У прафесію я прыйшла амаль дзесяць гадоў таму, — успамінае Вера. — Як і большасць маіх калег, трапіла ў кіно з іншай сферы. Прыехала ў Мінск вучыцца з Кобрыншчыны, закончыла Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж па спецыяльнасці «цырульнік-візажыст». На апошнім курсе пачала падпрацоўваць у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры. Там пазнаёмілася з мастаком па грыме, якая пачала запрашаць мяне на здымкі кіно. У той жа час праходзіла практыку ў салоне прыгажосці, таму было з чым параўноўваць, і я зразумела, што гэта сфера мяне цікавіць больш.

Профільнай адукацыі для грымёраў у Беларусі няма. За савецкім часам такіх спецыялістаў рыхтавалі, напрыклад, на Маскоўскай і Адэскай кінастудыях. Цяпер жа пераважная частка работнікаў прыходзіць з цырульняў і салонаў прыгажосці. Фактычна, гэта прафесія захоўваецца ў выглядзе рамесніцтва, бо галоўны шлях атрымання ведаў — ад старэйшых супрацоўнікаў. Так было і з Верай — яна вучылася ўсяму «на месцы», калі яе работу кантралявала больш дасведчаная калега.

— Скажу, што праца грымёра моцна адрозніваецца ад работы таго ж візажыста, — сцвярджае дзяўчына. — Напрыклад, спектр матэрыялаў, з якімі мы працуем, значна большы. Падчас работы трэба абавязкова кантактаваць з рэжысёрам, каб разумець яго задуму. Ды і наогул, цяперашняя тэхніка перадае ўсё вельмі дэталёва — на вялікім экране кожная хіба будзе заўважнай, таму трэба рабіць усё максімальна дасканала. Мяркую, што самы складаны грым — той, што «без грыма», калі твар трэба проста перадаць максімальна натуралістычна.

Як састарыць на 40 гадоў

— Першая карціна, на якой я працавала, называлася «Птушка шчасця», — кажа грымёр. — Гэта быў серыял, які здымаў рэжысёр Аляксандр Колбышаў. Карціна сучасная, таму грым быў не надта складаны. Галоўная цяжкасць у тым, што напачатку ты не разумееш, што ў прынцыпе адбываецца на пляцоўцы. Шмат людзей, кожны адказвае за свае пытанні — няпроста з усім гэтым разабрацца. Трэба зразумець механізм работы здымачнай групы, а ўжо потым будзе лягчэй. Складана працаваць у гістарычным кіно, бо там трэба ведаць вельмі шмат дэталяў, шукаць нейкія дакументальныя звесткі, каб не дапусціць «ляпаў». Я чытаю гістарычную літаратуру, знаёмлюся з фотаздымкамі, каб зрабіць правільны грым. Прычоскі, адзенне — усё трэба спраўдзіць. Але ў эпоху інтэрнэту гэта не складана.

Акрамя «Беларусьфільма», дзяўчына падпрацоўвае на асобных камерцыйных праектах, напрыклад, здымках рэкламы. Гэта вымушаная мера, характэрная для большасці грымёраў, — работы не так шмат, а заробак прадстаўнікоў згаданай прафесіі залежыць выключна ад аб'ёмаў выкананага. Многія, напрыклад, падпрацоўваюць у расійскіх серыялах — усходнія суседзі любяць здымаць у Беларусі і забяспечваюць работай нашых спецыялістаў.

— Самы складаны грым, які я рабіла? — перапытвае дзяўчына. — Не магу сказаць, што было цяжка, проста цікавей: неяк для тэатра пластыкі «ІнЖэст» замовілі работу, падчас якой трэба было падрыхтаваць акцёраў да выступлення на Хэлоўін. Накладвала так званы пластычны грым — матэрыялы не проста наносяцца пэндзлікам на скуру, замест гэтага да твару прымацоўваюць разнастайныя пластыкавыя налепкі і накладкі. Іх загадзя рыхтуюць у спецыяльных сіліконавых формах іншыя спецыялісты — пластычныя грымёры, а мы ўжо робім, каб усё выглядала натуральна і арганічна. Акрамя таго, многіх трэба было састарыць на 20—40 гадоў — зрабіць Бабу Ягу і іншых герояў. Праца не з простых, але вельмі цікавая! Такая магчымасць выпадае рэдка, бо з фінансавага пункту гледжання такі грым — вельмі дарагі.

Ра­бо­та з ма­соў­кай  так­са­ма вель­мі ад­каз­ная.

«Кроў» з чароўнай торбы

— Не магу сказаць, што бяруся абсалютна за любую работу, — кажа Вера. — Выбіраю найперш з таго, што мне самой цікава, спрабую атрымаць досвед. Глупствам будзе лічыць, што грымёры не вывучаюць сцэнарыі — яшчэ як чытаем! Калі гэтага не зрабіць, здараюцца смешныя сітуацыі. Неяк, памятаю, у адной з карцін атрымалася так, што пасля мантажу дзяўчына выходзіла сустракаць хлопца з распушчанымі валасамі, у доме была з коскамі, а праводзіла госця ў хустцы...

Цікавы момант — матэрыялы для работы грымёры звычайна набываюць самі, пераважна з іншых краін праз інтэрнэт. У Беларусі спецыяльных крам з імі няма. Дзяўчына сцвярджае, што ўся «старая школа» грымёраў увогуле рабіла грым «на каленцы» са спадручных матэрыялаў. Такі падыход нярэдка выкарыстоўваецца і цяпер. Вера кажа, што сама рыхтуе... штучную кроў. Фірмовы рэцэпт дзяўчына не раскрыла (у кожнага прафесіянала свае сакрэты), але растлумачыла, што ў аснове — кляновы сіроп і фарбавальнікі. Вядома, такая праца вымагае стратэгіі «ўсё сваё нашу з сабой». Але калі вы ўяўляеце сабе невялікі партфель з касметыкай, фарбамі і пэндзлямі, то глыбока памыляецеся — запасы матэрыялаў Вера захоўвае ў велізарных дарожных торбах.

Вусы не адклейваюцца!

Звычайны працоўны дзень выглядае так: пасля прыезду на пляцоўку і ўстаноўкі «базы» пачынаецца падрыхтоўка акцёраў да першай сцэны. Над гэтым працуюць галоўны грымёр і яго памочнікі. У сярэднім на аднаго чалавека сыходзіць хвілін 40. Пры гэтым акцёраў можа быць вельмі шмат. Апроч таго, калі ў сцэне прымае ўдзел масоўка, то трэба зрабіць грым і для яе, няхай і не так дэталёва. Затым задача грымёра толькі ў кантролі — цэлы дзень спецыялісты сочаць за тым, каб усё заставалася «на сваім месцы». Калі запланаваны здымкі іншых сцэн — працэдура паўтараецца. Рабочы дзень абмежаваны толькі знешнімі фактарамі, напрыклад, светлым часам сутак. Па словах Веры, звычайна ў яе за месяц выходзіць каля двух з паловай дзясяткаў рабочых дзён.

— Самыя складныя здымкі ў мяне былі ў Крыме — серыял «Трукач» пра каскадзёраў (такое своеасаблівае кіно пра кіно), — кажа грымёр. — Было шмат эпох: ад 30-х гадоў да канца 90-х мінулага стагоддзя. Трэба было штодзень «апрацаваць» усіх: і першых акцёраў, і акцёраў умоўнай «здымачнай групы», і масоўку — усяго каля 150 чалавек. Так, калі здымалі 60-я, усім трэба было зрабіць бакенбарды, зачосы і гэтак далей. Лакацыя была за дзве гадзіны язды ад месца жыхарства, таму выходзіць з дому прыходзілася недзе а чацвёртай гадзіне раніцы, а ўжо ў шэсць пачыналі працаваць. Працягвалася гэта прыкладна тыдзень — неверагодна цяжка. Часам на рабоце стамляешся так, што не памятаеш, каму што накладвала — неяк на здымках адной карціны тузалі акцёра за сапраўдныя вусы, бо думалі, што гэта грым.

Дарэчы, далёкія падарожжы — таксама неад'емная частка работы грымёра. Так Вера пабывала ў Расіі, Грузіі, Чарнагорыі, Украіне. Часам выезды займаюць некалькі тыдняў, а бывае — да некалькіх месяцаў. Цяпер вось у планах дзяўчыны паездка ў Рэспубліку Адыгея.

«Галіцца!» І без слоў...

— «Прынцэса і тыгр» — дзіцячы фільм, і гэта ўплывае на спецыфіку работы, — канстатуе дзяўчына. — Вялікая частка акцёраў — дзеці. Яны вельмі актыўныя, іх цяжка кантраляваць. Мой сакрэт — трэба сябе паводзіць з імі, як з дарослымі людзьмі, тады і яны будуць ставіцца да работы адпаведна. Наогул, грымёру трэба быць тонкім псіхолагам. Самі ведаеце, акцёры — гэта асобы, якіх лёгка пакрыўдзіць, таму трэба шукаць свае падыходы. Яны настройваюцца на здымкі, уваходзяць у ролю, таму могуць па-рознаму зрэагаваць на намаганні грымёра. Хапала рознага — нават парыкамі неяк у мяне кідаліся. Але часцей за ўсё акцёры — пазітыўныя людзі. Працавала з самымі рознымі асобамі, у тым ліку з «зоркамі». Напрыклад, неяк былі здымкі з Наталляй Падольскай — абсалютна адкрытая і простая дзяўчына. Адразу ж прафесійна паставіла мэту, я прапанавала сваё бачанне, і мы хутка знайшлі кампраміс.

Якраз у гэты момант у фургон заходзіць першы з акцёраў. Яго твар упрыгожваюць шыкоўныя вусы (так, так!), але вось нечаканка — у «Прынцэсе і тыгры» яго герой не мае расліннасці на твары. «Будзем галіцца» — выносіць Вера свой вердыкт. Мужчына пагаджаецца з дзіўнай лёгкасцю. Такая яна — работа акцёра.

— Я думаю, што выбар прафесіі ў мяне быў правільны, — лічыць дзяўчына. — Мне падабаецца, што кожны дзень я ўдзельнічаю ў нечым новым, няма аднастайнасці. Цярпець не магу руціну, таму лепшага варыянта для мяне і быць не магло. Калі казаць пра тое, што не падабаецца, то гэта шалёны графік жыцця, калі нават запланаваць нешта немагчыма. Выхадныя, адпачынак — усё не пра нас. Акрамя таго, я проста люблю мастацтва кіно. Асабліва мне падабаецца «нямая» эпоха. Як у той час і з тымі магчымасцямі людзі стваралі такія шэдэўры, мне абсалютна незразумела — гэта такі маленькі цуд. З сучасных рэжысёраў вельмі люблю Звягінцава («Нелюбоў» мне дужа спадабалася), атрымліваю задавальненне ад Балабанава. З замежных фільмаў вылучыла б «Воблачны атлас» — там адзін акцёр іграў пяць роляў, і розніца ў вобразах дасягалася якраз пры дапамозе грыму. Ці гляджу сама стужкі, на якіх працавала? Звычайна не, бо амаль заўсёды героі ў кадры выглядаюць не зусім так, як я таго хацела. Таму лічу за лепшае не расчароўвацца.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Зрабіць» твар, ці Навошта грымёру кляновы сіроп

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто купляе каралеўскую птушку?

Хто купляе каралеўскую птушку?

Фазанавая ферма ў Гродзенскім раёне павялічвае кола спажыўцоў.

Грамадства

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Напярэдадні Дня маці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правяло анлайн-канферэнцыю «Дзяржаўная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей.