Вы тут

Зачапілі за жывое


Мы, як вядома, розныя — па самой прыродзе, па жыцці. Мужчыны, жанчыны, падлеткі, састарэлыя, студэнты і сталявары, бландзінкі і каравокія... («— Зіновій, як зразумелі, што вы — брутальны мужчына? — Маці сказала».) У той жа час — як людзі, соцыум — калі і не аднолькавыя зусім, дык у нечым падобныя. («— Ты разбіраешся ў людзях? — А чаго тут разбірацца! — Хто мяне любіць — той добры».) Мабыць, таму ў самой прыродзе чалавека закладзена гэтая ўласцівасць — вылучацца сярод іншых. («Сёння ўстаў а шостай гадзіне раніцы. Увага! Трук выкананы прафесіяналам. Не спрабуйце паўтарыць гэта дома!») Канешне, найперш хочацца гаварыць пра талент, разумовыя здольнасці, інтэлект, багаты ўнутраны свет, фізічную сілу...


Хочацца, але ў жыцці ўсё часам бывае куды больш празаічна. («— Ты кім у дзяцінстве марыў стаць? — «Свабодная каса» крычаць! — Нішто сабе!.. Добра, давай скафандр апранай. Сонечную батарэю трэба мяняць».) Калі вышэйназваных якасцяў бракуе, а тая самая прырода патрабуе вылучыцца? Як там гаварыў адзін з галоўных герояў старога мульціка «80 дзён вакол свету» Філеас Фог? «Выкарыстоўвай тое, што пад рукою і не шукай сабе іншага!» А што ў нас заўсёды пад рукой? Мы самі! Тут галоўнае — як распарадзіцца такім багаццем... І, вядома ж, наперадзе планеты ўсёй у гэтай справе прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. («Ва ўсіх праблемах адзін пачатак... Сядзела жанчына... Сумавала...»)

А пачну з парадоксу. («Памятаю, як школьны настаўнік працоўнага навучання сказаў нам: «Жыццё — гэта вам не гэта». І, ведаеце, з таго часу ніводная філасофская сістэма не змагла абвергнуць гэтую гарманічную канцэпцыю».) Зараз мадэльны свет захопліваюць дзяўчаты з незвычайнай знешнасцю. Пад апошняй маюцца на ўвазе радзімыя плямы і нават вітыліга (захворванне скуры), якія часам пакрываюць ці не ўсё цела... Дзяўчаты і не думаюць хаваць гэта ад навакольных і выдаляць плямы, хоць многіх з іх дражнілі (і дражняць) амаль усё жыццё, параўноўваючы то з бананам, то з гепардам. Яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў сеціве, маюць дзясяткі тысяч падпісчыкаў у «Інстаграме», заключаюць кантракты з вядомымі мадэльнымі агенцтвамі! Дзяўчаты «гнуць сваю лінію», настойваючы на тым, што людзям не заўсёды варта падпарадкоўвацца грамадскай думцы. («Свабодны чалавек не адчувае нянавісці да панядзелкаў і не чакае пятніц».) Пагадзіцеся, гэта дарагога варта! Мадэлі здолелі пераўтварыць хібы прыроды ў своеасаблівую «фішку», якая насамрэч вылучае іх сярод іншых. Ці ўсё ж такі тут на першым месцы не знешнасць? («Прыгажосць выратуе свет. Толькі ўнутраная, а не вашы намаляваныя бровы».)

А вось з уладальніцай самых прыгожых ягадзіц Кітая апошнія сыгралі злы жарт. Пераможца ў нацыянальным спаборніцтве «пятых кропак», задуманым як «іх адказ» вядомаму бразільскаму конкурсу, паскардзілася на... лішак увагі з боку навакольных. Вось табе на! («Цяжкая жаночая доля: купіла туфлі — няма спадніцы. Купіла спадніцу — няма блузкі. Купіла блузку — няма курткі. Купіла куртку — няма сумкі. Купіла сумку — туфлі не падыходзяць!!!») 19-гадовая пераможца сама імкнулася стаць найлепшай у вышэйназванай намінацыі сярод 50 удзельніц конкурсу, паказаць, як той казаў, тавар «тварам», а цяпер гаворыць, што мусіць насіць мешкаватыя штаны, каб прыкрыць «пятую кропку». («— Нішто сабе, як ты вырасла! А ўсяго толькі месяц таму была маленькай. Як цябе ў вёсцы адкармілі! — Перастань размаўляць з маёй «пятай кропкай».) Дзяўчына скардзіцца, што апошняя нават становіцца нагодай для спрэчак паміж мінакамі. Неяк малады чалавек пахваліў фігуру пераможцы, і гэта паслужыла прычынай яго канфлікту з уласнай спадарожніцай. («А чаму мяне ніхто не папярэдзіў, што секс дзеля прымірэння павінен быць абавязкова са сваёй дзяўчынай?») Дык чым думала кітаянка, калі ўдзельнічала ў тым конкурсе, жадаючы быць не як усе? («— Прывітанне, вашай маці зяць не патрэбны? — Патрэбны! — ... — Што далей? — А вось так далёка я яшчэ не заходзіў».)

Ну, у папярэдняй гісторыі хоць усё натуральнае, прыроднае. А нямецкая мадэль з дзяцінства марыла быць падобнай на Брыджыт Бардо і Шэр, аднак дзяўчыну прыцягвала зусім не іх прыгажосць, а толькі тонкая талія. («Яна кожную ноч клалася на краі, каб прыйшоў ваўчок і адкусіў ненавісныя бакі».) І ў 30 гадоў зрабіла пластычную аперацыю — выдаліла сабе чатыры «лішнія» рабрыны. Цяпер у яе талія... 20 сантыметраў (на здымку). Дарэчы, выразаныя рэбры «прыгажуня» забрала пасля аперацыі сабе, каб... упрыгожыць іх брыльянтамі і прадаць на аўкцыёне. Гэта проста дадатковы штрых да разумення асобы. («Што падарыць чалавеку ў леапардавых ласінах, калі пачуццё густу ў яго ўжо ёсць?») Карацей, «гэта» трэба бачыць, хоць, па шчырасці, лепш бы не... («Сам мозг, зразумела, нябачны, але яго адсутнасць кідаецца ў вочы».) Мадэль ходзіць з цяжкасцю, не можа насіць сумку, сядзіць толькі ў спецыяльных крэслах... («Няма нічога больш простага, як ускладніць сабе жыццё».) Пры гэтым заяўляе, што для яе самой здароўе не мае значэння. Маўляў, галоўнае, гэта прыгажосць. Кажа, што мара збылася...

Скончыць хацелася б не столькі смешным, колькі філасофскім. «Я не ведаю, хто піша сцэнарый майго жыцця, але пачуццё гумару ў яго дакладна ёсць»...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто купляе каралеўскую птушку?

Хто купляе каралеўскую птушку?

Фазанавая ферма ў Гродзенскім раёне павялічвае кола спажыўцоў.

Грамадства

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Дакладныя адказы наконт дзяржаўных дапамог сем'ям

Напярэдадні Дня маці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правяло анлайн-канферэнцыю «Дзяржаўная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей.