Вы тут

Вулкан энергіі


Наталля Чорнагаловая запрашае аматараў мастацтва стаць удзельнікамі арт-квэсту


Мастачка Наталля Чорнагаловая.

У мастацкім асяроддзі кожны аўтар спрабуе стварыць імідж, дзякуючы якому яго пазнаюць у арт-прасторы. Здараецца так, што імідж набываецца па прадуманай канцэпцыі, а бывае, асоба мастака не патрабуе дакладнага плана ды стратэгіі. Менавіта так адбылося ў выпадку з брэсцкай мастачкай Наталляй Чорнагаловай, якая прыцягвае тэмпераментам і энергетыкай. На мінулым тыдні ў сталічнай галерэі ДК адкрылася выстаўка творцы, дзе больш як трыццаць мастацкіх твораў экспануюцца ўпершыню.

Праект мастачкі прадстаўлены ў фармаце арт-квэсту. Адна частка выстаўкі размешчана ў разнастайных кафэ і рэстаранах Верхняга горада, дзе гледачам прапануюць карту, па якой можна знайсці схаваныя творы. Пасля глядач адпраўляецца ў будынак галерэі, дзе дэманструецца асноўная частка экспазіцыі, прадстаўлены відэаматэрыялы пра жыццё і творчасць Наталлі Чорнагаловай. Дарэчы, аснову інтэрактыўнага праекта складаюць творы з прыватнай калекцыі бізнесмена і мецэната Алега Хусаенава.

Свае работы Наталля Чорнагаловая літаральна пражывае. Яна не стварае адмысловых праектаў і твораў, галоўнае для яе — адчуць імпульс.

— Ва ўсіх мастакоў у свеце ёсць канцэпцыя. У мяне яе няма, — падкрэсліла на адкрыцці праекта Наталля Чорнагаловая. — Пішу як адчуваю, сваімі работамі перадаю любоў да ўсяго свету. У творах я, можна сказаць, як танцорка, раблю вытанчаныя рухі насустрач любімаму гледачу. Я насычаюся бясконцай радасцю і энергіяй, якія знаходжу на дарагой радзіме, у Жыткавічах. Гэта мой маленькі астравок, дзе я нарадзілася, дзе сфарміравалася мая душа, дзе мой тата сустрэў маці. Менавіта прырода, прыгажосць родных мясцін дапамаглі мне адчуць жывапіс. Акрамя таго, што я мастачка, я яшчэ і проста жанчына, якая ўмее ўлоўліваць тонкасці і дэталі жыцця.

Вельмі прываблівае тэхніка, у якой працуе мастачка: яна стварае работы ў жанры абстрактнага экспрэсіянізму і малюе іх толькі рукамі і пальцамі, без дапамогі пэндзляў. Па словах Наталлі, пэндзлі перашкаджаюць ёй перадаваць моцную энергетыку напрамую. На адкрыцці праекта аўтар прадэманстравала, як звычайна адбываецца яе творчы працэс. Наведнікі фактычна ўбачылі майстар-клас, параўналі яго з перформансам — настолькі эмацыянальна творца працавала над палатном, якое, дарэчы, таксама стала часткай экспазіцыі.

«Дыяментавая мая Беларусь».

Эпатаж мастачкі далёка не ўсім даспадобы — неаднойчы даводзілася сутыкацца і з крытыкай у свой адрас. Але пазіцыю аўтар трымае моцна і не дазваляе нікому парушыць гармонію ўнутранага свету. — Ува мне жыве вулкан энергіі. Не ўсе могуць гэта прыняць, я разумею. Але і патушыць яго не магу і не жадаю. Мае палотны наўпрост адлюстроўваюць мой характар, патэнцыял. І я вельмі паважаю і шаную гледача, які ўмее бачыць не толькі візуальнае, але і разумее, чаму ў працах я выкарыстоўваю менавіта такія колеры, — падкрэслівае аўтар. — Кожны мае права на ўласны спосаб самавыяўлення. Хтосьці можа выдатна чытаць вершы ці пячы пірагі, а я выбіраю мастацтва, якое лечыць мяне ад дрэннага настрою, пахмурнага надвор’я, сумных вестак і г. д. Ведаю, што творчасць патрабуе ўдасканалення і пастаяннага пераасэнсавання як сябе, так і наваколля. У мяне працуе вобразнае мысленне, не думаю, калі ствараю: убачыла, прапусціла праз cябе і зрабіла энергетычны пасыл, у якім — не проста настрой, а пачуцці, якія фарміраваліся ўсё жыццё.

 Мастачка правяла больш за пяцьсот персанальных выставак у Беларусі. Яе работы з задавальненнем набываюць калекцыянеры розных краін свету. Крытыкі адзначаюць, што палотны мастачкі ўнікальныя не проста тэхнікай, а спалучэннем каларыстыкі, экспрэсіі і дынамікі.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Нязвыклая форма — заўсёды штуршок для пошуку.

Культура

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Дзе замежнікі вывучаюць савецкую архітэктуру.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра бунт малога, выпадак на ферме і цікавае выступленне на вяселлі.